Выбрать главу

Пасьля адзінаццатай музыку прыглушылі, але зу­­сім ня выключылі: вакол, паблізу, не было жылых да­моў. Міліцыя між тым не драмала, хоць прысутнасьць яе амаль не адчувалася тут – толькі стаялі некалькі “мір­ных” міліцыянтаў каля прыпынку сотага аўтобу­са, які быў на плошчы зусім побач з мястэчкам. Але ў дварах, асабліва ў дварах і на падыходзе да плошчы, міліцыянты дзейнічалі даволі актыўна: правяралі ўсіх, хто ішоў у бок мястэчка. Нават выпадковых мі­накоў. І ў каго знаходзілі цёплыя рэчы і прадукты – затрымлівалі без тлумачэньняў. Ня кажучы ўжо пра турыстычныя прыналежнасьці – тыя, хто нёс іх, былі ворагамі нумар адзін. А калі ўжо хто затрыманых у адказ насьмельваўся і загаварыць па-беларуску… Дзесяць сутак арышту “без суда і сьледства былі гарантаваныя. Анекдот хадзіў тады па мястэчку: міліцыянт спыняе чалавека на падыходзе да плошчы: “Прадукты ў сумцы ёсьць?” “Няма. Толькі пісталет і наркотыкі” “Праходзь…” І яшчэ адзін выпадак пе­ра­казваўся, як легенда: прыйшлі дзьве бабулькі, прынесьлі два яблыкі, адзін надкусаны: “Даруйце, дзеткі, міліцыянты ля ГУМа спынілі і прымусілі над­кусіць, але вы абрэжце…”

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“Яшчэ раз скажу: з таго, што я асабіста ба­чыла, вынікае, што да Плошчы, ці да намётавага мястэч­ка, ня быў гатовы ніхто: ні ўлады, ні апа­зіцыя, ні тым болей, нядаўнія кандыдаты ў прэзідэнты. Так, пасьля ўкраінскага майдану, зразумела, гэтая думка жыла сярод моладзі і апазіцыі ўвогуле, аднак, як ні дзіўна, ніхто да ўсталяваньня намётаў не рыхтаваўся планамерна, а калі гэта пачалося, амаль стыхійна, напачатку была разгубленасьць ва ўсіх. І найперш у былых кандыдатаў.

Кандыдаты ў прэзідэнты… Мілінкевіч паводзіў сябе прыстойна. У першую ноч застаўся з намі. І потым увесь час прыходзіў, падбадзёрваў. Хоць большасьць з нас была незадаволеная ім. Усе чакалі нейкіх канк­рэтных дзеяньняў, а іх не было… А пра Казуліна толькі і запомнілася, што хадзіў ды палохаў, ужо ў першую ноч, што вось-вось будзе штурм мястэчка, бо “бачыў, як накопліваюцца сілы амапаўцаў у дварах”… Было відавочна, што яму самому мандражна і ён пра­сіў усіх разыйсьціся і прыйсьці на мітынг 25 сакавіка на Дзень Волі. З яго ледзь не адкрыта сьмяяліся... По­тым, можа, каб нейкім чынам апраўдацца, ён і павёў людзей 25-га сакавіка да Акрэсьціна. Але было ўжо позна, і гэта было ягонай памылкай, хоць я паважаю яго за гэты крок, крок адчаю, менавіта яго, а ня тых, што закрылі тады мітынг і папра­сілі людзей сабрацца наступным разам праз месяц на Чарнобыльскі шлях… Праз месяц!?. А больш за пяцьсот чалавек, якія паверылі такім, як ён, цяпер у турме… Гэта прагучала як здрада, здрада тым, хто сядзеў за Плошчу на Акрэсьціна, у Жодзіна… Казулін паддаўся на пачуцьці, якія панавалі тады сярод мітынгоўцаў ля помніка Купалу… і атрымаў за гэта па рэбрах ды арышт. І цяпер у турме чакае суда, як крымінальны злачынца. А ўсе астатнія засталіся героямі?... Мне чамусьці думаецца, што між іншых кандыдатаў, па агульным настроі, ён найбліжэй да нас, тых, хто быў на плошчы – бо мы ішлі на яе (як, пэўна, і ён на выбары) хутчэй з адчаю, чым з надзеяй на перамогу і зьмены да лепшага...”

Марыйка ў намётавым мястэчку стала “працаваць” пры “кухні”: наразала хлеб, кілбасу, рабіла бутэрбро­ды; на партатыўнай, турысцкай газавай плітцы грэла ваду, запарвала гарбату і разносіла тым, хто стаяў у ахове, у ланцугу, каб сагрэцца. Алесь заняў мейсца ў ахове мястэчка. У гэтую ноч яны амаль ня бачыліся. Алесь стаяў на самым адказным участку – на пропуску ў лагер, глядзеў, каб не прайшлі пра­вакатары, якіх было нямала. Агульная справа яшчэ больш зблізіла іх. І Марыйка пачала заўважаць, што думае пра Алеся, як пра “свайго”: “Як там мой?..” І старалася кожны раз пры разносцы бутэрбродаў і гарбаты падысьці да яго ці хоць прайсьці побач… Каб усьміхнуцца яму, галавой кіўнуць неўпрыкмет, падтрымаць поглядам. Каб ведаў, што ён тут не адзін. І каб самой ведаць, што не адна…

Удзень было спакайней, прынамсі штурму мястэчка па сьвятлу ніхто не чакаў. Прыходзіла іншая моладзь, і ў іх была мажлівасьць трошкі адпачыць і пабыць разам. У намёце ад холаду сядзець нельга было і яны стараліся пастаяць трохі каля агню, пахадзіць, прытопваючы, па мястэчку. Чым далей, тым болей Марыйцы падабаўся гэты хлопец. Ён пасталеў і зьмя­ніўся. Відаць, і сапраўды шмат перадумаў за праміну­лы час. І цяпер даражыў ёю – яна адчувала гэта – і быў гатовы разам: у агонь і ваду… Тая ягоная памылка, той дробненькі ўчынак, яшчэ стаялі між імі, але паступова размываліся новымі падзеямі і забываліся.