Пухкая гандлярка з падмаляванымі брывамі, завінаючы булку, пранікнёна агледзела Купалу і злорада кіўнула на вайскоўцаў:
— Ну… Дык яны запэўняюць, што гэта іх салдаты… Вочы нам чмараць… Гэта старыя салдаты, я вам кажу… Старыя прыехалі ад генералаў і наняліся. Толькі тыя так ходзяць…
11 ліпеня 1922 года Купала ўзяў у Наркамаце БССР спецкамандзіроўку і выехаў у Акопы, дзе ў спакойнай цішы закончыў сваю споведзь-плач — п'есу «Тутэйшыя», у якой адлюстравалася ўсё перажытае і выпакутаванае за апошнія гады…
Архіўная мазаіка
Прабягалі дні, тыдні, месяцы. Езавітаў адчуваў, што многае пакрываў нябыт, і аніяк не асмельваўся «пачысціць» сваю кватэру: і шафы, і стол, і падваконні былі стахтораны старымі газэтамі — на розных мовах, кніжкамі, каталогамі. Ён марыў некалі ператварыць усё гэта ў інфармацыйны архіў, але часу не ставала, кожны дзень прыносіў новыя клопаты, і ён вырашыў — каб не варочацца да гэтага ў другі раз — адразу ж рабіць выразкі і выпіскі і сістэматызаваць інфармацыю адразу ж пасля прачытання. Пакуль што складвалася своеасаблівая архіўная мазаіка, але ўнармаваць яе пазней, разумеў ён, будзе прасцей.
Вечар пачаў з прагляду эстонскіх газэт. Яны пісалі пра ўзмацненне паўстанцкага руху ў паветах Віцебскай губерні. У рускамоўным «Голосе России» ад 18 ліпеня 1922 года (№ 1007) паведамлялася:
«Андрэеўская воласць Полацкага павета занесена на чорную дошку як бандыцкая і антысавецкая. Камуністы з гэтых паветаў паспешна перабраліся ў гарады. Савецкая ўлада звяртаецца да сялянаў з заклікам да іх разважлівасці і пагражае непакорным жорсткай расправай».
Полаччына… Андрэеўская воласць… Ён жа тройчы — на летніх вакацыях — хлапчуком бываў там!..
«Виленская Речь» пісала аб тым, што пачынаючы з 30 ліпеня паміж Барысавам і Менскам пачаліся крывавыя сутычкі «чорных» партызанскіх груп з бальшавікамі. За апошнія дні адбыліся сапраўдныя бітвы з удзелам артылерыі. «Чорныя» раззброілі дзесяць батальёнаў савецкай пяхоты…
«Нават калі звесткі ўшматкроць павялічылі, ― думалася Езавітаву, — і то ж якая колькасць!»
Пра тых партызан пазней напісаў і «Беларускі Сьцяг» (1922, № 4, с.58):
«31 ліпеня гарматная страляніна была чутна на «польскай» тэрыторыі. — Езавітаў чытаў далей «Виленскую Речь». — Паміж бальшавікоў — неразбярыха. Менск акружаны войскам. З наступленнем ночы спыняецца ўсякі рух на ўсіх дарогах. З Барысава вывезена казначэйства і эвакуяваны савецкія ўстановы. На месцы застаўся толькі ваенком. 2 жніўня пачалася паспешная эвакуацыя Менска, бо шыхты «чорных» лікам каля 50 тысяч з артылерыяй знаходзяцца ўсяго ў 12 вярстах ад горада. Савецкая конніца і два палкі пяхоты, высланыя супраць паўстанцаў, перайшлі на бок «чорных».
«Божа, не зваяваны яшчэ дух народны!» — усхваляваны Езавітаў акуратна складваў выцінкі ў асобную папку…
«Правда» (за мінулы тыдзень) у перадавіцы паведамляла аб тым, што «выступлений против Латвии и Эстонии со стороны России не будет до тех пор, пока будет держаться совецкая власть», а ў свежым нумары «Беларускага Звона» (ад 21 ліпеня 1922 года) выдрукавана нататка:
«На эстонска-савецкай граніцы каля Пскова эстонская варта была абстраляна праз бальшавікоў. Разгарэлася бойка, нават дайшло да артылерыі…»
Толькі дазнаўся пра Сабор беларускіх праваслаўных біскупаў, які адбыўся ў Менску і пастанавіў аднавіць ранейшую аўтаномную беларускую Архібіскопію (у складзе пакуль толькі Менскай, Магілёўскай, Мсціслаўскай і Полацка-Віцебскай епархій), а на беларускага архібіскупа зацвердзіў біскупа Менскага і Турава-Слуцкага Мелхісэдэка (Міхайлу Паеўскага, сына беларускага святара з Горадзеншчыны), — як агаломшыў ліст Ластоўскага (а той займеў інфармацыю ад Ігнатоўскага): Вышэйшая маскоўская царкоўная ўправа вырашыла перавесці епіскапа Мелхісэдэка з Менска ў адну з далёкіх епархій РСФСР — далей ад «аўтаномнасці» і думак пра беларускую аўтакефальную царкву… Пра гэта пазней — 15 верасня 1922 года — напіша і «Беларускі Звон».[47]
Затым Езавітаў асобна складваў паведамленні «культурніцкага» характару. Нататка з «Беларускага Звона» (13 траўня 1922 года, № 13 (38)) — «Ад'езд грам. Я. Чарапука ў Амэрыку»:
«10 траўня з м. Лібавы параходам «Эстонія» ад'ехаў у Амэрыку сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі грам. Я. Чарапук, які да гэтага часу працаваў у Дыпламатычным Прадстаўніцтве Беларусі пры Літоўскім урадзе. Там грам. Чарапук будзе займацца грамадзкай і культурна-прасьветнай працай сярод беларускага грамадзянства ў Амэрыцы. Вялікую дапамогу ў атрыманьні амэрыканскай візы зрабіў сам консул Эдварс, які вельмі зацікаўлены беларускай справай».
47
Пазней пасля «незразумелай» смерці мітрапаліта Мелхісэдэка на Беларусі камуністы хацелі паставіць беларускім мітрапалітам саракапяцігадовага Красінскага, былога выкладчыка літаратуры ў Вільні. Дзеля гэтага яго нават пераправілі цераз мяжу з Заходняй Беларусі ў Менск. Аднак беларускія светары і вернікі нават не захацелі з ім гаварыць. І Красінскага мусілі ўладкаваць... адміністратарам у Дзяржаўны тэатр. Пасля арышту ў 1930 годзе ен пачне выдаваць сябе за «варшаўскага агента» і рабіць даносы на свядомых беларусаў.