Выбрать главу

– Уяві толькі! – выгуквае мама. – Абмінуўшы рахункаводку і касірак, пасадзілі непісьменную прыбіральніцу!

А следчы сказаў Бабагруні, што Бабароза была “мазгамі афёры”. Гэта Бабароза – мазгі? Бабароза, якая за вочы атрымала ў суседак з Лодачнай мянушку Пісьменніца, бо не ўмела чытаць? Гэта Бабароза, якая, падказваючы нечы тэлефонны нумар, каб не пісаць лічбаў, мусіць браць апарат у рукі і паказваць на дыску, як яна той нумар набірае?

* * *

– Персей, ну, што ты мне ўсё тыцкаеш пад нос гэты фальклор пра свае дзетсадаўскія страхі? Колькі можна шмальцаваць той факт, што ты ў дзяцінстве баяўся бабулі, якая нібыта хацела цябе забіць?! – кажа Роні. – Вярніся да цяпершчыны, да нас з табою, Персей!

І дадае:

– Трэба нешта вырашаць тут і цяпер, зараз жа, ты гэта разумееш? Тут вядзецца пра нас, а не пра нейкую там – пры ўсёй маёй павазе – звекавалую свой век стогадовую бабку.

– СтоДЗЕВЯЦІгадовую прабабку, ПРАбабулю, GRANDgrandmother, – папраўляю яе я.

Інгліш у Роні куртаты, дзіравы, з яго раз-пораз выпінае, вывальваецца ейная нямецкая. Асабліва калі яна кажа крыху квакаючае “w” замест “в”, і заўжды мяккае “ль”. Ці трэба казаць, як мяне гэта ўзбуджае?

– Бабароза, можа, і старэнькая, – дадаю я, – але цяпер я жыву з ёй на адным паверсе, і мяне не можа не хваляваць тое, што яна…

Роні красамоўна маўчыць. Яе вочы колеру п’янай вішні раз’юшана круглеюць. Першы раз гэтыя вішні перыліся на мяне ў сваёй садавіннай бессаромнасці пры нашай першай сустрэчы ў Кішынёве. Калі Роні апавядае мне пра свае былыя каханні, яе вочы крыху блякнуць і адно гараць нязгаснымі вугалькамі з сярэдзіны. Робяцца вішняй на каньяку.

Роні – мініяцюрная (у галаве так і свідруе словакрот – “спартыўная”). Мускулістыя рукі – яна кажа, што ад прыроды, – і рухавая постаць. Пукатыя рэкі венаў, у якіх адчуваецца характар і досвед. Але пацанка. Апошнім часам носіць балахоністыя рэчы. Кажа, што гэта для таго, каб Томас, найгалоўнейшы пляткар з іх мюнхенскага офіса, пачаў плявузгаць, што яна зноў цяжарная. Тады, кажа Роні, ёй будзе прыемна.

Роні яшчэ студэнткай адна, без бацькоў, уцякла да Нямеччыны з Бухарэста ў 1988-м. Там памяняла імя з Аўрэліі на Роні.

Роні кажа, што пакінула ў Румыніі ўсё чыста: сям’ю, імя і мову. Кажа, мяняць сябе давялося на ўзроўні рэфлексаў. Рабіць усё, каб стаць немкай. Сябраваць толькі з мясцовымі. Нават па-ангельску Роні размаўляе з нямецкім, а не з румынскім акцэнтам.

– Гэта, Персей, усё роўна як надзяваць гарнітур з гальштукам і не здымаць яго нават вечарам у ложку, – кажа Роні ці то смехам, ці то сур’ёзна.

Даволі хутка яна зрабіла ў Нямечччыне кар’еру ў еўраструктурах, якія тады толькі будаваліся. Цяпер яна – высокапастаўленая чыноўніца і аўтарытэтная спецыялістка па Усходзе і краінах, якія прымыкаюць да Еўрасаюза. Яна шмат туды ездзіць, але толькі ў кароткія камандзіроўкі. Спецыялістка спецыялісткай, але ў Румынію на стала яна зусім не хоча.

Мы ў бары. Чарговая еўрапейшчына – брукаванка, старая фартэцыя на пагорку і магутная рака, выдае на Дунай. Азіраюся на антураж. Перагорнуты дагары нагамі расійскі трыкалор з разлапістым арлом робіць кавярню сербскай. Бялград.

Тутэйшыя кельнеры – распаўнелыя сельскія маладзёны, якія дарваліся да дармавой рэстараннай ежы. Але яны ўжо па-буржуазнаму ціхія і неназольныя. Навучаныя працаваць на перспектыву: калі кліенты мала заказваюць, значыць так трэба. Іх ангельская ўжо прымальная.

Вакол пануе маскуючае сутонне.

Я люблю гэтую першую нашую сустрэчу ў барах на ўскраіне. Мы з Роні заўжды прыходзім, калі вечаровы вір спадае. І застаемся датуль, пакуль кельнеры не пачынаюць знарочыста гучна размаўляць і хапатліва закідваць крэслы на сталы.

З Роні мы ўжо, вядома, павіталіся мімаходам на самім мерапрыемстве, мультыкультурным кірмашы “Балканфэст”. Нават здолелі цішком прытуліцца і даць буську за сметнікам. Але тут, у гаючым сутонні бара – ужо ўсё па-сапраўднаму. І вітанні, і абдымкі, і пацалункі. Пасля працы на кірмашы, а Роні – яшчэ і пасля дзелавой вячэры з бельгійскімі партнёрамі і яшчэ пасля дзелавога чыл-аўту ў клубе разам з аўстрыйскімі арганізатарамі фестывалю. Сюды, па-шпіёнску азіраючыся, мы прыйшлі паасобку.

– Гэта нават ужо не псіхалагічныя комплексы, Персей! – ніяк не ўрымсціцца Роні. – У псіхолагаў і тэрмінаў такіх няма, калі нехта панічна баіцца сваёй бабкі! Прабач, ПРАбабкі… Персей, шчыра, – гэта дзіка, не па-цывілізаванаму, я не хачу пра гэта размаўляць… Вось скажы праўду, любы, Бабароза і дагэтуль абцірае цябе голага алеем, калі ты прастуджваешся?