Выбрать главу

Я пэкаю і мэкаю. Нібыта Лоўрэнс Аравійскі, пасланы колісь лонданскім начальствам у пустэльню на выведку, я вярнуўся зачараваны бляскам Усходу. Атрымаўшы ад тубыльцаў дабротаў і ўзнагародаў, цяпер я адмаўляюся выдаваць сувораму шэфу, вусатаму генералу Эдмунду Аленбі новых сяброў.

Тым часам еўрапейская іерархія аднаўлялася ў бацькоўскім доме агнём і мячом. Я наноў прывыкаў да выхаваўчага чаргавання караў і заахвочванняў. Мама бязлітасна пасылала мяне ў краму па батон або загадвала вынесці вядро са смеццем. Сына навярталі ў рэальнасць, упіхваючы ў руку доўгі спіс абавязкаў. Справядлівае размеркаванне рэсурсаў, гэтак любае бацькам і гэтак пагарджанае дзядамі, зноў убіралася ў моц.

– Кожнаму з нас па два кубікі шакаладкі, Ігар, а большасць пліткі пакінем на заўтра, – кажа бацька, і да майго горла падкатваецца камяк крыўды:

“Чаму два, а не тры, чаму не чатыры? Чаму не ўся плітка?”

Улучыўшы хвіліну між экзекуцыямі, я зашываўся ў прыбіральню. Там, седзячы на ўнітазным вечку з няспушчанымі порткамі, у прыпадку няшчаснасці я мерна разгойдваўся. Размазваў слёзы па шчацэ. Заўтра ў нудотную школу, а я тут, сярод чалавечай лютасці, такі гаротны і пакінуты! Выдраны з мясам з райскіх садоў дзядоўскай мінуўшчыны. Вышпурнуты на мулкую пустку бацькоўскай цяпершчыны, голы ды смяротны!

Але ж бяда-гора трывалі нядоўга. Бо ўжо ў аўторак вечарам першая ластаўка, Бабаманя, як той сулейманавы джын, віхурай спускалася са сляпучых вяршыняў. Яна несла “кавалічак маннічку для ўнучачка”, салодкую камлыгу-мамалыгу вагою пад пяць кэгэ. Седзячы ў кухні і расчулена паўтараючы за мною глытальныя рухі, Бабаманя, жонка былога марскога афіцэра Дзедбарыса, імітавала абрывістыя каманды на гонары Балтыйскага флоту авіяносцы “Мінск”, які рэйдуе недзе ў Ціхім акіяне. Скручанымі колам рукамі Бабаманя дэманстравала абхоп карабельнай гарматы. Разгорнутай далонню рабіла ў паветры падрабязны накід траекторыі ўзлёту “якаў-38” з карабельнае палубы.

Пры дапамозе гэтага пажыўнага манніку і адмысловай серыі гучных і красамоўных паказаў на пальцах, я зноў злятаў з мулкай палубы горада Менск у бурлівае мора дзядоўскіх мрояў. Выпраўляўся ў тэрытарыяльныя воды іхніх далёкіх радзімаў. Я зноў, прынаджаны пажыўнымі гісторыямі і казачнымі слодычамі, увальваўся ў наркатычны транс. Трапляў у змененую свядомасць. І бацькоўскае выхаванне стрыманасці ды цвярозасці ішло сабаку пад хвост. Трапіўшы ў пазачарговы запой, я хадзіў летуценны, абыякавы да поклічу цяпершчыны. Рэальнасць выяўлялася крохкай на дотык. Рассыпалася, як згарэлая газета ад першага ўзвею лёгкай марынады, імітаванай губамі Бабамані.

– Сынок, хопіць спаць! – галёкае мама, калі я ўжо сотым разам забываю яечню на пліце, ды чарговая спаленая патэльня ляціць у сметнік. Бацька настолькі звыкся, што сын не адгукаецца і не слухае, ажно седзячы са мною ў адным пакоі, зварочвае голаў у матчын бок і кажа:

– Скажы Ігару, што…

…Усе дзядоўскія байкі пра мінулае заканцоўваліся паўторкам, які тычыўся іхняй цяпершчыны. Усё вянчаў велічны рэфрэн, падобны да ўрачыстай прысягі: “Ісціну кажу табе, Ігаль, Беларусь – поўнае закалдычча!”

– У Мінску ўсё па-свінску, Ігарочачак, ось так ось.

– Разве она Белая? Разве она Рос-сія, Ігорь? – рэльефна вымаўляла мая чухонская Бабаманя, бацькава мама, і яе голас пачынаў дрыжаць на падвойным “с”, нібыта яна, дачка сумскага народа, блукае і ніяк не можа выблытацца з бязладнага змроку крывіцкіх балот на гарманічную бель Ладажскага возера.

Я нутрана пагаджаўся з дзядамі – сапраўды, хавайся ў бульбу якое закалдычча гэтая Беларусь! Не, яна зусім не белая, і ні кропелькі не Расія. Не Галіцыя і не Гішпанія…

Бацькі, карэнныя менчукі, што маглі выставіць яны супраць гэтай невымоўнай прыгажосці чужых краёў? Краёў, дзе навакольныя фарбы сакавіцейшыя, нібыта адразу пасля дажджу, а паветра – саладзейшае, нібыта перад самым заходам ліпеньскага сонца?

Аднак, як па шчырасці, дык рук бацькі ў гэтай справе не згарталі. Спрабавалі свой антызахад, заразу выганялі заразаю – вадзілі тыцнуць у Менск носам. Даць мне адчуць тутэйшае жыццё на дотык. Балазе ў гэтага каменнага гультая ўсё пад рукою. Вакзал, праспект, стадыён “Дынама”.

Мама кажа:

– Вось тут, каля вунь таго выгіну Свіслачы я колісь сустрэлася з першым кавалерам, Авіцісам Бадасянам, і калі б усё атрымалася – ну, ты сам усё разумееш – ты б сёння, у даважак да ўсіх сваіх нацыянальнасцяў, мог быць яшчэ і курдам, хі-хі… А тут побач, сынок, замест гэтага бара “Старое рэчышча” стаяў паганскі татэмны камень.