Выбрать главу

Беларускі нацыянальны камітэт пастанавіў прасіць у каталіцкага біскупа адкрыцця ў Віленскай духоўнай семінарыі катэдры беларускай мовы, літаратуры, гісторыі і геаграфіі Беларусі, а таксама таго, каб у віленскіх касцёлах з казаннямі і чытаннем Евангелля па-польску былі зацверджаны казанні і чытанні і па-беларуску — асабліва ў час прыходу багамольцаў з Кальварыі і Вострай Брамы — бальшынёй беларусаў — у Вострабрамскім і Боніфратэрскім касцёлах.

8 жніўня менчукоў разбудзіла страшэнная кананада. А шостай раніцы на ўскрайку горада ўсчалася кулямётная страляніна, якая паступова перакацілася на гарадскія вуліцы. Пасыпаліся шрапнелі, цэнтр горада скаланулі гарматныя выбухі, затым да Віленскага вакзала прагізавала кавалерыя. І раптам усё аціхла — чырвонаармейцы выйшлі з Менска.

А чацвёртай дня гараджане пачалі выходзіць на вуліцы і з цікавасцю разглядаць польскіх жаўнераў…

Першыя дні Менск здаваўся пусткай — замкнутыя крамы, бітыя вітрыны. Перад адступленнем чырвонаармейцы вывозілі хто што хацеў і мог: крэслы, шафы, канапы… Чыгуначнікі зноў намагаліся не даць цягнікоў — іх «угаварылі» кулямётамі.

Ніхто не ведаў курсу грошай, і гандляры пачалі браць «на вока», канешне ж, не ў чужую карысць. Хлеб каштаваў у Менску 5 рублёў на царскія, а сала — 12-20. За 15 царскіх рублёў можна было паабедаць у таннай сталоўцы (праўда, калі мець з сабой хлеб). Махляры нажываліся на «бальшавіцкіх» грошах, абдурваючы рабочых. Падарожаў хлеб, і спекулянты намерыліся вывозіць муку з Вільні, ― кошт на хлеб узрос і там. Уладам давялося забараняць спекуляцыю, а на станцыях Ліды і Баранавічаў рыхтаваць два цягнікі з прадуктамі для Менска (балазе ўраджай на Беларусі быў добры).

Магілы на Камароўцы, Койданаўскім тракце, у Лошыцы…

Яшчэ пасля здачы палякам Маладэчна ў Менску ўзлюцілася гарадское ЧК, якое мела 1800 агентаў. Падзеленая на пяцёркі, «чрэзвычайка» магла зрабіць за ноч да тысячы вобыскаў. Некалькі дзён у горадзе «абшуквалі» тых, хто меў хоць нейкае дачыненне да «польскасці» ці «беларускасці». Менчукі, ратуючыся, пачалі ўцякаць у прыгарадныя мястэчкі — далей ад чыгункі, дзе не было ні камісараў, ні чырвоных атрадаў. Многіх арыштоўвалі. «Камітэт абароны» Менска, каб «узмацніць тыл», прыняў нават пастанову аб узмацненні тэрора.

…Праз месяц пасля заняцця горада польскім войскам з ініцыятывы амерыканскай місіі ў Варшаве была створана міжнародная камісія па вывучэнні бальшавіцкіх злачынстваў у Менску. У ейны склад увайшлі кабета-палкоўнік амерыканскай арміі (яе прозвішча не дайшло да нашых дзён), доктар Рогаўскі, доктар Міраслаў Абэцэрскі[25], старшыня Польска-беларускага таварыства, і сябра польскага суда Мурзіч. За некалькі дзён камісіяй было выяўлена і эксгуміравана шэсцьдзесят магілаў — у кожнай па пяць-шэсць трупаў, траплялася і па трыццаць… У многіх ахвяраў — рукі звязаны дротам. На сямі целах не было ні знакаў ад куль, ні ад катаванняў: бедалаг закапалі жывымі… Астатніх расстрэльвалі. Большасць — цывільныя людзі, толькі ў адным паховішчы знайшлі трох польскіх уланаў.

