Выбрать главу

У жніўні 1944 г. быў створаны Полацкі будаўнічы трэст, першым кіраўніком якога стаў У. В. Жыганаў. Немцы пусьцілі да паветра ці спалілі ўсе прадпрыемствы, абсталяваньне, якое змаглі, зьвезьлі. Усё трэба было аднаўляць на пустым месцы. Цяжкасьці былі вялікія, не ставала працоўных рук, не было матэрыялаў, іх здабывалі на месцы. Бярвёны бралі падчас разбору бункераў, цэглу — з разбураных будынкаў, што не падлягалі аднаўленьню. Не было бляхі, шкла, цьвікоў, цэменту, вапны і г. д. Наладжвалася вытворчасьць гонту, драніцы, выпальваньне вапняку ў прымітыўных печах, пачаліся нарыхтоўкі і вываз трафэйнае драўніны. Вялікія цяжкасьці былі з транспартам. Аднаўляліся ўсе прадпрыемствы гораду, насамперш чыгуначны транспарт, працавалі спэцыяльныя вайсковыя часткі і аднаўляльныя цягнікі. Неабходна было «перашываць» усе каляіны. Адразалі пашкоджаныя выбухамі канцы рэек, сьвідравалі дзіркі для нітоў, зьбіралі кастылі, завозілі шпалы, аднаўлялі масты. Масты будавалі на палях, на якія клалі мэталічную раму, прывезеную з тылу. Мост праз Палату быў збудаваны за некалькі дзён. Мост праз Дзьвіну зрабілі ля Чырвоных могілак, побач з разбураным, падвялі да яго рэйкі з абодвух бакоў. У горадзе на вул. Леніна, дзе цяпер водаканалтрэст, у будынку былой вадапомпы паставілі трафэйны рухавік з генэратарам — гэта была першая электрастанцыя. Увесну 1945 г. распачалі будаўніцтва гідраэлектрастанцыі на Палаце ля Спаскага манастыру, дзе калісьці быў манастырскі млын, які арандаваў Райкін. Быў адноўлены Ксавэраўскі млын, плаціна якога была адзінай у горадзе транспартнай пераправай праз Палату. На млыне была ўсталяваная цыркулярная піла для расьпілоўваньня бярвёнаў на дошкі і брусы. У службовым памяшканьні былога кадэцкага корпусу была створаная хлебапякарня. Быў адноўлены мясакамбінат і наладжаная разьніца. На базе сяльгасмайстэрняў быў створаны прамысловы камбінат (цяпер тут ліцьцёва-мэханічны завод), пачалося аднаўленьне цагельні, артэляў «Парыская камуна», «Праўда», мэталаапрацоўчае артэлі ды іншых. Да аднаўленчых працаў прыцягвалі нямецкіх і вугорскіх ваеннапалонных, у горадзе былі створаныя два лягеры: адзін у Спаскім гарадку, дзе захавалася частка казармаў, а другі — у цэнтры ў будынку лазьні, дзе захаваліся жалезабэтонныя перакрыцьці. Палонныя немцы адрамантавалі памяшканьні і жылі тут. Яны змайстравалі насупраць лазьні пад вольным небам сцэну і лаўкі для гледачоў ды арганізавалі мастацкую самадзейнасьць. Напачатку немцы тарпэдавалі працу: хадзілі павольна, ледзьве працавалі. Вадзілі іх з канвоем, пасылалі на працы паводле заявак прадпрыемстваў і ўстановаў. Каб прымусіць іх больш плённа працаваць, за перавыкананьне нормы была ўведзеная харчовая прэмія. Тыя ж, хто не выконваў нормы, атрымоўвалі менш. Дыфэрэнцыяваны падыход спрыяў паляпшэньню працы. Наагул стаўленьне савецкіх уладаў да палонных немцаў было на дзіва гуманным ў параўнаньні з тым, як тыя ставіліся да савецкіх ваеннапалонных, грамадзянаў. Першымі на радзіму былі адпушчаныя вугорцы. Канцылярыя будтрэсту напачатку была ў маленькай драўлянай хатцы Златкіна на вул. Фрунзэ, а затым перабралася на вул. Фрунзэ № 3. Інтэрнат для працаўнікоў быў у памяшканьні полацкага ляснога тэхнікуму, пакуль там не аднавіліся заняткі. У жніўні 1944 г. у доме на вул. Фрунзэ № 1 быў адчынены полацкі гатэль. У ім было цёмна, бо шкла ў вокнах не было, і яны былі зачыненыя аканіцамі, стаялі ложкі, сабраныя на вогнішчах ці ў нямецкім шпіталі, на ложках былі дошкі, накрытыя сенам, бяз коўдраў і падушак. За Дзьвіной на вул. Дзяржынскага ацалеў дом полацкага лясьніцтва, там разьмесьціўся полацкі лясгас, дырэктарам якога быў прызначаны былы партызан Зелянкоў. У горадзе адчынілі некалькі крамаў, дзе выдаваліся нормы харчовых прадуктаў. Першыя крамы зьявіліся на рынку, дзе ацалела частка драўляных гандлёвых радоў. Тут жа была адчыненая першая сталовая. Адчыніліся цырульні: адна на базары, а другая пазьней на пляцы Леніна ў доме штабу 3-й Віцебскай стралецкай дывізіі. