Выбрать главу

Адчуў раптам, што зямля наўкруг пайшла, млосна зрабілася, горача. Баючыся ўпасці, паволі пашомкаў да чыёйсь лаўкі каля плоту.

― Вам не блага? Давайце дапамагу. — Сусед па аўтобусе. І добра, бо мог бы й не дайсці, абсароміўся б толькі…

Сеў, падзякаваў, а сэрца зноў пачало знібець.

― Можа, лекаў якіх? — зноў хлопец нясмела занепакоіўся.

― Дзякуй, ёсць…

Пасля нітрагліцэрыну ажыівіўся:

― Дзякуй, хлопча… А то размяк нешта…

Пачаўся мітынг. Большасцю выступленні — прачулыя, палкія. І каб лепей чуць прамоўцаў, ён падціснуўся бліжэй да грамады. А ў свядомасці зноў колішняе выбліснула ― быццам спяшаючыся, давершваючы…

На апошнім тыдні слуцкага фронту лёс звёў яго з вяліжскім хлопцам Антосем Гарынем. Гарыня — колішні гімназіст, на год ці два толькі старэйшым быў.

Наогул, кожную ціхую хвілю Алесь сам-насам праводзіць пасля смерці бацькі й Люды імкнуўся, нават ад сяброў, каб не надакучалі хоць і жаданай спогаддзю, адасабляўся. А тут — песня, тужлівая, павольная, пякучая:

Ой, на той на Мядзвежай Гары Падмывае Дзвіна тры крыжы. А пад імі ляжаць асначы ― Ой, тутэйшыя ўсе дзяцюкі…

За жывое зачапіла песня, не ўтрымаўся, пайшоў паслухаць. Спявак малады яшчэ, а твар маршчыністы, састарэлы, валасы як мукою падбелены… Скончыў — і ў вочы ягоныя, слёзнай павалокай зацягнутыя, гледзячы, мовіў:

― Так, браток, усе мы асначы-бурлакі долі сваёй…

Сям'ю ягоную — маці, бацьку, старэйшага брата знішчыў камдэз[13]. І адзін ён з Гарыняў ацалеў у вяліжскім антыбальшавіцкім паўстанні. Расказваць не любіў пра гэта, але не-не, дый згадае штось, выцісне. У лістападзе 1918-га на Віцебшчыне пачалі мабілізаваць сялян у Чырвонае войска. У Вяліжы іх некалькі сотняў назбіралася, павятовая казарма ўсіх не змяшчала. Раскватаравалі па прыватніках. А тут почут — заўтра на фронт кінуць, супраць чэхаславакаў. Частка сабралася на Рынкавую плошчу перад павятовым выканкамам:

― Ня хочам зноў кроў ліць!

― Нашы маткі й дзеці з голаду пухнуць, а мы вас мусім абараняць?!

― Няхай камісары за Леніна з Троцкім ваююць!!!

Зашыліся па закутках камуністы й камсамольцы, а калі паўстанцы пакінулі горад, бальшавікі абвясцілі ў павеце ваенны стан. Выканкам стаў рэўкамам. З Вяліжа ў Віцебскае ГубЧК затым тэлеграма паляцела:

«У Вяліжскім павеце ўзбунтавалася разагітаванае папамі кулаччо. У горадзе забіты начальнік ЧК таварыш Мусаеў. Усе мы змагаемся з мяцежнікамі, але спяшайцеся на дапамогу».

А мабілізаваных, якія паварочаліся дамоў, залічылі ў дэзерціры. Іх і вышукваў камітэт па барацьбе з дэзерцірамі.

Мужчыны зноў у горад кінуліся (помсцячы за родных, Зміцер Лаймінг, Гарынеў сябар, і заб'е тады начальніка ЧК). Толькі ў нямногіх трохлінейкі былі, бралі і сякеры, вілы, косы… Пад Семічоўскім борам кінуліся на кулямёты, палова на аснежаным верасе навечна засталася… Ды і што маглі яны зрабіць супраць узброенай роты ЧК? Лаймінга хацелі захапіць у палон. Сын багатага ўладальніка маёнтка, ён вызначаўся неймавернай сілай — разгінаў падковы, мог перахрысціцца двухпудовай гірай. Быў закаханы ў адну гімназістку, а ў каханні так і не прызнаўся ёй.

«Мне лягчэй яе на руках з Вяліжа ў Віцебск занесці…»

І вось у бары ўтрох на яго наскочылі, хацелі жыўцом затрымаць, а ён лёгка параскідваў іх — ды ад прыкладу не ўвіхнуўся… Зацягнулі ў ЧК, вобзем кінулі: «Уставай, сабака!»

А ў тога кроў у венах ускіпела — яго, нашчадка тэўтонскіх рыцараў, чый прадзед, генерал, абараняў у 1812-м Баграціёнавы флешы, чый дзед, палкоўнік, загінуў за веру ў Бацькаўшчыну на Грынвіцкіх рэдутах пад Плеўнай, чый бацька, ротмістар Тэкінскага коннага палка, у баі пад Равай-Рускай у 1916-м злёг — сабакам называць?!

Схапіў Лаймінг чэкіста — і ў акно. Мусаеў разам з рамай на брукаванку й гохнуўся. А асілку ў спіну кулі ўпіліся — ахова падбегла…

Гарыня ж, той ноччу абмінуўшы вяліжскія кардоны, далучыўся да невялікага паўстанцкага аддзела, паўтары гады служыў у Балаховіча (пра «атаманства» балахоўскае нагадваў і зараз жоўты аколыш на ягонай шапцы), а да іх, у слуцкую брыгаду, патрапіў з «Зялёнага Дуба».

А праз што на памяць узбег Антось Гарыня? Ну як жа — у апошнім баі Антось поруч з ім, Алесем, быў…

Грозаўскі полк прыкрываў агнём пераход на польскі бок рэшты войска… Мароз… Снег камяччом паваліў. Варожая артылерыя рвала ўмёрзлую зямлю. А затым сціхла ўсё — адарваліся.

Дайшлі да Прыпяці. Рэчка яшчэ плыткая, не замерзла. На беразе плыты ляжаць — хто, для каго іх тут сцягнуў? А пераплываць стануць — вось тут і нагадае Алесь суседу Сцёпу Гаўрылевічу (разам адыходзіць на чужыну давядзецца), нашчадку плытагона, і клейны, і пасы бацькавы…

вернуться

13

 Камітэт па барацьбе з дэзерцірамі.