Выбрать главу
дзеках над цывільным насельніцтвам, асабліва габрэямі. Ён не адмаўляў гэтых фактаў, але спасылаўся на неабходнасьць кансьпірацыі. Загінулі некаторыя патрыёты-нелегальнікі, гэткія як цудоўныя выведніцы Л. П. Касьцецкая і Т. С. Марыненка. Загінуў былы работнік фінаддзелу Ф. М. Матэцкі, фэльчар Пліскуноў, які дапамагаў партызанам мэдыкамэнтамі і абсталяваньнем, загінуў перакладчык камэндатуры Фрыдрых Карлавіч Бэзэр, які шмат каго выратаваў на допытах, перакладаючы гэтак, каб дапамагчы арыштаваным вызваліцца, перадаваў савецкай выведцы шмат каштоўных зьвестак. Паводле расповядаў, Бэзэр быў ленінградзкім інжынэрам ці нават навуковым супрацоўніком, трапіў у акружэньне і намерыўся дапамагаць партызанам, працуючы перакладчыкам. Зь ягонай дапамогай шмат хто атрымаў дакумэнты на выхад з гораду, пашпарты, некаторых уладкаваў на працу і г. д. Калі паўстала пытаньне аб сапраўднасьці расповядаў Арцем'ева пра ягоную нелегальную дзейнасьць, той зьвярнуўся да сакратара Полацкага нелегальнага райкаму партыі Георгія Сяргеевіча Пятрова, які даў даведку, што група полацкіх нелегальнікаў на чале з Арцем'евым стаяла на ўліку райкаму і была зь ім зьвязаная. Не зважаючы на гэта, дзейнасьць Арцем'ева знаходзіцца пад сумневам. У кнізе «Подвиги их бессмертны» пра дзеячоў супраціву ў гарадах і вёсках Беларусі нічога не паведамляецца пра дзейнасьць полацкіх нелегальнікаў. У той жа час пра нелегальнікаў Віцебска ды іншых гарадоў і вёсак напісана шмат, пададзеныя нават фатаграфіі. Хазанскі намагаецца давесьці, што камандзірам гарадзкога партызанскага аддзелу Арцем'ева прызначаў сакратар Полацкага райкаму М. А. Новікаў. Нібыта улетку 1941 г. ён прыходзіў у Полацак, спаткаў Арцем'ева і, прызначыўшы яго камандзірам, даў інструкцыі, як трэба дзейнічаць, што Бароўка быў пакінуты ў горадзе райкамам партыі — усё гэта не пацьвярджаецца. Камісар 4-е Беларускае партызанскае брыгады У. К. Шэндзелеў, які быў у складзе райкаму партыі, кажа, што Новікаў прыбыў з тылу толькі пры канцы 1942 г., а ўлетку прыбыў Г. С. Пятроў. Новікаў ніколі не наведваў Полацку, усё гэта прыдумкі Арцем'ева і Хазанскага. Нідзе да гэтага часу не захавалася ніводнае ўлёткі за подпісам «Ася». Я вярнуўся ў Полацак у верасьні 1944 г., гутарыў з мноствам партызанаў полацкае зоны, жыхарамі, нелегальнікамі і ніхто не згадаў пра нейкую Асю, пакуль у 1963 г. ня выйшла кніга Хазанскага. Працу сваю над кнігай Хазанскі пачаў раней, у рукапісным выглядзе ён даваў чытаць яе Н. П. Крупінай ды інш. Чытаў яе ўлетку 1961 г. у рукапісе і я, атрымаўшы ад Крупінай, тады ўпершыню і пачуў пра Асю. Неўзабаве гаркамам партыі была створаная камісія дзеля вывучэньня полацкага супраціву, ініцыятарам стварэньня яе быў адвакат А. Тарлер. У гэтую камісію былі ўключаныя я, У. Я. Васілеўскі ды іншыя. Мусіў тады гутарыць з рознымі людзьмі і дзейнымі асобамі кнігі «Ася». Гутарыў з Арцем'евым, Крупінай, Н. Ф. Мумёнак, ейным бацькам, з жонкай Арцем'ева, Жыганавым, Манісам, Пятровым, маткай Міндалёва, Азарчуком, Марчанкам, В. У. Сухавей, К. Н. Сьмірновай, Цябутам, былым сакратаром райкаму Паплавухіным, П. П. Бяляўскім, Шадэўскім, Шэндзелевым, А. П. Філіпавым, П. Н. Бардовым, В. Д. Аксяновічам, М. І. Мятлюк, В. І. Жыгун, Ізмайлоўскім, Н. М. Зелянковым, М. В. Чавярыкіным і іншымі. У часе размоваў высьветлілася, што Новікаў у Полацак не прыходзіў і з Арцем'евым не сустракаўся, што турма на вул. Пушкіна № 26 мела каменную цагляную агароджу вышынёй да 4 м з уваходнай брамай, ейныя вокны звонку былі загароджаныя шчыльнымі драўлянымі карабамі з адтулінай уверсе, каб вязьні не маглі бачыць вуліцы і людзей, сыгналізаваць ім. Што да вежаў, дакладных зьвестак не атрымаў, але калі яны і былі, дык каб назіраць за турэмным панадворкам іх павінна было быць дзьве, бо турма была двухпавярховай і замінала агляду; ля брамы была будка, дзе заўсёды знаходзілася варта, вартавалі турму немцы, пра вартаваньне звонку паліцыянтамі дакладных зьвестак няма. Усходы на вежу былі з панадворку, а ня з вуліцы. Варту зьмяняў толькі кіраўнік, а не выпадковыя людзі. Наагул у кнізе шмат спрашчэньняў, дапушчэньняў, уяўных дыялёгаў і г. д. Трэба заўважыць, што мянушка «Ася» не была вядомая насельніцтву цягам амаль 16 гадоў. Пакуль Хазанскі не пусьціўся да напісаньня кнігі пра яе ніхто ня чуў. Напрошваецца думка, што гэтая мянушка нарадзілася ў працэсе стварэньня кнігі і зьяўляецца прыдумкай самога Арцем'ева. Цяпер усё гэта цяжка спраўдзіць, бо шмат сьведак за гэты час памёрла, дакумэнтаў пра «Асю» не дайшло, і чым далей ідзе час, тым цяжэй усё гэта пацьвердзіць. Бадай меў рацыю Марчанка, калі выступіў з абвяржэньнем дзейнасьці Асі. У той жа час нельга адмаўляць наяўнасьці супраціву ў Полацку, але нельга і прыпісваць усё дзейнасьці групы Арцем'ева. У горадзе ствараліся патрыятычныя групы, арганізоўваліся партызанскія аддзелы Я. Х. Сташкевіча, П. Ф. Самародкава, які быў зьнішчаны да канчатковага выходу з гораду. Няма дадзеных, хто быў пакінуты ў горадзе райкамам партыі дзеля нелегальнае працы, зважаючы на хаду падзеяў можна толькі меркаваць, ці Бароўка, ці Сухавей, а мо Пятроўскі, але ўсё гэта бяздоказна. На чыгунцы дзейнічаў І. С. Гукаў. Шмат зрабіла дзеля стварэньня выведкі ў горадзе дывэрсійная група пад началам Пруднікава, што ператварылася ў брыгаду «Няўлоўныя». Стварылася патрыятычная група М. С. Фарынкі, што выратавала дзетак зь дзіцячага дому і перавезла іх у тыл на самалётах. Фарынка, як і Сухавей, быў зьвязаны зь іншымі брыгадамі прыкладам, з брыгадай У. В. Мельнікава. Брыгады працавалі пад кіраўніцтвам партыйных ворганаў, як абкамаў, гэтак і райкамаў. Да вызначаных асобаў брыгады высылалі сваіх выведнікаў, якія наладжвалі кантакты з тымі, хто карыстаўся даверам, вэрбавалі іх, давалі заданьні, зьявіліся агенты і сувязныя зь імі. Пэўна гэтак быў завэрбаваны і Арцем'еў, які атрымліваў заданьні і ўлёткі. Зьяўленьне ў горадзе ўлётак з паведамленьнямі Інфармбюро і партызанскіх брыгадаў пацьвярджаюць шмат жыхароў гораду. Што да сыгнальнікаў, дык у 1941 г. іхная дзейнасьць была непатрэбнай, бо налётаў савецкай авіяцыі амаль не было, ня шмат іх было і ў 1942 г. Даволі часта пачалі бамбаваць горад, чыгункі і ўмацаваньні ў 1943 г. У гэты час савецкая выведка дзейнічала ўжо вельмі энэргічна. Супраціў жа, апісаны Хазанскім, дзейнічаў толькі ў 1942 г. і быў зьнішчаны, а сам Арцем'еў, выкрыты нямецкай выведкай, мусіў уцякаць з гораду ў зону дзейнасьці 3-е Беларускае партызанскае брыгады.