Выбрать главу

Жылка прачытаў ужо аповесць Гарэцкага «Дзве душы» (кніжку, якая выйшла ў Вільні яшчэ ў 1919 годзе, даў яму Макар Краўцоў) і цяпер пачынаў задумвацца аб тым, што душа балюча дваілася не толькі ў галоўнага героя аповесці Ігната Абдзіраловіча, але — і ў самога аўтара, самога Максіма Гарэцкага… У памяці высвеціліся Бядулевы выцінкі з менскай «Звезды» за 1919 год з артыкулам «Крах самостийности», пазначаны крыптанімам П. Б.

― А хто гэты «П. Б.»? — спытаў тады Жылка.

― Панскі Бізун… Ён жа — Максім Гарэцкі, аўтар зборніка апавяданняў «Рунь», — паківаў галавою Бядуля…

А ў тым артыкуле два гады таму Гарэцкім выкладаліся зусім адрозныя думкі:

«Самостийность — это самая уродливая форма, в какую может вылиться возрождение <…>. Теперь жертвовать великими идеями коммунизма во имя возрождения в понимании самостийников — преступление перед тем же возрождаемым пролетариатом <…>. Наше крестьянство <…> должно смело ндти за свим коммунистическим строем, единственным истинным возрождателем».

«Як двума рознымі людзьмі пісалася… — дзівіўся Жылка. — За два гады — чым не дваенне душаў?..»

А затым ён даслаў у «Нашу Думку» свае новыя вершы — «Мы любім даўнія паданні…» і «Замчышча», якія пачалі абуджацца яшчэ падчас наведвання старадаўніх муроў віленскага замка, а да іх — заместа ліста — даклаў вершаванае пасланне:

Вельмі шаноўны пан Рэдактар[37]! Дару Вас крэйзаньнем сваім. А гэта досі важны фактар — Павінны Вы згадзіцца з тым. <…> Ды ўсё ж хацеў бы мець надзею (Мо шчырасьць гэтка пану ўперш), Што добры будзе пан судзьдзёю І не асудзіць гэты верш. А прачытаўшы ўважна тыя, Што я пры гэтым дадаю, І прысудзіўшы: «Не благія», Ў газэту зьмесьціць іх сваю. <…> Калі ж што лішняе сказаў, Хай мне даруецца абмылка. Затым з пашанай застаюсь Ўладзімер, сын Адамаў, Жылка, Па волі лёсу беларус.

І прычакаў новае расчараванне: два надрукаваныя вершы (у нумарах ад 6 і 14 траўня) настолькі пераправілі, што «жывога», свайго ў іх паэт прачытаў няшмат… А таму падчас новай сустрэчы з Макарам Краўцовым не мог стрымацца — даведаўся, што якраз ён і «правіў»:

— Чаму ж ты ўжо сам і не падпісаўся пад вершамі?!

Але натхнялі Жылку публікацыі ў Аляхновічавым «Беларускім Звоне», а таксама ў «Маладым Жыцьці» — новым беларускім віленскім выданні, дзе актыўна друкаваліся Наталля Арсеннева і Уладзімер Дбоўка.

«Маладое Жыцьцё» рэцэнзавалі і хвалілі.

«Часопісь робіць надзвычай прыемнае і сымпатычнае ўражаньне ўласьцівым моладзі размахам і верай», — пісаў пра яго ковенскі «Беларускі Сьцяг».

Віленскае беларускае студэнцтва з новага года пачне выдаваць і «Наш Шлях», які таксама абудзіць надзеі ў сваіх чытачоў і рэцэнзентаў.

«Рознародны і багаты зьмест часопісі, новыя імёны маладых прадстаўнікоў, а яшчэ болей новыя, сьвежыя, сьмелыя думкі акрыляюць чытача надзеяй і верай у нашу сьветлую будучыну. «Наш Шлях» загаварыў да сваіх чытачоў дзе трэба здаровай прозай: «Хто ня бьець, таго бьюць», а дзе — чыстай паэзыяй і здаровым маладым рамантызмам, сьвядомай сваіх сіл і мэт моладзі. Паміж маладых аўтараў — С. Радзіміч і С. Дрыгуновіч ― зарысовываюцца як сільныя немалога таленту публіцысты з вельмі цэнным ухілам да аналітыкі. Пяром Ф. Маркотнага кіруе душа цьвёрдага грамадзяніна і запраўднага гаспадара краю. Вершы Арсеньевае — гэта істотна кветкі паэзыі…».

Абедзьве выцінкі пісаліся ў Коўне Вацлавам Ластоўскім.

Напрыканцы траўня 1921 года польскія ўлады закрыюць «Нашу Думку»…

* * *

З кожным месяцам аддалялася краіна ад вясны сваёй незалежнасці, і азіраючы пазначаны шнарамі новых межаў і франтоў ды таўрышчамі магілаў пакутны трохгадовы — ад сакавіка 1918-га — адрэзак-шлях, паразумення мусілі шукаць нават самыя злосныя апаненты і непрыяцелі, якім наканавана было ісці пад сцягам беларускасці.

Створаная летам 1921 года Рада Беларускай нацыянальнай сувязі прапанавала правесці ў Празе Нацыянальную канферэнцыю і выдала абвешчанне:

«Да ведама беларускага грамадзянства, усіх беларускіх партыяў, арганізацыяў і груп.

Надышоў момэнт, калі прадстаўніком беларускай нацыянальнай думкі трэба аб'яднаць свае зусільля ў напрамку забесьпячэньня бліжэйшай будучыні Бацькаўшчыны. <…> У першую чаргу трэба высьвятліць унутранае і міжнароднае становішча Беларусі.

вернуться

37

Уладзімер Жылка звяртаўся не да «пана» Максіма Гарэцкага (як сцвярджалася, напрыклад, у каментарыях да «Выбраных твораў» паэта, ― Мінск, «Беларускі кнігазбор», 1998), а да Макара Краўцова, які на той час рэдагаваў «Нашу Думку».