Выбрать главу

― І што — супраць усяго польскага войска і выступіць? — не пабаяўся і пакпіў Алесь, але госці рэтыраваліся:

― Калі разумна, дык чаму б не! Толькі ж у звязку з Чырвонай арміяй, перад самым яе наступам і ўдарыць.

― І няхай потым зноў бальшавікі кулямётамі разганяюць нашыя з'езды, хай зноў у сялян хлеб апошні забіраюць? — «гнуў» сваё Алесь.

― Дык што — лепей палякам аддацца? — пачаў запальвацца Бабарэка.

― Я ж не пра тое…

Яны яшчэ доўга даводзілі адзін аднаму свае «аргументы» — не ведаючы, што і ў Менску «вялікай» палітыкай вяліся падобныя спрэчкі: як і з кім быць, спрэчкі, што ўрэшце прывядуць кіраўніцтва БНР да расколу…

Яны ж той ноччу паразуменне знайшлі. «Папараць-Кветка» станавілася не толькі арганізацыяй культурна-асветнай, але й амаль напаўпадпольнай, ваярскай. І са Слуцку пачалі перадавацца «па ланцугу» розныя адозвы і пракламацыі, што раніцамі красаваліся па вёсках — на валасных будынках, цэрквах і касцёлах.

Ды напоўніцу пасябраваць (так, як сталася гэта ў Бараноўскага) з Астрэйкам і Бабарэкам яму, Алесю, не ўдалося, хоць апошні… апошні — Бабарэка, гэты добры, насамрэч меланхалічны хлопец, які меў звычку слухаць, крыху схіліўшы набок галаву, а гаварыць зазвычай ціхім, кволым голасам, гэты хлопец выратуе яго ад смерці.

Але будзе тое яшчэ амаль праз год…

З Янкам Купалам

Калі яму прапанавалі з'ездзіць у Менск, ён узрадаваўся. Яшчэ б — разам з Буслом, Урбановічам і Ракуцькам даручана было патрапіць да самога Янкі Купалы і папрасіць у яго новых вершаў для толькі што створанага часопіса «Наша Каляіна», друкаванага органа «Папараць-Кветкі» (выдаваўся пад эгідаю ЦК БПС-Р). Арганізаваў часопіс Андрэй Бараноўскі, які з канца 1919 года ўзначаліў «Папараць-Кветку». Матэрыялаў хапала ўжо на некалькі нумароў, але хацелася ўаздобіць старонкі часопіса і творамі слынных майстроў, ― першым «госцем» адзінадушна і вырашылі запрасіць Купалу…

Радаслаў Астроўскі, тадышні дырэктар гімназіі й іхні «хросны бацька», а таксама і Фабіян Шантыр падрабязна расказалі, як адшукаць у Менску на вуліцы Захараўскай Беларускую хатку, дзе Купала працаваў загадчыкам бібліятэкі. Але хлопцы некалькі лішніх гадзін блукалі вакольнымі вулкамі, не асмельваючыся адчыніць дзверы адшуканай «хаткі»…

Калі яны нарэшце ўвайшлі ў Купалаў пакойчык, гаспадар чытаў газэту. Блытаючыся, Бусел распавёў пра жаданне случакоў выдаваць свой часопіс… і сціх. На «выручку» паспяшаў Алесь:

― Дык мы, дзядзька Янка, хацелі б папрасіць на адкрыццё першага нумара вашых вершаў.

― Дзякуй, дзякуй, што не забываецеся, — усміхнуўся Купала. — Напачатку давайце мы вас з дарогі пачастуем, — і папрасіў дзяўчат згатаваць гарбату. Сам жа падсеў бліжэй да гасцей: — А што, хіба бракуе ў Слуцку сваіх паэтаў? ― і бліснуў гарэзнай хітрынкай.

― Ды не… — Бусел піхнуў плечуком Алеся. — Вось, Алесь у нас піша вершы.

― А адкуль жа і чый ты, паэце Алесю, будзеш? — Купала зірнуў мякка, спагадліва.

― З вёскі Цароўка пад самым Слуцкам, бацька — валасны фельчар… — каб заняць чым-небудзь рукі, Алесь пацёр далоньмі калені.

― Ну! Калі з Цароўкі, то і вершы, відаць, царскія пішаш. Можа, пачытаеш?

Алесь зніякавеў, але, дэкламуючы, па вачах Купалы ўбачыў, што таму вершы падабаліся — і ажывіўся.

― Добра, браце, добра, — пахваліў Купала.

Прынеслі гарбату. Разгаварыліся смялей. Прачытаў два вершы і Купала — «Беларускія сыны» і «Паўстань…». Хлопцы знямелі ажно — у паэтычных радках песняра гучала тое ж, што кволілася, трапятала і абуджалася і ў іхніх душах!

Паўстань з народу нашага, Прарок, Праяваў бураломных варажбіт, І мудрым словам скінь з народу ўрок, Якім быў век праз ворагаў спавіт!
Збяры ў адну ўсю Беларусь сям'ю. Вазьмі з яе прысягу і зарок, Што не прадасць сябе, сваю зямлю… Зняць путы Бацькаўшчыне ўстань, Прарок!..

― Калі падыходзяць, гэтыя вершы я вам і перадам. А каб разбавіць іх прозай… — Купала ўстаў і, выцягнуўшы з паліцы зялёную папку, паклаў на стол некалькі старонак машынапісу. — Вось добрае апавяданне Максіма Гарэцкага, вельмі харошага пісьменніка. Ён даў мне яго пачытаць яшчэ летась, як мы студыявалі на факультэце гісторыі мастацтваў — было такое на смаленскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута… Цяпер Гарэцкі ў Вільні. ― І пачаў пытаць пра іхнюю ўжо вучобу.

Хлопцы, хоць і карцела паболей пабыць з паэтам, заспяшаліся развітацца — каб яшчэ завідна паспрабаваць выбрацца дадому (балагол, які вёз на продаж у Менск тры кадкі салёных агуркоў ды «падкінуў» са Слуцку хлопцаў, браўся і назад адвезці — і пра плату махнуў: «Ды ўжо як-небудзь»).