Выбрать главу

«Пілсудскі сказаў, ― прабурчэў ён, не падымаючы вачэй, — што беларусы — гэта нуль, украінцы — яшчэ тое-сёе, але гульня з імі не стоіт свечь»…

Пасля гэтага беларусы аднавілі пагадненне з ранейшым блокам, вярнуліся ў Вільню і пачалі арганізоўваць Беларускі выбарны камітэт. Яго старшынёй стаў Антон Луцкевіч, намеснікам — Браніслаў Тарашкевіч, скарбнікам — ксёндз Адам Станкевіч, першым сакратаром — Міхал Кахановіч, другім — Леапольд Родзевіч, сябрамі Камітэта — Францішак Аляхновіч, Максім Гарэцкі[48], Сымон Рак-Міхайлоўскі, Антон Трэпка, Аляксандр Уласаў і іншыя вядомыя беларусы.

Выбары выявілі новы — яшчэ большы — раскол у беларускім нацыянальным руху, бо рада міністраў БНР Ластоўскага пайсці на «выбарнае» згодніцтва не магла.

«Дзеля абароны, — пісалі беларускія віленскія газэты, — мы ідзём на выбары», гэтым самым, — лічылі ў Коўне, — згаджаліся на панаванне Польшчы на беларускіх землях і — нават у лепшым збегу падзеяў — будуць патрабаваць свайго не як гаспадары сваёй дзяржавы, а як падначаленыя чужой. А да ўсяго — ад Беларусі яшчэ далей адплывала ў шквалах палітычных гульняў старажытная Вільня…

Раслі ў польскім краі палітычныя буры — таннела польская марка. «Тысячныя» і «пяцітысячныя» ўжо не змяшчаліся ў кішэнях звычайных работнікаў. Фунт хлеба стаў каштаваць 120-150 марак (а тры гады назад быў толькі па 40). Польшча мусіла аддаваць шмат сродкаў на сваё войска — не абсталяваўшы межаў, не ладзячы і з немцамі, і з літоўцамі, і з рускімі, іншага выйсця яна не мела. Вялася барацьба з украінцамі ў Галіччыне, з немцамі ў Шлёнску, з беларусамі — у Белавежы. Грошай «прасілі» і тайная паліцыя, і армія бюракратаў…

«Адбываецца нейкая чэхарда, — пісаў «Беларускі Звон» (№ 19 (44)), — цэны павялічваюцца на прадукты ― рабочыя і чынавенства патрабуюць надбаўкі платы; надбавюць плату — растуць цэны на прадукты… і так без канца. Станкі ў Польшчы ўжо не пасьпяваюць друкаваць папяровыя грошы. Хутка тысячныя і пяцітысячныя стануць дробнымі грашмі, а ў хаду зьявяцца, мусі быць, 25 000, 50 000, 100 000, а пасьля не за гарамі будуць і мільёны…»

Выбары планаваліся і ў латвійскі Сойм. Беларусы склалі свой асобны спіс пад № 21, на чале якога значыліся Кастусь Езавітаў і Сяргей Сахараў.

Лубянка

Першы дзень маскоўскай восені 1922 года. Першая лекцыя ў Пятроўска-Разумоўскай акадэміі. Нечакана без стуку ў аўдыторыю ўвайшлі двое — у форме ГПУ.

— Кто студент Горецкнй Гаврнла?

Студэнт здзівіўся, устаў.

— Выйдем на мннутку…

«Мінутка» расцягнулася на месяцы.

Па фальшывым даносе Гаўрылу Гарэцкага, брата Максіма Гарэцкага, абвінавацілі — з прычыны яго беларускай культурніцкай працы — у пяцігадовай контррэвалюцыйнай дзейнасці і пасадзілі ў турму ГПУ. Яго сястра Ганна, студэнтка заатэхнічнага інстытута, дамагалася вызвалення беспадстаўна арыштаванага брата. 15 верасня, не атрымаўшы дазвола на сустрэчу, яна, маркотная, вярталася на кватэру. На Лубянцы натоўп сапхнуў яе з трамвая. Ганна моцна паранілася і праз тры дні — на дваццатым годзе жыцця — памерла ў маскоўскай бальніцы.

Сваю таварышку студэнты-беларусы пахавалі ў Галовінскім манастыры пры царкве — дазволу вывезці ейнае цела на радзіму не далі.

Гаўрылу Гарэцкага хацелі выслаць за межы Савецкай Расіі, але — пасля допытаў у Менжынскага — вызвалілі…

Луцкевіч супраць Балаховіча

На прыканцы верасня віленчукі-беларусы раз'язджаліся па акругах — арганізоўваць перадвыбарныя сходы.

Цёплай і сухой выдалася восень, нават кволы вецер узнімаў над гасцінцамі хмары пылу. Галодныя буслы тупалі па прыдарожных узбалотках, нібыта й не збіраючыся ў адлёт.

З'езд прадстаўнікоў павятовых і гмінных камітэтаў Наваградскага вокругу адбыўся 27 верасня ў Баранавічах. Сабралася сорак надзеленых мандатамі прадстаўнікоў. Даклады перапыніла нечаканае з'яўленне Булак-Балаховіча з «групай падтрымкі» — Адамовічам-Дзергачом, былым атаманам партызанскага атрада «Зялёны дуб», Паўлюкевічам і іншымі. Яны спакойна расселіся ў зале і перадалі ў прэзідыум свае мандаты. Пасля кароткай нарады ад імя прэзідыума слова ўзяў Кахановіч:

— Сябры, мандаты, перададзеныя нам групай Булак-Балаховіча, правідловымі прызнаць мы не можам, бо на з'езд пасылаліся па адным дэлегаце ад гмінных і па два ад павятовых камітэтаў…

вернуться

48

1 кастрычніка 1922 года ў «Беларускім Звоне» (№ 23 (48)) быў змешчаны ліст Максіма Гарэцкага:

«Грамадзянін Рэдактар! Прашу надрукаваць, што я, ня маючы па законах Польскай Рэспублікі выбарнага права, ніякага ўчасьця ў працы выбарныіх арганізацый ня прыймаў і ня прыймаю. Імя маё ў ліку сябраў Беларускага выбарнага камітэта зьявілася праз непаразуменьне. Максм Гарэцкі. Вільня. 30.ІХ. 1922».