А ў галаве — галасы сяброў.
«І амаль усе за кратамі. Што за д'яблава наканаванасць?! Што за жыццё — як паміж молатам і накавальняй! Няўжо столькі граху на беларускім следзе, што столькі крыві яго аніяк ачысціць не можа?!»
…Першым з іхняй кагорты арыштавалі Аляхновіча — подла, як толькі магло ГПУ: запрасілі ў краіну (візу на ўезд у СССР у Варшаве сам Ульянаў выдаў), і грамадзянства савецкае прапанавалі, і на «брудэршафт» запрашалі — і праз паўтары месяцы звязенілі. «А каб тады і Аляхновічу, і Ластоўскаму паслухацца Баліцкага, нацкама асветы БССР — радзіў жа ім у прыватнай гутарцы не аддаваць сваіх замежных пашпартоў! Толькі ж куды беларусам падзецца на гэтым свеце?! Ні на чужбіне, ні на радзіме жыцця ім няма…» Аляхновіч — ужо грамадзянін СССР — атрымаў працу ў Віцебскім тэатры, радаваўся, што пачалі рыхтаваць пастаноўку ягонай п'есы — радаваўся ажно да 1 студзеня 1927 года, калі яго арыштавалі і даставілі ў Менск, а затым — у сакавіку — зачыталі абвінавачанне[53] і выслалі на дзесяць гадоў у Салаўкі, у муры колішняга манастыра, ператвораныя ў савецкі канцлагер…
Не дапамаглі і апякунства, і заступніцтва вядомых беларускіх дзеячоў Менска — Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Міхайлы Грамыкі, Янкі Купалы, Алеся Гурло, Аркадзя Смоліча, Язэпа Лёсіка, Уладзімера Жылкі, Аляксандра Піятуховіча й іншых… Не дапамаглі і спадзеўкі на амністыю ў «гонар» дзесятай гадавіны рэвалюцыі…
Ініцыятарам збору подпісаў у абарону Аляхновіча стаў Якуб Колас. Пра гэта, напрыклад, сведчыла Іна Рытар (пісьменніца беларускай эміграцыі Аляксандра Саковіч), швагерка пісьменніка і вучонага Міхайлы Грамыкі, узгадваючы, як да іх — жыла ў доме Грамыкаў — завіталі Якуб Колас, Язэп Лёсік і маці Аляхновіча:
«Я. Колас меў з сабою партфель. Выцягнуў з яго заяву ў абароне Ф. Аляхновіча. Папрасіў Міхасёвага (М. Грамыкі. — А. П.) подпісу».
Зрэшты, і подпіс пад лістом ад 25 кастрычніка 1927 года ў Цэнтральны выканаўчы камітэт Саветаў БССР з просьбай «даравання волі» Аляхновічу ў звязку з дзесяцігоддзем Кастрычніка (такую надзею «падкінуў» Аляксандр Чарвякоў, старшыня ЦВК) Якуб Колас падпісаў першым. Думаецца, Якуб Колас быў і аўтарам лістоў, якія Аляхновіч атрымліваў па дарозе ў Салаўкі — напачатку ў Ленінградскім «Исправдоме». Арыштант ліставаўся з маці, яна ведала адрас сына — і праз яе пра месца адрасата даведаўся і Якуб Колас. Лістоў было некалькі. Першыя адраджалі надзею:
«Дарагі тав. Аляхновіч! <…> Тав. Чарвякоў пытаўся, ці я магу за Вас паручыцца. Я адказаў, што так… Напішэце, як вы на гэта гледзіцё…»
«Дарагі тав. Аляхновіч! Надзея на амністыю ня зьдзейсьнілася. Сяньня пішу ў Маскву. Не паддавайся роспачы. Ці зварачацца яшчэ раз у Вашай справе да тав. Чарвякова, ня ведаю. Мы ў Вашай справе напісалі калектыўную заяву. Маю надзею, што ўсё скончыцца добра… Напішэце мне, можа чаго Вам трэба…»
Якуб Колас памятаў, як на святкаванні дваццатых угодкаў сваёй літаратурнай дзейнасці падчас «цёплага» банкета раіў Аляхновічу застацца ў БССР, — і не мог не паспрыяць, не падтрымаць таварыша па пяры, па веры, не мог не адчуваць ва ўсім, што здарылася, і сваёй — хоць і ўскоснай — віны… І лісты дасылаў акуратна (і адказы з этапу з падзякамі і просьбамі «і далей не пакладаць рук» ад Аляхновіча таксама атрымліваў):
«Паважаны тав. Аляхновіч! Вашая справа пакуль не скранулася з месца. Мне асабіста здаецца што вызваленьня трэба чакаць з Масквы. Сказалі мне ў Менску, што трэба чакаць пастановы Усерасейскае амністыйнай камісіі… Гэтак казаў мне старшыня ГПУ ў Менску. Апрача таго, я пісаў пра вас да Мянжынскага. Жадаю Вам здароўя і вытрываласьці. Да 10-годзьдзя БССР засталося ўжо менш як год».
Так, надзеі былі ўжо толькі на 1929 год, на дзесятыя ўгодкі абвяшчэння БССР…
І нарэшце — апошні ліст з Менска:
«Тав. Аляхновіч! <…> дагэтуль яшчэ нічога не ўдалося зрабіць, а калі зробіцца дык будзе паведамлена. Няхай тав. Аляхновіч пакіне мне гэтак часта пісаць…».
…Прынясуць у камеру абед — а Езавітаў нават голад перастаў адчуваць. Зноў — змрочнае апанавала.
53
Захаваўся яго тэкст:
«Абвінаваўчае заключэнне па справе № 4636 (амаль пяцітысячнае толькі на 1927 год! – А. П.) па абвінавачванні грамадзяніна Аляховіча Франца Карлавіча ў злачынстве, прадугледжаным арт. 61 КК.
Абвінавачваецца: <...> За ўдзел у арганізацыі, якая дзейнічала ў накірунку дапамогі міжнароднай буржуазіі, г.зн. у тым, што перайшоўшы ў лютым 1921 г. нелегальна Дзяржаўную граніцу з БССР на бок Польшчы, прыняў актыўны ўдзел у дзейнасці «Часовай Беларускай Рады» (як намеснік старшыні), створанай польскай палітычнай паліцыяй з мэтай барацьбы з беларускім рэвалюцыйным рухам у Польшчы, шляхам адпраўкі на тэрыторыю БССР узброеных атрадаў, дыверсантаў, шпіёнаў, правакатараў і выйшаўшы з Рады ў 1926 г. асабіста стварыў пры пасрэдніцтве той жа палітычнай паліцыі аналагічную арганізацыю «Беларуская Хатка», а затым у 1926 г. прыбыў у СССР для выканання тых жа мэтаў Рады <...>.
Рэчавых доказаў па справе няма.
Складзена 16 сакавіка 1927 г. г. Мінск».