― Паведамлялі мне з Рыгі, што ў вас да мяне клопаты?
― Так, Яніс Крыш'янавіч. Беларусы хочуць прасіць у вас падтрымкі… — загаварыў Езавітаў. — Наша таварыства «Бацькаўшчына» заклала ўжо дваццаць школ. Хочам адкрываць новыя. А для кіраўніцтва і арганізацыі беларускага школьніцтва неабходна стварыць спецыяльны адзьдзел пры міністэрстве асветы. Гэтага і дамагаецца Цэнтральнае праўленне «Бацькаўшчыны» і шукае, найперш, вашай падтрымкі — і як вядомага паэта, і драматурга, і як лідэра латвійскай сацыял-дэмакратыі, і як дэпутата Устаноўчага Сойма.
― А што… — Райніс прыціснуў даланёй бародку, задумаўся. — З міністрам Дауге я пагавару… Складзём зварот у Кабінет… А чаму б і не?! — Затым доўга распытваў пра Беларусь, беларусаў Латвіі.
Езавітава дзівіла, што Райніс ведаў не толькі пра беларускі нацыянальны супраціў бальшавікам, у прыватнасці — пра Слуцкі збройны чын, але і пра ўзаемаадносіны беларускіх дзеячоў.
― Ці праўда, што Антон Луцкевіч назваў Ластоўскага бандытам, а літоўцаў — заклятымі ворагамі? Чым займаецца Народная рада БНР і ўрад Ластоўскага ў Каўнасе-Коўні? — некаторыя з ягоных пытанняў.
Езавітаў мусіў даверыцца:
― Рыжская дамова ад 18 сакавіка па жывому парэзала Беларусь на часткі… ― ён зірнуў на свайго фурмана — той нават паспеў задрамаць на мяккім фатэлі — і працягнуў смялей: — У абедзьвюх частках Беларусі пачалася падрыхтоўка паўстанняў. Аднак карныя органы арыштавалі эсэраўскае ЦК — а эсэры кіруюць уздымам — і ўвесь менскі камітэт партыі, сотні партыйных актывістаў… Пасля гэтага галоўная роля ў арганізацыі супраціву і перайшла да дзеячоў у Заходняй Беларусі і эміграцыі, перайшла да Ластоўскага…
Калі развітваліся, Райніс завёў гасцей у сад і натрос ім яблыкаў…
А 18 жніўня на адрас «Бацькаўшчыны» ад яго прыйшоў ліст, у якім паведамлялася аб першых кроках па ўтварэнні беларускага адзьдзела пры міністэрстве асветы. Райніс яшчэ раз запэўніваў:
«Вы ў мяне заўсёды знойдзеце ў добрых справах добрага абаронцу».
Пра ўсе падрабязнасці распачатага нацыянальнага вызвольнага руху Езавітаў расказаць не мог нават Райнісу — і не таму, што не хацеў даверыцца, — не хацеў уводзіць і Райніса, і сваіх сяброў у непатрэбную рызыку. З месяц таму не без удзела ўрада эсэра Ластоўскага і яго, Езавітава, спрыяння быў створаны Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт на чале з Уладзімерам Пракулевічам, былым старшынёй Рады Случчыны, пад кіраўніцтвам якой і выбухнуў летась антыбальшавіцкі чын. Пракулевіч быў сябрам прэзідыума Віленскага нацыянальнага камітэта і сябрам замежнага ЦК партыі беларускіх эсэраў. У маі 1921 нават арыштоўваўся польскімі ўладамі.
Галоўны штаб беларускіх партызанаў узначаліў падпалкоўнік Успенскі, былы камандзір Ваўкавыскага беларускага батальёна. Партызанскія атрады пачалі фармавацца на Горадзеншчыне. А на верасень у Празе была запланавана канферэнцыя беларускіх палітычных арганізацый, якая і мусіла вызначыць адносіны беларускага руху да Рыжскай дамовы і далейшую палітыку ў стасунках з Масквой і Варшавай…
Чаканыя нечаканасці
У Дзвінску Езавітава чакаў прыемны сюрпрыз. Раніцай зайшоў на кватэру «Бацькаўшчыны», а Ян Харлап замест роспытаў выпаліў:
― Тут цябе ўжо колькі дзён твой таварыш дамагаецца… Жыць не мае дзе, дык я яго ў нас, у бібліятэцы «прапісаў», — і ўсміхнуўся. — Схадзі павітайся, а тады пра паездку раскажаш…
Толькі адкрыў шкляныя дзверы ў бібліятэку, а насустрач — Васіль Муха:
― Нарэшце ты адшукаўся, пан генерал!
…Год Муха правёў у атрадзе Сяменіка. Расказваў, што палякі выдавалі толькі харч, а ў зношанай вопратцы, казалі, у лесе ня сорамна… Нястачы прывялі да хваробаў. Восенню палову атрада — і самога камандзіра, і Муху — зрэзаў тыф. Хворых адвезлі ў мястэчка Смалявічы. Пасля гэтага атраду Сяменіка польскія ўлады выдалі абмундзіраванне, пенсію і, дазволіўшы пашыраць свой аддзел, даручылі самае пякельнае — выведку на фронце.
Муха паказаў нават фотакартку выведчыкаў: дзевяць партызанаў — у шынялях, світках, падперазаных дзягамі, у зімовых шапках-«стаўбурках», за плячыма — вінтоўкі. Паперадзе Лукаш Сяменік — невысокі, у доўгім шынялі з каўняром з чорнага футра, на дзязе — кабура з наганам і марскі корцік (падарунак Мухі), доўгая шабля ў похве, чорная шапка бокам насунута на макаўку галавы, высокі ў маршчынах лоб. За Сяменікам — сам Муха.
― Чакай, недзе я ўжо гэтую гвардыю бачыў… ― Езавітаў аддаў фотакартку. — Ну так, пад артыкулам пра Сяменіка ў Аляхновічавым «Беларускім Жыцьці»![38] Так што не думай, — і Езавітаў прыязна ўсміхнуўся, — ведаем мы сваіх герояў…
38
Артыкул «Л. Сяменік», падпісаны скарочаным «Ст-іч», і згаданы фотаздымак беларускіх партызан былі змешчаны ў № 3 (25) «Беларускага Жыцьця» за 9 лютага 1920 года. Адным з першых «партызанку» Сяменіка і ўвесь беларускі вайсковы рух (дзейнасць Булак-Балаховіча, арганізацыі «Зялены Дуб» пад ачолам Дергача-Адамовіча) пачаў вывучаць беларускі гісторык і бібліяфіл Рамуальд Зямкевіч. Ён меў магчымасць працаваць з архівам Булак-Балаховіча і нататкамі-мемуарамі Ядвігіна Ш. пра генерала, якія перапісаў у сына Булак-Балаховіча. У лісце да Вацлава Ластоўскага 27 снежня 1922 года (глядзі публікацыю лістоў Язэпам Янушкевічам у «ЛіМе» (1999, 4 чэрвеня)) Рамуальд Зямкевіч прызнаваўся:
«Апрача гэтага запісаў я са слоў Дзергача (Адамовіча) шмат фактаў, каторыя правяраю ў гутарках з ваякамі Балаховіча і св[ятой] пам[яці] Семенюка. Зрабіць гэта, разумеецца, трэба і то як найхутчэй, бо падзеі ў памяці заціраюцца, а не напісанае і не надрукаванае не дасць ніколі будучыім пакаленням зразумення праўды. Гісторыія партызанкі Семенюка (Рамуальд Зямкевіч, як і многія іншыя, называў партызанскага атамана Семянюк, а не Сяменік. ― А. П.), а таксама «Зялёнага Дуба» цікавіць і займае маю ўвагу, але кожная паасобку. Разумеецца, што ўсё гэта ў адрыўках будзе вам паслана для друку ў «Беларускім Сьцягу»».
Згаданыя матэрыялы Рамуальда Зямкевіча знайсці не ўдалося. З ягонага пісьма вядома адно: жыццёвы шлях беларускага партызана-змагара Лукаша Сяменіка скончыўся да снежня 1922 года ― перад прозвішчам з'явіўся дадатак «св[ятой] пам[яці]...