Выбрать главу

― І назваць гэтае таварыства «Папараць-Кветка», на якую мы сёння чамусь забыліся, — усміхнуўся і ён, Алесь.

― А што… добра! — прыўзняўся наўколенцы Васіль Русак. — Яй бо… добра! Толькі ж вы, братцы, пра хор забылі! ― І, узварухнуўшы свой святлявы чуб, заспяваў (ён наогул любіў спяваць).

Дзяўчат вызваліся праводзіць Алесь, Мікола і Сяргей. Ускраек Слуцка выглядаў сцішанай вёскай: тыя ж няроўныя драўляныя хаты ў густых садках, лапікі зямлі, пакрытыя бульбоўнікам і ўжо крыху пажаўцелым ячменем каля самай вулкі. Вусатыя каласкі вылазілі з-за плота і блыталіся ў прычаўрэлай крапіве.

Раптам Люда гарэзна ўсміхнулася і, кальнуўшы яго іскаркамі зеленаватых зрэнак, расцяжна прадэкламавала:

Мне цалавалі шыю спелыя жыты, а так хацелася, каб гэта была ты…

Ён ледзь тады не спатыкнуўся на роўнай дарозе: гэта ж пачатак ягонага верша, змешчанага ў «Промні»! Усю дарогу да Лабушаў плёўся моўчкі, злуючыся на сваё няўмельства расцякацца салаўём — як гэта рабіў Сяргей, і толькі калі ўвайшлі ў двор, а Люда падалася выкруціць вады з калодзежа, ён дапамог выцягнуць вядро і, нязграбна разліваючы ваду на свае і яе ногі, высмеліў:

― А ведаеш, Людка, той верш… пра жыты… я пісаў табе…

«…Аціхлая мая Цароўка! Пакутная мая Случчына! Абяздоленая Беларусь!

Стагодзьдзямі вытоптвалі Твае сьвятыя папаратнікі чужынцы з усходу і захаду, рабавалі хціўцы з поўначы і поўдня. А як толькі сонца найвышэй у неба ўзыходзіла — расцьвітала-адраджалася Ты, і наноў на абшары Твае абуджаныя дзеці выходзілі — кветку-шчасьце шукаць, Кветку-Папараць. А яна — Кветка-Папараць — і сьветлым, і прарочым знакам-сімвалам Беларусі стала — нібы лёс краіны высьвечвае: і надзеі на шчасьце, на цуд, казку чароўна-цалебную, — а насамрэч аніхто з жывых яшчэ сьвятлом ейным не спатоліўся…

…Усё часьцей на схіле майго веку паўстае неадчэпнае — «Чаму?». Чаму краіна з такім прыродным багацьцем, такім трывалым народам — і не малым.! — аніяк надзей сваіх лепшых спраўдзіць ня можа? Чаму дазваляла і дазваляе каланізаваць сябе — баёдаць свае папаратнікі?

Ці ж мала крыві ейныя, алтары залівала? Ці ж горшымі вестуны-прарокі былі?

А тады — чаму?!»

(З дзённікавых запісаў Алеся Ваяра.)

Пад чужою «апекай»

Восень 1918-га выдалася сухой і цёплай. У гімназіі ішлі заняткі, здавалася, што яны і не перапыняліся летам — так хутка праляцелі вакацыі, нібыта іх і зусім не было. «Папараць-Кветка» — створаная імі маладзёжная культурна-асветніцкае таварыства — наладзіла ўжо некалькі сходаў. З лекцыямі па гісторыі беларускага краю і яго культуры перад «папараць-кветаўцамі» выступілі ўжо Станіслаў Петрашкевіч, Іван Бржазоўскі, Марк Асьвяцімскі — вядомыя палітычныя дзеячы Случчыны. Паставілі «Паўлінку» Янкі Купалы — мяркуючы па водгуках, атрымалася някепска. Праз некаторы час узнікла і свая тэатральная секцыя, кіраваць якой пачаў Андрэй Бараноўскі. Склаўся хор — праз намаганні Васіля Русака. Сабралася нават свая бібліятэчка беларускіх выданняў: «Dudka belaruskaja»» Францішка Багушэвіча, «Жалейка» Янкі Купалы, «Песні-жальбы» Якуба Коласа, «Вянок» Максіма Багдановіча… Яму, Алесю, даручылі праводзіць літаратурныя сустрэчы.

«Папараць-Кветка» хутка ўзрасла да ста сяброў. Яе ўправу — часцей за ўсіх Бараноўскага і Бусла — пачалі запрашаць на паседжанні Слуцкага нацыянальнага камітэта, які існаваў ад 1918 года і трымаў цесную сувязь з Радаю Беларускай Народнай Рэспублікі. Апекавала ж «Папараць-Кветку» слуцкая філія Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Бараноўскага абралі нават сакратаром партыйнай філіі і сябрам ЦК. Эсэрамі сталі і Васіль Русак, і сёстры Стаганавічанкі.

Рэўком усталяваўся ў Слуцку толькі ўвесну 1919-га. І гэты перыяд бальшавіцкай улады ў павеце Алесю памятаўся найменш. Адно надоўга ўеўся выпадак з былым першым камісарам горада «таварышам» Красніцкім. Ён заявіўся ў Слуцак праз некалькі дзён пасля ўваходу Чырвонай арміі — ганарова, на зіхоткім аўто, у суправаджэнні трох «упаўнаважаных». Перадаў старшыні рэўкома мандат і адрэкамендаваўся асобым дарадцам Багуцкага, першага сакратара ЦК КПБ(б). Пасля знаёмства са старэйшымі камандзірамі запрасіў сувязь са стаўкай — далажыць пра свой прыезд, чым здзівіў усіх і збіў спанталыку: ніякай сувязі са «стаўкай» не было.

Пасяліўся Красніцкі ў ціхім доме Вайніловіча — лепшым у горадзе, а жыццё павёў далёка не ціхае. Тры ягоныя ахоўнікі да вечара раз'язджалі па вёсках, раскідвалі звязкі старых газэтаў і збіралі «развёрстку» для патрэбаў ваенных шпіталяў. За «экспрапрыіраваную» маёмасць — зазвычай харч і адзенне — выдавалі цэтлікі з подпісам Красніцкага. Затым усё агулам мянялася ў мясцовых перакупшчыкаў-габрэяў на гарэлку і грошы, і вясёлая чацвёрка ўскоквала ў аўто і выязджала на баляванне. Праз суткі ўсе, апухлыя і злыя, зноў варочаліся ў горад.