Выбрать главу

Езавітаў маўчаў, і Ластоўскі пасля пярэрвы дадаў:

― А верш — як стогн, выбалены… Гэта не падробка, і мне падаецца, я ведаю яго аўтара.

― То скажы, каму паціснуць руку?

― Гэтымі днямі яго штось не відно было…

На чацвёрты дзень працы канферэнцыі ў калідоры залы паседжанняў Езавітаў сустрэў Аляхновіча. Крыху пагаварылі — Аляхновіч не хаваў уражанняў ад канферэнцыі, ад менскага тэатра:

― І насамрэч тут тэатр ёсць, і дзяржаўную субсідыю мае!..

Даўгавата спыталі піва ў сталоўцы № 1 на рагу Савецкай — усё, што засталося ад колішняй рэстарацыі. Пасыпаная апілкамі падлога, брудныя вокны, публіка — пераважна ў доўгіх чырвонаармейскіх шынялях… Узгадвалі мінулае, сяброў. Аляхновіч часта курыў…

― Ведаеш… Пахадзіў, паглядзеў. Хачу застацца тут.

― А сям'я, праца? — Езавітава, па ўсім, не здзівіла гэтае прызнанне.

― Жонка з сынамі пагадзілася пераехаць.

― Колькі сынам?

― Пяць і два… А праца — хіба тое, што рабіў, так назавеш? Абрыдла мне страхавая каса і яе слутжбовы стол. Не гэтым хочацца займацца.

― А рада? — Езавітаў спытаў цішэй, нібыта вывучаючы сябра, нібыта не жадаючы яго пакрыўдзіць — стаўленне да Беларускай часовай рады пад ачолам Паўлюкевіча, у якой Аляхновіч лічыўся заступнікам старшыні, былі аднолькавыя ў большасці беларусаў — здраднікі, якія падспеўвалі пад польскую дудку.

― Рада? — Аляхновіч спахмурнеў. — Ну ўблёўтаўся я ў яе, што казаць… Карысці, праўда, з мяне ёй аніякай. Ды й на жыццё паўлюкоўцам шанцы невялікія: палякі ўжо колькі месяцаў не плоцяць грошай, і «радаўцы» не маюць ні на гарэлку, ні на абед.

― А што гэта ні Луцкевіча, ні Тарашкевіча на канферэнцыі не відно?

― Х-ха… — Аляхновіч падпаліў новую папяросу, цяжка выдыхнуў дым, адкінуў запальнічку. — Палякі не далі ім дазволу на выезд, вось і засталіся.

― А як аднаму ў Менск ехалася? Мы з Ластоўскім, па-праўдзе, рыхтаваліся да нечаканак…

― Спакойна ехаў! Я ж на службе водпуск узяў… Адно пачуцці дзіўныя: Стоўбцы — яшчэ «Польшча», а Негарэлае праз колькі кіламетраў, з якога сяляне сотні гадоў на кірмаш у Стоўбцы хадзілі — ужо Беларусь. Вось як разанулі… Прыехаў увечары, пераначаваў у маленькай гасцініцы каля вакзала. Не хацеў ноччу маці турбаваць.

― Яна ўсё там жа, на Вясёлай, каля Вайсковых могілак? Як здароўе?

― Ды не скардзілася… І я ёй сказаў, што вось вазьму ды застануся. Сям'я перабярэцца… — Аляхновіч дакурыў папяросу, расціснуў на папяльнічцы, зробленай з кансервавай бляшанкі. — Узрадавалася… Займуся, кажу ёй, сваёй справай, а жонка дапаможа развесці табе курэй… Маці вельмі куры любіць! Пару гадоў таму мела некалькі, ды пакралі…

Яны дапілі піва і выйшлі. На прыступках сталоўкі сутыкнуліся з двума рослымі вайскоўцамі ў форме ГПУ.

― Што, генерал, скажаш пра гэтых стральцоў? — спытаў Аляхновіч, калі тыя нырнулі ў сталоўку. Падалося, што ён крыху захмялеў.

― Я такі генерал без войска, як і ты — рэжысёр без тэатра, — жартам парыраваў Езавітаў. А Аляхновіч абнечаканіў:

― А я іхняга шэфа — Дзяржынскага — ведаў! Спатыкаўся не раз з ім на калідорах Віленскай гімназіі. Ён быў старэйшы на тры клясы… Затым кінуў гімназію — як і я — і працаваў рэпетытарам у маіх сваякоў у Борце, маёнтку непадалёк ад Вільні. Неяк Фелікс знік, пакінуўшы ў хаце валізку, а ў ёй — забароненая літаратура. А яшчэ праз пару дзён з'явілася паліцыя…

― Дык во адкуль у іх вопыт!

― Што маеш?.. — не зразумеў Аляхновіч.

― Ды хоць бы пра твайго другога знаёмага, Фальскага. Не чуў?

― Не…

― Фальскі ставіў у Менску п'есы, беларускія п'есы, ведаеш пра гэта. І Купалавы, і твае, пэўна… ГПУ падаслала да Фальскага дзяўчыну, якая нібыта перайшла з Заходняй Беларусі. Тая папрасіла ў Фальскага савецкіх газэт… Дзяўчыну потым арыштавалі, а за ёй і Фальскага — і абвінавацілі ў тайнай сувязі з палякамі, выраклі да расстрэлу. Затым выслалі ў канцлагер і забаранілі жыць на Беларусі…

― У БДТ[52], дзецішчы і Фальскага, я ўчора быў… Ведаеш, — Аляхновіч узрушыўся, расхваляваўся, нібыта й не чуў Езавітава, — мяне пазналі, усцягнулі на сцэну, падкідалі ўгару! Праўда, на рэпетыцыі разанула, што сяляне з 1863 года — гэта я пра пастаноўку «Кастуся Каліноўскага» — гаварылі моваю сённяшніх камсамольцаў…

― Ты пра тэатр, дзе дырэктарам зараз Язэп Дыла?

― Так. А скора збіраюцца адкрыць і другі — БДТ 2, у Віцебску. Маю запросіны на яго адкрыццё! Аспрэчыць нельга: шмат чаго карыснага ў Менску робіцца. І газэты беларускія, і кнігі, і школы, і універсітэт, і дух, падаецца, таксама. І канферэнцыя гэта засведчыла. Ці не так?

вернуться

52

Беларускім дзяржаўным тэатры.