Выбрать главу

Калі Пілсудскі зноў наведаў Вільню, з ім на сустрэчу выехаў Вацлаў Іваноўскі. З Пілсудскім ён меў даўнія сувязі: яшчэ з 90-х гадоў з цяперашнім Начальнікам Польскай Дзяржавы супрацоўнічаў брат Іваноўскага, вядомы дзеяч ППС. Падчас аўдыенцыі доўга гутарылі пра магчымы падзел, звязаны з замірэннем паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.

«Польшча запатрабуе права на самавызначэнне народаў, якія вызваліліся з-пад расійскага ярма», — запэўніў тады Іваноўскага Пілсудскі.

Беларускаму настаўніцкаму інстытуту, які ачольваў Іваноўскі, была вылучана грашовая дапамога, а ў Менску распачалося новае фармаванне двух батальёнаў беларускага войска.

З розных бакоў пайшлі чуткі, што ў Эстоніі знаходзіцца чатырохтысячны атрад генерала Булак-Балаховіча, узмоцнены кавалерыяй і артылерыяй. На паседжанні 22 студзеня Рада народных міністраў, заслухаўшы справаздачу кіраўніка ваенна-дыпламатычнай місіі Езавітава аб дамовах з Булак-Балаховічам, прыняла атрад генерала ў склад арміі БНР…

Віленскія ўспаміны

Ад'язджаючы на Случчыну, Жылка пакінуў у рэдакцыі «Беларускага Жыцьця» адрас сваіх родзічаў у Падлессі, куды ў сярэдзіне сакавіка і прыйшлі два апошнія нумары газэты і сумесны ліст ад Аляхновіча і Бядулі:

«Дасылаем у панаў скіт гэтыя часопісы нашага менскага жыцьця, віншуем з хуткім сьвятам 25-га сьвятога сакавіка і чакаем да сябе — з навінамі і «Поклічамі» і прызнаньнямі ў каханьнях…»

Нумары «Беларускага Жыцьця» за 29 лютага (№ 5 (27)) і 11 сакавіка (№ 6 (28)) пазнаёмілі з новымі вершамі «Сон» і «А ты сіраціна» Янкі Купалы, «Гэніем» і «Да матулі» таксама добрага знаёмцы Макара Краўцова, з апавяданнем «Юлька», артыкулам «Хараство ў народнай творчасці» і вершамі ў прозе «Віленскія ўспаміны» Змітрака Бядулі. газэта, падумаў Жылка, з палітычна-інфармацыйнай ператвараецца ў літаратурна-мастацкую, сціплая калонка «Што чуваць у палітыцы» ціснулася на апошняй старонцы. Насцярожыла адно тое, што ў газэты знікла ранейшая пазнака — «Друкуецца раз у тыдзень»…

Найбольш уразілі Жылку Бядулевы «Віленскія ўспаміны». Яны натхнілі на напісанне цэлага паэтычнага цыкла «Вершы аб Вільні»[32].

…О Вільня, крывіцкая Мека! О места, — ўсё цуд, хараство! Дзяржаўная думнасьць павекаў, Узьнята рашуча брыво…

У Вільні нечакана з'явіўся палкоўнік Ладноў. Сустракаючыся з Луцкевічам, які на той час быў у Вільні, расказаў, што меў важныя гутаркі са старшынёй Варшаўскага беларускага камітэта Дубейкоўскім і папрасіў сабраць усіх найбольш актыўных віленскіх беларусаў. На Вострабрамскую прыйшлі Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Міхал Кахановіч і Максім Гарэцкі.

— Працуючы з Ластоўскім, — расказваў Ладноў, ― і ягоным урадам, я раскрыў, што яно з'яўляецца польскай агентурай… — Затым зачытаў перахопленае нейкім чынам пісьмо Мамонькі ў Берлін, у якім раілася рашуча патрабаваць у немцаў грошай, пагражаючы ім, што (калі будзе адмова) Беларусь «паверне аглоблі на Польшчу». — Францыя, а з ёй і Польшча, — не пераставаў агаломшваць Ладноў, ― падтрымліваюць незалежніцкія памкненні беларусаў, але дзейнасць урада Ластоўскага перашкаджае паразуменню. У краі з чэсных беларусаў трэба стварыць заканспіраваны дзяржаўны камітэт, якому я гарантую дапамогу Францыі і Польшчы ў барацьбе за незалежнасць Беларусі…

Запэўніванні Ладнова ўразілі прысутных. Разам склалі пратакол аб стварэнні «Дзяржаўнага камітэта». У мэтах канспірацыі захоўваць пратакол даручылі Гарэцкаму.

Назаўтра Ладноў зноў выехаў у Варшаву, адкуль і абяцаў інфармаваць аб сваёй далейшай дзейнасці. А праз колькі ў Вільню дайшлі не менш «сенсацыйныя» звесткі: завербаваны французскай выведкай палкоўнік Ладноў быў пасланы выкарыстаць віленскія беларускія сілы і, у прыватнасці, атрад генерала Булак-Балаховіча для ўзброенай акцыі супраць Савецкай Расіі. Пасля гэтага пратакол «Дзяржаўнага камітэта» спалілі, а само тайнае «таварыства» ліквідавалася…

* * *

У Рызе Кастусю Езавітаву наладзілі ўрачыстую сустрэчу. 17 траўня 1920 года ўрад БНР «за выдатную працу на карысць Беларускай Народнай Рэспублікі, выкананую за граніцай» прысвоіў яму званне генерал-маёра. Новыя пагоны ўручыў Езавітаву прэм'ерміністр Ластоўскі.

12 ліпеня Літва падпісала з Савецкай Расіяй мірную дамову — і атрымала «расійскую» тэрыторыю з Вільняй, Горадняй, Браславам, Лідай, Паставамі. Вацлаў Ластоўскі мусіў пацвердзіць права Літвы на гэтыя землі, запатрабаваўшы канчатковага вырашэння іхняга лёсу на мясцовых плебісцытах. Праз месяц — 11 жніўня — з Саветамі падпісала пагадненне Латвія — і памежныя Дзвінскі, Люцынскі і Рэжыцкі паветы з 50 тысячамі беларусаў (згодна перапісу) без згоды Беларусі адышлі да Латвіі. Дзве літоўскія дывізіі (усё войска рэспублікі) па запатрабаванні Масквы мусілі ваяваць разам з Чырвонай арміяй супраць Польшчы, усе антыбальшавіцкія арганізацыі ў Літве і Латвіі падпадалі пад забарону.

вернуться

32

1 жніўня 1925 года ў лісце з Чэхіі да Антона Луцкевіча Жылка згадваў:

«Мне прыемна, што «Вершы аб Вільні» Вам спадабаліся і сталі прычынай крытычнай працы. Motto (вядучая думка, матыў) да вершаў <...> узяў я з «Віленскіх успамінаў»...».