Разам з заліхвацкай славаю атамана-генерала каціўся па краі й ліхі почут. Па мястэчках адно й казалі, што пра габрэйскія пагромы балахоўцаў. «Бацька» станавіўся звычайным бандытам?
Але ж чым тады растлумачыць існаванне ў войску Балаховіча цэлага «гэбрайскага швадрону» паручніка Цэйтліна? Ці тое, што ў Тураве «бацька» перадаў цывільную ўладу габрэйскай абшчыне? Ці не вешалі ўсіх блох на генерала? А мо й увагі ягонай на дзействы ўсіх падначаленых не хапала…[12]
Але ж сведчылі й іншае…
Невялічкая вёска на Мазырскім шляху. Зрабаваная, панішчаная — бо на вачах усіх, хто са стрэльбамі праходзіў. Бестурботная дзятва высыпала з двароў падзівіцца на калоны вайскоўцаў… Балаховіч паперадзе — і не можа не бачыць хлапечых апухлых з голаду жыватоў… Як і пякучых позіркаў мацярок — з-за платоў, шыбаў… Паклікаў да сябе дзеда, што сонна сядзеў на прызбе, саскочыў з каня.
― Голад, кажаш, бацька… То трымайце падарунак мой атаманскі! — пайшоў да спешаных коннікаў, сустрэўся вачыма з Гаўрылевічам: — Нутка!.. — і кабылу ягоную за аброць тузануў… Падвёў да дзеда. — Жывога дам, то ні ў жызні на мяса не пусціце. Да вясны зберажэце, каб араць… То я сам, — і наган з кабуры павольна выцягнуў, рулю да кабылінага вуха прыставіў — і нечакана адступіў… Прама ў душу ягоную, падалося, прапякліся кабыліны вочы — глыбокія, разумныя. І тады Балаховіч абышоў кругом, крутнуў галавой: — Нічога сабе! Дзе гэта ты, Гаўрылевіч, лашыцу такую адхапіў?! — І прыстрэліць для вяскоўцаў загадаў ардынарцу іншага каняку.
А праз дзень кабылу ў Гаўрылевіча ўсё ж адабраў — сабе прыхаваў…
Няйначай на хутары быў хтось чужы. І меркавалі яны — Сцёпа Гаўрылевічаў і вольны бяззубы казак Шлындзікаў — так не толькі па заходзістым сабачым брэху: на вуліцу, бачылі, ніхто з хутаран не выкоўзваўся. Са старога дзікага вішанніку на мяжы агародаў яны яшчэ крыху паназіралі за панадворкам і, прыгінаючыся да ўзаранай і прамерзлай зямлі, подбежкам кінуліся да хлявоў.
Аддзел самазванага бацькі Хведашчэні, кіруючыся ў Слуцак, запыніўся ў кіламетрах пяці ад гэтага ляснога хутара. Іх жа, збройных залётнікаў, выправілі «разгледзець шлях». (Гаўрылевіч выкраў у Балаховіча свайго каня і ноччу збег. «На мой век бацькаў хопіць!» — думаў, калі праз тыдзень далучыўся да Хведашчэні). Перціся ў няблізкі свет, зразумела, не было ахвоты, ды вось насцярожыў хлапец — карову ў лагчынцы хаваў. Ён і сказаў, што па ваколіцы чырвонаармейцы з падводаю шастаюць, харч бяруць. Нічога не паробіш — мусілі праверыць хутар.
Так і ёсць! Войкала баба, хтось, як у бубен, лаяўся…
Прапаўзлі бліжэй — да плота, на якім чакаў зімы высушаны бульбоўнік. Каля варот — падвода, конь за вушульца прывязаны. Двое вайскоўцаў якісь мех на падводу ўскінулі — і зноў у двор.
― Заткни, баба, псину, а не то пристрелю! — а сабака яшчэ большы лямант усчаў.
― То ж, хлопчыкі, на пасеў… Што ж у зямлю кідаць будзем? — не чула яго старая. — Можа, яечак адных до?..
― Вось і стрэліся, сучары! — прашаптаў Сцёпа і як кіпенем Шлындзікаву ў вушы плюхнуў: — Твой цыбаты, каторы з вядром. Страляем разам…
Шлындзікаў даўкі камяк глынуў, на Сцёпу ўталопіўся:
― Ды ты… А фто, як іх тут не два?
― Па двое ездзяць! І да нас такія во госці заляталі… Цэлься, кажу! — і акуратна дула свайго карабіна між шчакецін прасунуў…
Два перуны ляснулі амаль уадначас. Гаўрылевічава ахвяра вухнула на змецены падворак. Пацэліў і Шлындзікаў — ягонага цыбатага, старшага групы асобнага пададзьдзела 27-й чырвонаармейскай дывізіі, прыціснула да парэпанай сцяны хлява, потым ногі паддаліся, і ён паволі пачаў апаўзаць, яшчэ імкнучыся прытрымацца за вінтоўку (вядро з яйкамі адразу выпусціў).
Нібы зарвала ўраз сабаку, абхапіла голаў баба й азірнулася, зляканая.
Яны толькі ўзняліся з-за плота, як невысокая постаць мітнулася паўз хату да каня, ірванула ляйчыну.
― Рукі ў гору, а то стрэлю! — бухнуў Гаўрылевіч («І трэ ж, Шлындзікаў меў рацыю…»)
Ляйчына аслабла.
― Ходзь сюды!
― Не страляйце толькі… У мяне вінтоўкі няма… — голас тонкі, як дзіцячы. За варотамі паказаўся і сапраўды амаль хлопец — невялікі, хударлявы, але ўсё ж у форме.
― Ваякі, ― працадзіў Гаўрылевіч і плюнуў.
І тут зноў бухнуў стрэл. Гаўрылевіч і Шлындзікаў гохнуліся на жываты.
Хрып ірвануўся з грудзей цыбатага чырвонаармейца, ён памкнуўся прыўзняцца ды выпусціў вінтоўку, зноў прыціснуўся да сцяны.
12
Шмат аб чым могуць распавесці папкі з дакумэнтамі пра забітых балахоўцамі (матэрыялы знаходзяцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь). Важна высветліць таксама і абставіны іх збірання...