Выбрать главу

Цені

Алесь Чарвякоў выходзіў на працу а сёмай раніцы. Каля дома яго і сустрэў Францішак Аляхновіч.

― О-о! Бацька нашай сцэны! Здароў будзь, — першым прывітаўся Чарвякоў. — Маеш што?

― Прыйшоў вось да бацькі ЦВК[35] прасіцца…

― Пра што?

― З'ехаць хачу з Менска.

― А што здарылася? — Чарвякоў адвёў Аляхновіча ад вокнаў дома — туды, дзе пачынаўся яшчэ голы пасля зімы парк.

― Цесна мне стала… Тут і таварыша Ждановіча дастаткова. — Аляхновіч хітравата прымружыў вочы.

― А сур'ёзна? — нахмурыў лоб Чарвякоў.

― А сур'ёзна — не магу…

Чарвякоў уздыхнуў, прайшоў углыб парка — за ім і Аляхновіч. Затым, пэўна, штось вырашыў, спыніўся:

― Значыць, сабраўся ў Вільню… Сям'я там?

― Там.

― Пасля абеда прыйдзеш да мяне… Што-небудзь скумекаю. Па ўсім, твае «Птушку шчасця» і «Цені» без цябе ставіць будуць…

У той дзень Чарвякоў выпісаў Аляхновічу камандзіроўку ў Радашковічы — «наладжваць тэатральную справу на раёне».

Аляхновіч напачатку завітаў на мігаўскі двор Уласава.

Дзень цёплы — і дзверы з сенцаў у хату адкрыты насцеж. Пасярод пакоя самаробны стол. На стулах — Уласаў з жонкай. Аляксандра Паўлаўна торапка круціла ручку швейнай машынкі. Аляксандр Мікітавіч сядзеў насупраць жонкі, штось пісаў у тоўстым сшытку. Малыя — Дзіма й Алег — таксама былі пры занятку: адзін пілаваў дошку, другі біў па ёй малатком…

Аляхновіч нават зніякавеў: не хацелася перарываць сямейную ідылію. Гаспадыня перапыніла работу, паправіла на плячах хусціну, пазнала Аляхновіча — і ўсміхнулася.

― Вось гэта госць! — узрадаваўся і Уласаў — з аграмаднай копкай чорных вусоў, падстрыжаны «пад нуль», у шырокім зрэбным касцюме. Агледзеў Аляхновіча (з чамаданікам, цёплае паліто, зіхоткія чаравікі). ― Давай бліжэй, і табе месца хопіць, — і паказаў на лаву. — Куды гэта так выхранціўся? Во каму дома не сядзіцца!

― Так-так, дома добра… — выдыхнуў Аляхновіч і стомлена сеў. — Ды яшчэ з такімі памочнікамі! ― і кіўнуў на малых.

― Зразумеў… ― Уласаў бліснуў шкельцамі пенснэ. — Сабраўся ляцець…

Аляксандра Паўлаўна схавала машынку, пачала збіраць на стол пачастунак:

― Во, як і ведалі… З абедам прыпазніліся. А што гэтым часам у Менску чутно?

― Калі вы пра харч — усе крамы адчынены, ды ў іх адно хлеб, квас і «сітро»… — Аляхновіч памаўчаў і сказаў да Уласава: — А на Камароўцы ЧК зноў страляе… А ў вас?

― А ў нас бальшавікі пакуль толькі збожжа забіраюць…

Ноччу Аляхновіч нелегальна перайшоў пад Радашковічамі мяжу — дзе гэта лацвей было зрабіць, падказаў Уласаў.

― Трымайцеся там… — сказаў ён, выпраўляючы госця. — Нешта будзе… А дарогай — на вось, прачытаеш… — і запіхнуў Аляхновічу ў кішэнь складзеную старонку газэты.

Яе Аляхновіч разгарнуў ужо ў «Польшчы», калі перайшоў мяжу, — газэта (назвы на адарванай старонцы не было) перадрукоўвала Мемарыял Найвышэйшай рады БНР польскаму ўраду:

«<…> у імя <…> будучыні і каб паправіць старыя абмылкі і завязаць з Беларускім народам вузлы прыязьні, Найвышэйшая рада Беларускай Народнай Рэспублікі зварочваецца да Ураду Найясьнейшай Рэчыпаспалітай Польскай з просьбай зрабіць вось якія пастановы:

1. Прызнаць незалежнасьць Беларусі ў яе этнаграфічных граніцах і ў цеснай эканамічнай сувязі з суседнімі дзяржавамі, якія ўтварыліся з былой Расейскае імперыі.

2. Форму дзяржаўнага ладу, а таксама дзяржаўную і палітычную сувязь з суседзямі разрашыць Беларускі Устаноўчы Сход, які будзе скліканы тым часовым Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі.

3. Усялякіе акупацыйные войскі павінны быць выведзены з беларускай тэрыторыі, а ў пераходным часе пратэктарат над Беларусьсю павінна ўзяць з рукі Лігі Народаў адна з дзяржаў, незаінтэрасаваных у Беларусі тэрытарыяльна.

Апрача гэтых асноўных пунктаў Найвышэйшая рада БНР просіць прыняць свайго прадстаўніка ў склад польскай дэлегацыі на мірные перагаворы з Савецкай Расеяй».

Пад Мемарыялам стаялі прозвішчы прадстаўнікоў Найвышэйшай рады Іваноўскага, Цярэшчанкі і Дубейкоўскага. Аляхновіч захавае тэкст Мемарыяла і праз некалькі тыдняў перадрукуе яго ў № 2 свайго новага часопіса «Беларускі Звон» ад 3 красавіка 1921 года. Аднак перамагла «эндэцкая» палітыка і ейны сцяганосец Грабскі. Незалежнасць падзеленай Беларусі так і засталася «папяровай»…

«Злосны» выкладчык

На пачатку сакавіка ў Вільні Аляхновіч сустрэўся з Тарашкевічам — абгаварыць навіны і, асобна, перадаць «галубіную пошту» ад Уласавай пляменніцы Веры (а ўжо ведаў, што Браніслаў з Верай даўно знаюцца).

вернуться

35

Алесь Чарвякоў узначальваў Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР.