Выбрать главу

Варшаўскі ўрад мусіў прызнаць дзеянні кіраўніцтва Сярэдняй Літвы недапушчальнымі. Польскі дэлегат у Вільні Тупальскі, дырэктар Дэпартамента ўнутраных спраў Сянкевіч і пракурор Пржылускі падалі ў адстаўку.

Але… прайшлі выбары ў Віленскі сойм, і 20 лютага яго дэлегаты выказаліся за далучэнне Сярэдняй Літвы да Польшчы. Не мог паўплываць на развіццё падзей і новы польскі міністр замежных спраў Скірмунт, які змяніў Сапегу.

Пра беларускія справы пачалі актыўна пісаць замежныя газэты. Чэшская «Tribuna» ад 5 сакавіка 1922 года (№ 55) паведамляла:

«Скірмунт, прыйшоўшы на змену Сапегу, быў таксама перакананы ў шкоднай польскай палітыцы, але не меў уплыву на развіццё падзей — выбары ў Віленскі сойм 8 студзеня 1922 г. Віленская ганьба саслужыла кепскую службу палякам за граніцай, і польскі ўрад імкнецца прыкрыць яе тым, што дае статут аб аўтаноміі… Ковенскі літоўскі ўрад пратэстуе… Англія і Францыя выказаліся супраць далучэння… Пілсудскі знаходзіцца ў цяжкім становішчы…»

Польскія і бальшавіцкія ж газэты «гарнулі» кожная ў свой бок. «Rzeczpospolita» ад 8 сакавіка 1922 года:

«…Беларусь, адарваная ад Польшчы, падпадзе пад Маскву і страціць сваю правінцыйную асобнасць, бо дух Масквы не ёсць духам, які шануе народныя асобнасці. Беларусь у звязку з Польшчай выдасць многа знакамітых палякаў, але застанецца Беларуссю і заўсёды будзе мець магчымасць самастойнага развіцця, калі толькі будзе мець духовыя сілы дзеля гэтага. Умацаванне польскага прадстаўніцтва на Беларусі важна не толькі для Польшчы, але і для Беларусаў, якія яшчэ аб гэтым не ведаюць…»

А бэсэсэраўская рускамоўная «Звезда» таго часу пераконвала ў іншым:

«…віленскія беларускія нацыяналісты, гэтыя балтуны і пустамолы, гэтыя людзі без стырна і без ветразей, што аніяк не могуць павярнуць сваёй калянай галавы на ўсход, якія даўно прадалі сваю «бацькаўшчыну», і яны палезуць у польскую арыентацыю, пабрыдуць за панам Алексюком, а тыя, хто не захоча гэтага зрабіць, а гэткіх будзе вельмі мала, — не па сваёй волі «пойдут искать по свете, где оскорбленному есть чувства уголок».

З агня — у полымя

Па календары яшчэ мусіла паўнапраўна панаваць зіма, але днём пачынала адліжыць, і каля вокнаў апошняга паверха Юбілейнага-Беларускага дома раслі аграмадныя ледзяшы. Пад абед яны ўжо не маглі стрымаць свой цяжар — адрываліся і з гохкатам біліся аб выступ падмурка.

У рэдакцыі на той час сабраліся амаль усе супрацоўнікі: Янка Купала, рэдактар літаратурна-мастацкага часопісу «Вольны Сьцяг», Язэп Лёсік, Змітрок Бядуля — сябры рэдкалегіі.

Чарговы нумар быў амаль падрыхтаваны. А палове першай дзверы расчыніліся і, колка бліснуўшы шкельцамі пенснэ, у пакой увайшоў Цішка Гартны, скупа прывітаўся, зняў паліто, шапку — паклаў на падаконне, сеў каля Купалы, падсунуўшы да ног партфель (свежыя матэрыялы газэты «Савецкая Беларусь», рэдакцыю якой узначальваў, заўсёды насіў з сабой), — і наструнена агледзеў прысутных.

Бядуля скрыпнуў услончыкам, на якім сядзеў, павярнуўся да госця і не без весялінкі пачаў з пытання:

― Што, Зміцер, прынёс нам новага?

― Новага? — Гартны нібыта абудзіўся. — Але, прынёс… — Зняў пенснэ, хацеў працерці запацелыя шкельцы, але не знайшоў у кішэні насоўкі і зноў паднёс да вачэй (так і глядзеў праз затуманеныя лінзы): — Навіна вось якая… — Голас выдаваў усхваляванасць. — На гэтыя часопісы, што вы друкуеце, больш грошай адпускаць не будуць…

Усе доўга маўчалі — ажно пакуль з паддашка зноў не адарваўся і з гохкатам не разбіўся лядзяш.

― Друкарні яшчэ аплоцяць работу за апошнія нумары, а далейшае выданне іх спыняецца… — датлумачыў Гартны.

І зноў ніхто не прамовіў у адказ.

― Пачнуць выдавацца іншыя часопісы, савецкія. — Гартны бубніў у нос. — А вам трэба пераключыцца на новы стыль работы… І яшчэ скажу: справы нашы пачынаюць ускладняцца…

― Ты толкам раскажы, адкуль навіны прынёс, а не загадкі строй, — не стрымаўся Лёсік і адкінуў стары часопіс, які гэты час перагортваў.

― Пастанавілі так у Агітпропе[40]. Заміж «Вольнага Сьцяга» будзе выдавацца часопіс «Полымя Рэвалюцыі»…

― Дык гэта вы ўжо там усё ў сваім Агітпропе абмазгавалі? — выкрыкнуў Лёсік. — Выглядае, што так усё й будзе. Але ж часопісы засноўваюцца на дзесяткі, соткі гадоў, а рэвалюцыю ж вы гэтак доўга рабіць не будзеце! Прайшла ж яна! Дык якое — «Полымя Рэвалюцыі»?! І за мяжой яго браць у такой шапцы не будуць… Каб хоць «Полымя»…

вернуться

40

Адзьдзел агітацыі і прапаганды.