Выбрать главу

― Дык дзе ж гэта мы з панам бачыліся?..

А госць выглядаў запамінальна. Напачатку кастрычніка падчас нападу пранямецкага белагвардзейскага генерала Бермондта-Авалава на Рыгу на Тэатральнай плошчы Езавітава параніла ў твар асколкам артылерыйскага снарада. Рана нязначная, але шнар за месяц паспеў толькі зарубцавацца…

І давялося Езавітаву згадваць падрабязнасці сумеснай службы пад Дзвінскам і почуты пра геройствы балахоўцаў… Генерал адразу ж памякчэў:

― Я ж беларус, і ў маім атрадзе многа беларусаў. Ідэя барацьбы за незалежную Бацькаўшчыну мне радней, чым удзел у пачынаннях Юдзеніча!

― Калі згода ёсць, давай засведчым яе дакумэнтальна… — прапанаваў Езавітаў.

Пасярод аркуша паперы Булак-Балаховіч размашыста вывеў:

«Старшыні Рады Народных Міністраў БНР.

Зьяўляючыся грамадзянінам БНР, лічу патрэбным, каб маё войска было скарыстана для абароны цэльнасьці і недзялімасьці маёй Бацькаўшчыны, а таму прапаную майму ўраду залічыць мяне і мой атрад на беларускую службу.

Генерал-маёр Булак-Балаховіч».

Перадаў заяву Езавітаву — і не стрымаўся:

― Палкоўнік, дзе гэта цябе пагладзіла?

Езавітаў крануў пасечаную шчаку, усміхнуўся:

― Адзін шалёны белагвардзеец…

Пра паспяховыя перамовы Езавітаў паведаміў адразу ж, і праз некалькі дзён для канчатковага вырашэння спраў у Эстонію прыехаў надзвычайны амбасадар БНР Клаўдыюш Дуж-Душэўскі.

Юдзеніч не выказаўся супраць дэмаршу Булак-Балаховіча, але адпускаць са сваёй арміі дзейсны і моцны атрад не хацеў. Свае конны полк і пяхотныя часткі Булак-Балаховіч адвёў з фронта на поўдзень Чудскага возера, у горад Ізборск. Артылерыйскую ж батарэю Юдзеніч паспеў затрымаць.

Булак-Балаховіч выбухнуў гневам. Сам адабраў сотню адданых салдат і з дзесятак афіцэраў, увайшоў у Рэвель[30], арыштаваў Юдзеніча і вывез яго за горад. З вока на вока паміж генераламі адбылася гутарка — і Юдзеніч падпісаў загад і аб звальненні батарэі.

Балаховічава атрылерыя таксама перамясцілася пад Ізборск. Новы атрад заняў лапік фронта паміж эстонскімі і латвійскімі арміямі і меў задачу прайсці на лінію Апочка - Невель - Себеж - Полацак - Дрыса, каб стварыць ураду БНР тэрыторыю, на якой можна б было пачаць барацьбу за незалежнасць Беларусі і ад РСФСР, і ад Польшчы.

Атраду Булак-Балаховіча не хапала зброі і абмундзіравання. У порце Рэвеля стаяла ангельская эскадра, якая падтрымлівала эстонцаў і Юдзеніча ў барацьбе з бальшавікамі. Езавітаў ведаў, што аператыўна знайсці сродкі на ўтрыманне атрада Булак-Балаховіча ўрад БНР не зможа. Выйсце прапанаваў сам генерал:

― А ты перамоўся з ангельцамі. Ім жа ўсё роўна, каму плаціць…

І — як на тое — нечаканае знаёмства з ангельскімі прадстаўнікамі ў эстонскім штабе. Камандзір ангельскай эскадры выслухаў Езавітава стрымана, але перад развітаннем запрасіў праз дзень на свой крэйсер — для дэталёвых перамоў.

На аўдыенцыю выбраліся зранку — Езавітаў, Булак-Балаховіч і перакладчык. З Фінскага заліва дзьмула стынню й сіверам. Да абмерзлага берага шэрыя хвалі прыбівалі парэпаныя крыгі, бязлітасна крышылі іх аб каменныя наступы і ўмацаванні. А ўдалечы марскі вецер злосна трос хвалевыя ўзгрыўкі, пеніў і рваў іх.

Над крэйсерам лунаў флагманскі штандар. Значыць, камандзір эскадры — на крэйсеры, зазначыў Езавітаў і прапусціў першым на трап Булак-Балаховіча. Дошкі, як не абчышчалі матросы, пакрываліся наледдзю, і генерал пачынаў пазлоўвацца — паслізнуўшыся, ледзь не паваліўся.

― Набудуюць гмахаў і ганарацца… Бранепоезд — во дзе моц!

Езавітава ж крэйсер уразіў. Люструючыся бранёй, жалезны айсберг — як не білі яго хвалі — нават не варухнуўся, — здавалася, зросся з нябачным дном ці проста ўмёрз у глыбіню…

Вахценны афіцэр правёў гасцей да камандзірскай каюты, перад якой іх і сустрэў камандзір эскадры. Разгаварыліся напачатку пра агульныя клопаты. Камандзіра некалькі разоў турбаваў памочнік. Затым падалі каву з ромам, і госці перайшлі да сутнаснага. Найбольшы сподзіў абудзіла ў ангельцаў паведамленне Езавітава аб тым, што беларусаў — шаснаццаць мільёнаў. Выявілася, што ангельцы анічога пра Беларусь не ведалі, і прадбачлівы Езавітаў пакінуў ім брашуру Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», выдадзеную на французскай і нямецкай мовах[31].

Камандзір эскадры выглядаў бадзёрым:

вернуться

30

 Цяперашні Талін.

вернуться

31

Праз некаторы час ангельцы выдалі яе і ў сябе.