Сведкі (дочкі лесніка, на чыёй тэрыторыі выявілі магілу) казалі, што месяц таму тыя ўланы прыязджалі да іх у леснічоўку, а затым былі схоплены чырвонаармейцамі.

У адной з магіл адкапалі труп менскага адваката Елеца, сваяка Антона Луцкевіча, — яго пахавалі жывым. Твар абгніў, і пазналі адваката па шлюбным пярсцёнку, на якім меўся надпіс… Каштоўнасцяў у ахвяр не забіралі: ці не было недахопу, ці не хапала часу…

Знаходзілі трупы, звязаныя па некалькі. Усіх закопвалі неглыбока, і некаторыя трупы выграбалі сабакі і надгрызалі… У магіле на Койданаўскім тракце адкапалі дваццаць шэсць трупаў — ва ўсіх паламаны рукі і ногі…

Падобныя магілы выявілі на Камароўцы ў лесе Ваньковіча і каля Лошыцы (маёнтак Любаньскага), — тры вярсты ад Менска[26].

Многія магілы дапамаглі адшукаць гараджане і сяляне, міжвольныя сведкі забойстваў. Жанчына з прылошыцкага хутара раніцай збірала грыбы. Раптам — гыркатанне самахода. Яна з дарогі — пад яліну, прыцішылася. А самаход, як на тое, тармазнуў побач. З кузава выскачылі тры вайскоўцы, паселі неўздалёк. Закурылі, загаварылі. А раніца ў ліпеньскім лесе росная, звонкая, рэха далёка коціцца!

— А я, — узгадвала жанчына, — і дыхаць перастала… А мужык адзін… зарыштаваныя на кузаве сядзелі… і кажа ім хрыпотна: «Не мучайце больш, забівайце!..»

А той, у хворме, што бліжэй сядзеў, усміхнуўся крыва й бухнуў: «Паспееце!»

вернуться

25

 Прозвішча сустракалася і ў іншым напісанні: Абэзэрскі.

вернуться

26

 Пра злачынствы бальшавікоў у Менску сведчыў Янка Купала (артыкул 1920 года «Справа незалежнасьці Беларусі за мінулы год»): «...Палякі занялі Вільню, пасунуліся да Маладзечна і пагражалі Менску. Гэтыя ваенныя няўдачы прывялі бальшавікоў у дзікую злосьць. Яны пачалі шукаць вінаватых, разумеецца, як заўсёды не там, дзе трэба. Спачатку зрабілі «прылучэньнне» Літ.-Бел. Рэспублікі да Расіі (аб незалежнасьці ўжо не можна было і заікнуцца), пасьля зьвярнулі ўвагу на малую працу «чразвычайкі». І «чразвычайка» сваю працу «павялічыла». Праца гэта менчанам добра вядома. Курганы сотняў нявінна расстраляных аб гэтым і цяпер сьведчаць. Над Менскам павіс крывавы кашмар...»

Эксгумацыя ахвяраў ЧК праводзілася на той час не толькі ў Менску і не толькі на Беларусі. Да прыкладу, у сваіх лістах да камісара народнай прасветы Луначарскага пісьменнік Уладзімір Караленка згадваў пра раскопкі агульнай магілы бальшавіцкіх ахвяраў у Палтаве (Украіна): «...вытащили из общей ямы 16 разлагающихся трупов и положили их напоказ. Впечатление было ужасное...»

Пра тое, што на Камароўцы, сёння ― самым ажыўленым месцы Мінска, бальшавікі забівалі і закопвалі сваіх ахвяр і пасля 1919 года ― у другой палове 30-х, узгадваў і Міхась Кавыль, беларускі паэт-эмігрант: «Успомнілася, як мы ― Сяргей Астрэйка (таленавіты беларускі паэт, арыштаваны бальшавікамі-камуністамі ў 21 год і ў 1937-м расстраляны. ― А.П.), Гінтаўт, Русаковіч ― бадзяліся ўначы па лесе каля саўгаса «Слялянка», куды былі пасланыя на «прарыў», і падгледзелі расстрэл. Як падаў на калені няшчасны чалавек і ўздымаў у неба рукі, як пасля стрэлу кульнуўся ў яму...» («Народная Воля», 1999, 14 верасня).