Выбрать главу

Аднак я бачу не вядзьмарскі камень, а зарыганую піўнуху, складзеную з абшарпанай жоўтай цэглы. З піўнухі выпаўзае не таямнічы мамін курд, які мог бы пры пэўных раскладах зрабіцца маім бацькам, а падвясёленыя, абцёрханыя жыццём калдыры з Серабранкі. Ажно ўяўляць нічога далей і не хочацца.

Мы падымаемся вышэй да праспекта. Мяне прадстаўляюць фасадным калюмнам Тэатра Юнага Гледача. Я збянтэжаны. Груба-таўсматыя, закатаныя ў шчодры слой грыму калоны ў параўнанні з вытанчанымі ленінградскімі растральнымі (я бачыў іх на студэнцкіх здымках Бабамані) падаюцца таннай падробкай. Здзекам і марным высілкам мне спадабацца.

Ну, не можа быць рамантыкі на вуліцах з назвамі Лодачная, Экскаватарная, Калектарная і Трэцяя Пасялковая! Як тое “Старое рэчышча” на беразе рэчкігразяцечкі можа спаборнічаць з харашмянай хацінай на шыкоўным беразе Ладажскага возера, якая належала карэльскім продкам Бабалюсі? Або ці можа менская піўнуха хоць у якім свеце цягацца нават з самай заняпаднай гжэльскай чайняй? Чайняй, збудаванай без адзінага цвіка (бо дошкі дасканала дапасаваныя), у чыіх шыкоўных разьбяных хорамах да ачмуру напампоўваўся зранку гарбатай, а ўвечары – гарэлкай, малады Дзедвасілій? А гатычная аптэка ў Кракаве, якой валодаў прапрадзед Дзядзюлі, Дзедтанхум? Яе якой менскай будынінай крыць будзеце, бацькі харошыя?

Устурбаваны, я аглядаў нашую блочную двухпакаёўку ў Зялёным Лузе. Цяснотныя пакоікі, дзе сценка ідзе на сценку. Стандартная пінскдрэўная мэбля. Вокны глядзяць на вечна вільготны курапацкі лес. Хіба гэтая нудоць можа ісці ў параўнанне з доўгімі, поўнымі таямнічых ценяў і зданяў, калідорамі камуналкі на Выбаргскай Старане? З ленінградскімі калідорамі, якія вялі ў іншыя вымярэнні? Або часам рабілі ласку сваім насельнікам і заканцоўваліся грамадскай кухняй велічынёю з Сенацкі пляц?

Я заходзіў на нашу куханьку з плітой “Запоріжжя” і лядоўняй “Сара” (канчатак “-тов” адкалоўся і бясследна з надпісу знік), і каб жа чаго ўявіць гістарычнага – ці на благі канец дагістарычнага, – што магло б тут адбыцца, рады не даваў. Дзіч і пустка.

У той жа час я даволі лёгка вымройваў, як на далёкай ленінградскай камунальнай кухні, не раўнуючы касмічныя ракеты перад стартам, дундзяць і дымяцца шэрагі напаўміфічных прымусаў. Мне нічога не каштавала ўявіць, як пад гэты зладжаны шум ніколі не бачаны мною прадзед Дзядзмінька, бацька Бабамані і муж Бабалюсі, пралетар з манерамі багемшчыка, чыя поўнае імя было Імануіл, няспешна бярэ чарачку са сваім субутэльнікам: крыху старасвецкім, але зухаватым акторам Паўлам Кадачнікавым. Тым самым Кадачнікавым, які сыграў бязногага лётчыка Мярэсьева (якое хараство!) у кінастужцы “Аповесць аб сапраўдным чалавеку”.

Нават Беларусь была далёка. Недзе там, за курапацкім лесам, Усходнімі могілкамі, садова-дачнымі таварыствамі, палямі і непралазнымі пушчамі. Недзе там, далёка-далёка, дзе цячэ напаўфантастычны Нёман, на чыіх берагах жывуць сяляне (“цёмен сам, белы вус”). Яны размаўляюць без трасянкі, ходзяць у ільняных кашулях з арнаментам і шмат стагоддзяў жывуць дзядоўскім манерам. Ось там і адбываецца ўсё сапраўдна-беларускае. Там удзень мужчыны ганяюць па прыбярэжных хмызах польскіх паноў і нямецкіх акупантаў. А жанчыны ў намітках жнуць сярпамі бясконцыя васільковыя палі. Увечары ж тыя сяляне збіраюцца грамадой ля купальскіх вогнішчаў і пад месяцам на паўнеба хорам цягнуць “Бедну басоту” і “Перапёлачку”.

Нібы пацвярджаючы, што рамантыкі і прыстойных закалотаў у Менску і ваколіцах не водзіцца ад пачатку, Дзедбарыс, адзіны прыроджаны мянчук і сірата сярод дзядоў, на вечарах успамінаў языка не вытыркаў. Адно сядзеў і моўчкі ківаў прысутным, пакуль яго вусны самохаць не раз’язджаліся ў яго фірмовай, дурнавата-мройнай усмешцы. Ніколі ён не апавядаў пра сваё даваеннае менскае дзяцінства. І сапраўды, “нашто таўчы пустое, Ігароша? Што цікавага і годнага ўвагі можа быць у Свінску?!”

– Сувораў, Кромвель, Іван Жахлівы, Напалеон, Чынгіз-Хан… – славутыя імёны выляталі з Дзядзюлі, першага мужа Бабагруні, усё роўна як мячыкі з тэніснай гарматы. У пятніцу вечарам мы ішлі пехам у бок яго кватэры на Прывакзальнай плошчы. Калі артабстрэл канчаўся, Дзядзюля, адданы гісторыкаматар і ўладальнік вялікага кнігазбору, з нейкай такой горыччу прыпячатваў:

– …і вось, Ігаль, не паверыш, якую гістарычную постаць ні назаві – любая не адсюль!

Я азіраўся па баках. У тварах мінакоў я не змячаў ані следу падабенства да прыгаданых вышэй асобаў. Ужо тады я ведаў, што ўсе гістарычныя персоны, такія, як Майсей ці Жанна д’Арк, былі колісь звычайнымі шараговымі людзьмі, якія гібелі ў шэрасці і шараговасці. Але потым, зрабіўшы нейкі такі марш-кідок у сваім развіцці, падштурхнутыя грандыёзнымі падзеямі, адразу скокалі ў найвышэйшую лігу гістарычных суперстараў. Аднак у менскіх мінаках я не бачыў нават намёку на такіх герояў. Нягеглая хада, нязграбныя жэсты. Каструбаватая трасянка, якая, здаецца, толькі для таго і прыдуманая, каб слугаваць ніжэйшым патрэбам свайго носьбіта. Вечна панурыя, занураныя ва ўласныя развагі вочы. І самае галоўнае, які, на халеру, марш-кідок, якія грандыёзныя падзеі: каго вызваляць? Ад чаго? За што біцца ў нашай занадта мірнай рэспубліцы? Мне рабілася няёмка. Не перад Дзядзюлем – перад сваёй будучыняй.