Выбрать главу

Зайсці ў нашу былую кватэру, паказаць яе жонцы, а перш за ўсё пабачыць самому, я не змог, бо там не было нікога дома. Зайшлі мы толькі да Ігнатавых сваякоў па ягонай Веры Раманаўне. Старая мачаха, пажылая сястра па бацьку. Выпадкова, пасуседску пабачыўся там i з мамінай, нібы спрадвечнай сяброўкай, якая пляснула далонькамі i развяла ix, пачуўшы, чый я: «Господи, такой крошка был! Сколько же лет прошло?..» A ў іншым доме, цераз адзін, праясніўшы нумарацыю, якая змянілася, мы знайшлі нарэшце i засталі дома тых, каго хацелі пабачыць першымі.

Вузкі, бедны пакойчык. На тое мае, у сорак дзевятым, яшчэ маладое ўспрыманне — немаладая жанчына, як пішацца даўно i часта, са слядамі былое красы, не вельмі здаровая з выгляду. Надзя, «Надежда Ивановна Бриль». Беларуска, па бацьках зямлячка, з не надта далёкага ад Загора Бярозаўца. У дзявочым прозвішчы Трыбуць рускае вымаўленне даўно адкінула мяккі знак i пераставіла націск з другой на першую галосную — Трибуц. Нават такой беларускасці не засталося.

Праз нейкі месяц яна мне напіша: «...Вы все стоите перед глазами, особенно Вы, Ваничка (разрешите мне называть Вас так, как-то роднее),— как много общего у вас с Володей!..» А тады, спачатку, была таксама стрыманасць. «По некоторым причинам»? Аднак не доўга. Потым пайшлі i гутарка блізкіх людзей, i плач, i трохі смеху...

Віктар — бялявы, моцна загарэлы, быстры адэскі галубятнік i рыбак. У мамы,— яна мне сцішана расказвала,— быў клопат i страх, калі ён, у іхняй чуткай камунальнай камеры з дзвюма койкамі, малым сталом каля сцяны i традыцыйнай «керосинкой» у кутку, аднойчы закрычаў... «подумайте только!» — пра Сталіна: «Я ненавижу его! Он убил моего папу!..»

Набліжалася першае верасня, яму трэба было ў сёмы клас, а яшчэ не сабраўся, падручнікаў ды сшыткаў не купіў. Я тады, ужо трэці год, быў «пры грашах»: за той час выйшлі два зборнікі, вясной апублікавалася ў часопісе першая частка рамана. Мы былі з Віктарам адны ў пакойчыку, жанчыны выйшлі ў магазін. I вось я з грошай, якія заставался да Мінска, працягнуў хлопцу купюрыну: меншыя грошы былі ў жонкі. Ён сумеўся: «Мне никогда таких денег не давали. У мамы нет. Она мне не разрешила бы взять...» Заплакаць можна ад такога, але я стрымана i з няёмкасцю ўгаварыў яго ўзяць i пайсці, адразу цяпер, купіць усё, што трэба. Потым, калі ён хутка вярнуўся з бярэмем кніжак i сшыткаў, мы i далей былі адны ў пакоі, зноў трэба было ўгаворваць пляменніка рэшту пакінуць сабе. «Нет, дядя, я отдам их маме». Строгасць выхавання? Сталенне ў беднасці?.. Кранае гэта i помніцца. I вывад я для сябе зрабіў тады, на некалькі гадоў наперад...

Валя жыла асобна i з'явілася пазней. Сярод маіх пляменнікаў — большасць дзяўчат. Калі я ўпершыню ўбачыў «адэскую Валю» (ёсць i другія Валі, вясковыя), ix, пляменніц, было чатырнаццаць. Няёмка перабіраць, ацэньваць, але пятнаццатую, Валодзеву, я любіў, здаецца, найбольш. Перад усім, вядома, з-за яе трагічнага сіроцтва. Дый так, сама па сабе, яна была слаўная. Добрая, шчырая, шчабятліва-вясёлая. I ўся наша радня яе любіла. Гэта — пазней ужо, пасля таго, як я ўлетку пяцьдзесят дзевятага ездзіў на толькі што купленай «Волзе» ў адэскі дом адпачынку ўкраінскіх пісьменнікаў, а вяртаючыся адтуль, з прыемнасцю пачаставаў нашу Валю радзімай бацькоў. З жонкай, траіма дзецьмі i госцяй — на Кішынёў, Львоў, Брэст, з заездам у Белавежскую пушчу, i — у нашу сталіцу, Загора. Дзе жылі яе цётка i дзядзька. Тады ў суседнія Маласельцы, дзе яшчэ адзін дзядзька. Пасля ў «далёкае» па-ранейшаму, за цэлых семнаццаць вёрст, Палужжа, дзе найстарэйшая цётка. I ўсюды столькі дваюрадных, i ўсе так шчыра рады ёй!..

A ў сорак дзевятым убачыў яе i сапраўды «з першага позірку» палюбіў я першы.

...Два здымкі ў альбоме. Гляджу на ix — праз сорак гадоў пасля той першай сустрэчы.

На адным — дзве сям'і, абедзвюх Трыбуцянак, Надзі i яе старэйшай сястры. У тое хлопец i дзве дзяўчынкі, у нашай толькі маленькая Валя. Па выглядзе яе можна меркаваць, што было ў трыццаць трэцім або ў трыццаць чацвёртым годзе. Цыбаценькая, тады светлагаловая, яна сядзіць на бацькавых каленях, тварыкам вельмі падобная на таго, каго абняла тонкай ручкай за шыю., замкнутая ў кальцы ягоных рук, счэпленых спераду ў «клямары» вялікіх далоняў. Вясёленькая — побач з яго вялікай, пад машынку астрыжанай галавой i худым, чагосьці сумным тварам. Побач з тым, каго я ледзьледзь, «як праз сон», памятаю i не ведаю так, як трэба ведацца братам. Яна — як іскарка, што збліжае нас хоць так: з ім была ў маленстве, са мной у маладосці... Мець брата i так вось, больш як праз паўстагоддзя, пазнаваць яго вельмі здалёк, прыблізна, па здымках такое даўнасці — як гэта дзіўна, нязвычна да сцішнаватасці!