Выбрать главу

Папараць-Кветка

Першая купальская ноч іх дарослага жыцця прыйшла нечакана: толькі-толькі, здавалася, над зялёнымі шапкамі Слуцку вісеў сонечны яблык, вотолечкі цікаваў над імі неўтаймовец-жаўрук, як раптам сонца пачало хавацца, адно няроўныя вішнёвыя стужкі параскідвала па небакраі — нібыта хтось (можа, нават і вецер) наспех абчысціў яблык-сонца; дзесь у духмяным чаборы нагледзела сабе начоўку маладая пара жаўрукоў… Прыпынілася ў невысокіх берагах і рэчка. Чубы полымя люстраваліся на яе роўнядзі — гарэзілі й лашчыліся ў маленькай затоцы.

Яны ж, слуцкія гімназісты-аднакашнікі (адзін толькі Фабіян Шантыр ужо настаўнічаў) упаўкруг сядзелі вакол полымя, калі за спінамі нечакана пачуўся мядзведжы трэскат — Сяргей Бусел, завадатар-весялун, цягнуў да агня аграмадную сухадрэвіну.

— Ну, Клекатун, ці не купалка-русалка табе падсобіла — такую стваліну вывернуць… — падчапіў Андрэй Бараноўскі.

Мянушка да Сяргея прыстала не толькі з-за ягонага прозвішча — Бусел, але і праз вялікую гаварлівасць: як пачне, бывала, «клекатаць», дык каму-небудзь цяжка і слова ўшпіліць.

Але гэтым разам Бусел змаўчаў, прысеў каля яго, Алеся, і ціха адсопваўся — стаміўся.

Калі сухадрэвіну, з цяжкасцю паламаўшы, укінулі ў агонь, сноп іскраў ускружыў у неба, далёка асвяціўшы і сонную рэчку, і рэдкі арэшнік, і квола прытуманены ўскраек лугу.

Хлопцы, нібы апамятаўшыся, кінуліся купацца (як і былі — у штанах, адно кашулі паскідвалі), на іх з завідкай пазіралі дзяўчаты — сёстры Марыя і Людміла Стагановічы ды Алена Лабуш (дачка гаспадароў, у якіх кватаравалі сёстры, толькі збіралася паступаць у гімназію), пазіралі, але ў рэчку лезці не асмельваліся — сорам.

Ён любіў плаваць ноччу. Вада, шчодра налечаная за дзень, была асабліва мяккай. У густым цемрыве рачная роўнядзь пялёскалася ціха, перад самымі вачыма злівалася з нябачным небам… А цяпер — дык і зусім дзіўна пераблытваліся сполахі-іскрынкі полымя і зярняты зорак. Доўга плыў на спіне, губляючыся паміж чорнай рэчкай і покрывам начы, вада гулліва набягала на ягоны твар, пяшчотна казытала вусны. Ён успамінаў мінулы ўжо год вучобы, шкадаваў, што днём не адшукаў у Слуцку новых беларускіх кніжак. Колькі гадоў таму і сам пачаў пісаць вершы, некаторыя з іх ужо змясцілі ў гімназічным часопісе «Прамень» — пад псеўданімам Алесь Ваяр. Штось натхнёнае трапяталася ў душы і зараз — ён хацеў напісаць пра гэтую ноч, пра іхняе чубатае полымя, пра залатоўкі-зоркі…

Здалёк убачыў, як паважна вылез на бераг Шантыр, атрэсваючы кучаравую копку валасоў, выпырхнуў з вады Мікола Асьвяцімскі і — вот жа пралаза! — усеўся паміж Марыяй і Людай. Мікола, старэйшы за Алеся на два гады, пачаў апошнім часам зашмат заляцацца перад малодшай Стаганавічанкай… Мікола ганарыўся сваім старэйшым братам Маркам, старшынёй слуцкай арганізацыі эсэраў, да якога часта прыязджалі шаноўныя людзі з Менску.

«І чаму ён да старэйшай Марыі — не хінецца?» — прызлоўваў Алесь…

Спяклася бульба, яе хутка выграблі — каб астывала — і, падкінуўшы на вуголле сушэйшых голек, пяклі сала. Алена расхінула абрус, і дзяўчаты выклалі на яго яйкі, цыбулю, хлеб. Па-важнецкі выставіў на траву дзве пляшкі «крамніцы» Асьвяцімскі…

…Як хутка надышла, так борздзенька і збягала за недалёкія ўзлескі купальская ноч, жвава падмятаючы сваёй пасвятлелай спадніцаю пухматыя туманы пад лугавымі ўзлобкамі. Схмялелыя — больш ад гэтай вольнай начы, нязведанага прастору, чым ад выпітага, — яны сядзелі моўчкі, грэліся каля пераліўнага россыпу вуголля — толькі неўгамонны Клекатун высільваўся для ўсіх, апавядаючы пра свае чэрвеньскія прыгоды.

― Дык што, так і разыдземся йзноў да самае вучобы? — Асьвяцімскі, як і не чуючы Клекатуна, прыкурваў, і Алесь тады скарыстаў узніклую пярэрву, агледзеў паўкруг (Люда падкруціла пальчыкам доўгі кудзярок, што звісаў на скронь, і апусціла вочы).

― Сябры! — ажывіўся Шантыр. — Я неяк вычытаў, што раней у Вільні былі студэнцкія гурткі… філаматаў і філарэтаў, дык давайце штось падобнае створым і ў нас… (Шантыр нарадзіўся ў Слуцку, у сям'і муляра. Пабыў прыватным адвакатам. За ўдзел у рэвалюцыйным руху паспеў адседзець у турме. У 1914-ым служыў нават у царскай арміі, у Менску і з Багдановічам, і з Бядулем сустракаўся — і не толькі павагу ва ўсіх іх выклікаў, але й захапленне, спагаду.)

― А што… Суполку сваю ці таварыства… — Сяргей Бусел — было відно па вачах — ужо не меў ахвоты цягнуць ранейшыя показкі.

― Можна было б заснаваць свой невялічкі тэатр, ладзіць спектаклі… Запрасілі б з Менску артыстаў! — дадаў Андрэй Бараноўскі.