Да пачатку мітынгу яны ўзбуджана прагаварылі, не заўважаючы нікога вакол: ён раз-пораз прасіў у яе прабачэньня і казаў, як хацеў яе пабачыць і як шукаў гэтае сустрэчы. Яна больш маўчала, але і не адпрэчвала яго.
Словам, прымірэньне адбылося нечакана проста. І для яго, і для яе. І калі да мікрафону выйшаў першы выступоўца, яны ўжо стаялі побач і Алесь трымаў руку Марыйкі ў сваёй – грэў. Можа, прымірэньню паспрыяла і агульная атмасфера, што панавала на плошчы. Калі пачаўся мітынг, людзі ўбачылі, што іх сабралася нечакана шмат. Тысячаў дваццаць, ня менш. І нястрымная эйфарыя ахапіла ўсіх, нібыта яны і сапраўды перамаглі на гэтых выбарах. Прынамсі, яшчэ не прайгралі. І калі выступоўца сказаў: мы не прызнаем вынікаў выбараў, мы будзем патрабаваць пераліку галасоў і паўторных выбараў, і над плошчай загучала магутнае: “Ганьба!”, потым: “Верым! Можам! Пераможам!” – ня толькі ў Марыйкі на вочы набеглі сьлёзы радаснага ўзбуджэньня. Яшчэ больш пачуцьці ўдзельнікаў мітынгу распаліў хлопец, які з бел-чырвона-белым сьцягам узьлез на дах маршрутнага аўтобусу, што падыйшоў да прыпынку, і так і ад’ехаў на ім, размахваючы сьцягам… Народ на плошчы адчуў сваю сілу, і што іх сёньня і тут – не спыніць, не зламаць…
Выступоўцы зьмянялі адзін аднаго, прасьвістала над плошчай небывалая сьнегавая завея, якая прыйшла ніадкуль, з чыстага, здавалася б, неба, і, казалі потым, што нідзе ў Менску і нідзе ў Беларусі, апроч гэтай плошчы, завірухі ў той час не было. Людзі, закутваючыся ў шалікі і каптуры, адразу ж загаварылі, што гэта ўлады зарганізавалі гэтую мяцеліцу, каб напалохаць мітынгоўцаў і разагнаць па дамах, што, пэўна, недзе на дахах дамоў стаяць сьнегавыя пушкі з Раўбічаў ды Сілічаў… Але завіруха гэтая раптоўная і хуткацечная яшчэ больш зьяднала людзей, узмацніла пратэст, узрушыла і адгукнулася жаданьнем прыйсьці на плошчу і заўтра…
Так, заўтра, бо на сёньня арганізатары, якія, відаць, і самі не чакалі, што на плошчы зьбярэцца столькі людзей і разгубіліся, аб’явілі мітынг закрытым і заклікалі ўсіх прыйсьці заўтра, каб падвесьці канчатковыя вынікі выбараў. Плошча выдыхнула расчараваньнем, маўляў, нас так шмат сёньня сабралася і вы ня можаце скарыстаць гэтую сілу... Адчуў, што нельга так вось ні з чым распусьціць народ, адзін з нядаўніх кандыдатаў у прэзідэнты і заклікаў пайсьці да плошчы Перамогі, каб ускласьці кветкі да помніка. Нічога добрага, але хоць нешта… Людзі рушылі калонамі па ходніках, аднак настрой ужо быў ня той, і Марыйка з Алесем вырашылі з імі не ісьці – павярнулі ў адваротны бок, да вакзалу: ім трэба было пабыць разам, удвох, перад тым, як разьехацца па дамоўках.
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Мілы Алесь… Сустрэча з табой на плошчы была настолькі нечаканай для мяне, што я не змагла пераадолець у сабе цікаўнасьць паглядзець, як ты будзеш паводзіць сябе пасьля таго, што здарылася між намі… А ты павёў сябе абсалютна натуральна. Дакладней, для мяне на той момант, можа, і не зусім натуральна, бо мне хацелася, даруй, бачыць цябе прыніжаным і разгубленым, што было б правільна, як мне думалася, а ты… мне абрадаваўся, пайшоў насустрач радасна ўсьміхаючыся. І выбіў у мяне глебу з-пад ног... Потым я зразумела, чаму так сталася: за час, які прайшоў ад нашае вандроўкі за горад, ты шмат перажыў і перадумаў. Ты зьмяніўся, урэшце рэшт. Ты стаў іншым. Ты змог зрабіць гэта, хоць на такое здольны ня кожны. Тым болей, мне здавалася, на такія зьмены ня здатны ты – той, якога я ведала… І мне стала цікава, што ж з табой здарылася?.. Да таго ж, прызнаюся шчыра, ты быў мне неабыякавы і тады, раней – і як чалавек, і як паэт. Таму я і пасябравала з табой, не адрынула адразу там, на прыпынку тралейбусным. Хоць і адчувала, як часам прасьлізгвалі ў тваім голасе ноткі зьдзеклівага стаўленьня да мовы і да тых, хто “змагаецца з рэжымам”. Цяпер, заўважыла, у цябе і гэта прайшло… Ты сказаў, што вершаў больш ня пішаш. А шкада – паэт ты быў ня з горшых... Некаторыя твае радкі я памятаю і цяперака. Асабліва той верш, пра вольных птушак у небе… І яшчэ адзін – пра чырвоных мурашоў…”
Назаўтра ўжо на пачатку мітынгу, на які прыйшло ня менш людзей, чым 19-га, стала зразумела, і ня толькі Марыйцы з Алесем, што нельга вось так зьбірацца штодзень на плошчы, стаяць на холадзе “чакаючы з мора пагоды”, трэба нешта рабіць, каб прыцягнуць да сябе ўвагу ўладаў і ня толькі ўладаў, каб, урэшце, чагосьці дабіцца і каб зварухнуць народ… Надзея тут, у натоўпе, на перамены ажыла па новай. Пачуліся размовы сярод моладзі, што варта застацца на плошчы, паставіць намётавы гарадок, наладзіць дзяжурства і не сыходзіць дамоў, пакуль не пераможам… Нас падтрымаюць іншыя, найперш студэнты, а затым выйдуць на вуліцы цэлыя заводы – будзе кіеўскі майдан, і тады ўлады ня змогуць спусьціць цішком сваю “элегантную перамогу” і праігнараваць “волю народу”… Марыйка і Алесь адразу і разам вырашылі, што застануцца тут, на плошчы, і калі людзі расступіліся, сталі паўкругам і на вызваленым пляцы зьявіліся хлопцы і дзяўчаты ды пачалі ставіць першы намёт, яны, не згаворваючыся, а па нейкім імгненным руху сьцятых рук, першымі кінуліся дапамагаць. Разам з імі тых, хто ставіў намёты, было ўсяго дзясятак чалавек. І адразу ж да іх ірванулі дужыя хлопцы ў чорным адзеньні і чорных спартовых шапачках-пеўніках, расьпіхалі і што змаглі выхапіць з рэчаў – выхапілі, зламалі, урвалі і… зьбеглі. Бо, пэўна, убачылі, што людзей не запалохаць, бо проста фізічна адчулі такі моцны пратэст і сілу мітынгоўцаў, а плошча загула абуральна, што здрэйфілі. Людзі апамятаваліся, утварылі кола ад выхаду з метро да прыступак Палацу Прафсаюзаў, і ўжо бесперашкодна моладзь паставіла першыя чатыры намёты.