Выбрать главу

«Вы чаго смурныя такія? Ня радыя каралеўскага вестуна вітаць? Што вы як мёртвыя? Раскажыце, як тут у нас справы. Што ў сталіцы чуваць? Бываюць жа ў вас госьці…»

«Нам расказваць няма чаго, – сказала жонка палясоўшчыка. – Жывем як жывецца. Сына чакаем, Міху. Як пайшоў ён у паход, дык і не было ад яго вестак».

«Пра Міху нічога ня ведаю. А пра Цыцыка я вам расказаў».

«Ты нам лепш пра іншае раскажы, вястун, – паволі прамовіў палясоўшчык. – Пра самае важнае. Якую вестку нясеш?»

«Я думаў, і так усё ясна, – сказаў Лёкса Шпуль і наліў сабе яшчэ. – Смачная ў вас сьлівовічка, дзядзька. Але больш ня буду. Інакш ногі заплятуцца. Прасралі мы вайну. Разьбілі нас ушчэнт каля Чорнае Скалы».

Палясоўшчык пераглянуўся з жонкай.

«Што, не такой весткі чакалі? – Лёксу раптам раззлавалі іхныя простыя, мірныя твары. – Верылі ў перамогу? Думалі, усё будзе як у песьні? Кароль сабраўся на вайну, ля-ля, ля-ля, ля-ля… А яно вось як выйшла! Добра песенька пачалася, ды блага скончылася! Бяз ног з прагнілай галавой!»

Палясоўшчык паглядзеў на яго з пагардай. Але Лёксу было ўжо ўсё роўна.

«Так, дзядзька! – грымнуў ён па стале кулаком, але атрымалася неяк ціха, толькі відэлец у талерцы дзьвякнуў. – Усіх паклалі. І Станю-пекара, і Жардзіну Людвіга, і Ганса-драчылу. І Жабу, і Рудога, і Віскарыка… Гэта толькі з тых, з кім я затаварышаваўся. А я – жывы! І ні ў чым не вінаваты! У чым мая віна? Што мяне кароль паслаў вестуном? Дык гэта ня я прасіўся! Гэта Яго Вялікасьць у мяне пальцам тыцнулі! Давай на каня, Лёкса! Ты цяпер вястун! Гані дамоў і раскажы, як я, Вялікасьць, па-вялікаму абасраўся!»

Жалейка за акном сьціхла. Лёкса рукамі выграб грыбочкі, набіў імі рот, выцер аб мундзір пальцы, наваліўся на стол грудзьмі. Сям’я палясоўшчыка глядзела на яго, не міргаючы.

«Хутка… Хутка… – спадылба паглядзеў на іх Лёкса. – Хутка пацягнуцца па дарогах вазы зь мерцьвякамі… Марудныя, рыпучыя, жалобныя вазы… Каралю трэба тыдзень, каб дабрацца дамоў… А за вазамі – сьлед у пыле… Бо з вазоў вада капае… Капае і ня сохне! Добра прыдумана, а? Мерцьвякоў лёдам абкласьці, як рыбу! Чакаюць ужо маткі сыноў ды мужоў! Зваляць іх на плошчы ў кучу – тры дні будзе енк і плач стаяць на ўвесь горад! А хто ня з гораду – дык на такіх і лёду шкада! Дазволілі басурманы палову нашых забраць. А палова там засталася. Будзем цяпер плаціць даніну, ня будзе на сталах ні мяса, ні хлеба, ні піва! Так што ежце, пакуль кароль не вярнуўся! І прыпасы рабіць не забывайцеся!»

Лёкса зарагатаў.

«Вось я жару – і мне ня сорамна! Бо я жывы! І ня трэба на мяне так глядзець! Радавацца трэба! Чаго ня радуецеся? Што, думаеце, Міху свайго дачакацца? Дачакаецеся! Вось толькі ці пазнаеце! Як бы з Цыцыкам не пераблытаць!»

Лёкса наткнуўся позіркам на Вераніку і ўмомант працьверазеў.

«Добра, дзядзька… – сказаў ён. – Добра, цётка. Дзякую вам за абед. І вам, паненка. Нешта стукнула ў галаву… Пайду я. Мяне ў палацы чакаюць…»

Ён падняўся – і толькі тады зразумеў, што забыўся стрэльбу ў двары. Кінуўся туды – але было ўжо позна. Грымнуў стрэл. Ён выскачыў у двор, усё сямейства за ім. Малы стаяў пасярод двара і рагатаў, паказваючы пальцам на бочку. З адтуліны ў яе круглым дубовым боку цурчэла вада. У паветры пахла порахам.

«Ах ты паскуда малая! – зароў Лёкса і вырваў стрэльбу з рук малога. – Каб твае мазгі так выцеклі! Знайшоў цацку!»

Малы адпусьціў прыклад – і, скарыстаўшыся тым, што рукі ў Лёксы былі занятыя, прыпусьціў у поле. Сеў там, дастаў жалейку і зноў завёў:

«Кароль сабраўся на вайну,Абразы не сьцярпеў!»

Даганяць яго было бессэнсоўна. Лёкса закінуў стрэльбу на плячо, сунуў у кішэнь кавалак шынкі, прычапіў біклажку.

«Ладна, – махнуў ён рукой. – Я і сам вінаваты. Кінуў зброю дзе папала. Усё, дзядзька, пайду я… Бывайце здаровы… Мо пабачымся калі. Але чакайце. Ці ня ведаеце, дзядзька, як там у песьні далей?

Бо прывязуць мяне вяснойБяз ног з прагнілай галавой!І сто таварышаў са мной!

А вось далей як? Не магу ўспомніць. Гэта ж старая салдацкая песьня. Дык мо чулі?»

«Ня чуў, – хутка прамовіў палясоўшчык. – Ты ідзі ўжо, вястун. Ідзі».

«Ясна. Дзе тут самая блізкая дарога?»

Палясоўшчык паказаў яму на шырокі луг, які сьцяліўся проста за хатай і спускаўся да лесу.

«А там празь лес як ні пойдзеш, на дарогу выйдзеш. Направа ня збочваючы – і ўвечары пабачыш прадмесьце… Ідзі, вястун».

Лёкса моўчкі кіўнуў. Насунуў на галаву пакамечаную трывуголку. І тут жа паненка Вераніка падбегла да яго і сунула яму ў нагрудную кішэнь дзьве жоўтыя краскі. Ён адчуў, як чырванее. Што робіцца зусім, як яна. Зірнуў на яе грудзі пад сукенкай, нахабна, пажадна, каб схаваць няёмкасьць. І рушыў да лугу, ступіў на сатканы з былінак і красак дыван, пайшоў, колючы ногі, грудзьмі рассоўваючы траву, што рабілася ўсё вышэйшай. Азірнуўся. Уся сям’я стаяла на ўзгорку ля хаты і глядзела на яго. Ніхто не махаў рукой – і ён вырашыў, што абышоўся зь імі занадта жорстка.