Выбрать главу

― Неяк несамавіта атрымалася, што мяне й Васіля Русака накіравала на кангрэс… гестапа.

Ларысе Геніюш да гэтага часу ўжо шмат давялося перажыць і гора, і горычы. Пасля ўз'яднання Савецкай Беларусі з Заходняй беспадстаўна арыштавалі бацьку, маці разам з дзецьмі вывезлі ў Казахстан. Жыла з мужам у Празе. Пятро Крэчэўскі, не падпарадкаваўшыся рашэнню Берлінскай канферэнцыі 1925 года аб самароспуску ўрада БНР, узначаліў у Празе беларускую палітычную эміграцыю. Пасля ягонай смерці ў 1928-м «прэзідэнтам» БНР стаў Васіль Захарка. Ларыса Геніюш была знаёма і з удавой паняй Марыяй Крэчэўскай, і з сям'ёю Захаркаў… Восенню 1939 года ў Данцыгу пад кіраўніцтвам міністэрства замежных спраў Нямеччыны адбылася канферэнцыя беларускіх эмігранцкіх цэнтраў, на якой было створана «Беларускае бюро даверу», а пры ім — Беларускі камітэт самапомачы. Калі камітэт самапомачы адкрыўся ў Празе, Геніюш абралі скарбнікам (кіраўніком камітэта стаў Ермачэнка, а сакратаром — Пётра Бакач). І завіравала, закруціла… Брат Ларысы Геніюш Расціслаў патрапіў у нямецкі палон… Захарка паслаў Гітлеру «мемарандум» аб поўнай падтрымцы ягонай палітыкі… Прага гудзела, лютавала гестапа… Ермачэнка склікаў 27 чэрвеня сход беларусаў «пратэктарата Чэхіі і Маравіі», на якім мусілі прыняць тэлеграму Гітлеру. Прапанавалі ў старшыні сходу ейную кандыдатуру — адмовілася.

«Камімэт самапомачы — апалітычная арганізацыя і не мае даваць такія тэлеграмы», — былі тлумачэнні.

На сход прыпазніўся муж — і не паспеў сесці, як яго ўжо «выбралі» старшынёй сходу. Склалі пратакол паседжання. Яго не падпісалі ні Ларыса, ні Янка Геніюш. Як не падпісалі і тэлеграмы «павадыру нямецкага народа» Гітлеру — а яна ўсё ж пайшла з пазнакай «Старшыня д-р Я. Геніюш»[62].

Крыху пазней ад беспрасвецця Геніюш вырашыць скончыць жыццё самагубствам, адкрые газ, ды муж паспее выцягнуць яе з маленькай кухні…

Кажуць, што на «жывых самагубцах» і застаецца пячатка такой зацятасці і незалежнасці, якія заўважыў тады ў Ларысе Геніюш Езавітаў.

…― Неяк несамавіта… Беларускі кангрэс — і гестапа, — сказала Геніюш.

― Немцы дазволілі склікаць кангрэс з вялікім спазненнем, часу на зборы не хапала, і таму БЦР папрасіла Остміністэрства, каб тое дапамагло даставіць дэлегатаў з-за мяжы. Яно, пэўна, і дало загад структурам гестапа…

Езавітаў завочна ведаў Геніюш — па публікацыях вершаў у «Раніцы», чытаў ейны пражскі зборнік «Ад родных ніў». І сама паэтэса пачынала імпанаваць Езавітаву.

― У тым усё й крыецца, што з кангрэсам спазніліся, — падтрымаў ён гаворку. — Каб склікаць яго хаця б у 1942-м!.. — А ў 1942 годзе Езавітаў наведваў Менск. Янка Станкевіч намагаўся стварыць Беларускую нацыянал-дэмакратычную партыю і ў студзені арганізаваў на кватэры Вацлава Іваноўскага нараду. На ёй — разам з Іваноўскім і Станкевічам — прысутнічалі Антон Адамовіч, Яўхім Кіпель і ён, Езавітаў. Распрацавалі статут і праграму партыі. Але далей гэтага справа не пайшла: Іваноўскага забілі, Кіпеля імкнуліся адмежаваць, бо пачаў супрацоўнічаць з СД… А затым актывізаваўся Астроўскі — за дзесятак гадоў змог падрыхтаваць з беларускага аб'яднання «Скарынія», у якое ўваходзілі каля трыццаці студэнтаў Віленскай гімназіі, інспектарам якой быў Астроўскі, «грамадска-дыпламатычную карпарацыю»: «скарынічы» з 1941 года пасылаліся дыпламатычнымі прадстаўнікамі ў Швейцарыю, Швецыю, Францыю, Турцыю, Бельгію, Данію, Нарвегію, Аўстрыю, Італію… ― Каб склікаць кангрэс хаця б у 1942-м… — паўтарыў Езавітаў. — А то што маем сёння: блізкая савецкая кананада, ды і наш «падшэфны» немец — у здранцвенні. Ды і той свабоды даць не схацеў… А ніхто ж на кангрэсе не сказаў аб тым, што немцы яшчэ раз перакроілі Беларусь: наша Палессе аддалі Украіне, Беласточчыну далучылі да Усходняй Прусіі… Але, як там у спадарыні Ларысы:

Нічога, што позна у свет мы выходзім, нічога, што ўчора пакінулі плуг, ― нам крыўду стагоддзяў ліхіх нагародзіць гарачым уздымам акрылены дух…

Езавітаў здзівіў прысутных сваёй абазнанасцю ў паэзіі, але на яго просьбы чытаць свае вершы ў той вечар і Геніюш, і Арсеннева адмовіліся — праз некаторы час перайшлі ў другі пакой, каб пагаварыць аб сваім, жаночым.

― Няўжо давядзецца з'ехаць? — горка ўздыхнула Геніюш. — Я так хацела пажыць хоць тыдзень у сваёй Жлобаўцы, лесам падыхаць…

― А я ўжо неяк і звыклася — усюды за Францішкам. Яшчэ ад Вільні як пачалося… — Яна ўважліва паглядзела на сяброўку і нібыта падагуліла:

вернуться

62

Пазней з кватэры Ермачэнкі «знікне» архіў Беларускага камітэта самапомачы ў Празе і патрапіць у Менск. У матэрыялах архіва будзе й пратакол тога сходу ад 27 чэрвеня 1941 года. Паводле яго Ларысу Геніюш і ейнага мужа асудзяць на 25 гадоў зняволення ў «папраўча-працоўных» лагерах, ― хоць на пратаколе іхнія подпісы хтось даставіў-вывеў пад капірку... Хоць у сваіх вершах Ларыса Геніюш ані слоўкам не абазвалася пра немцаў...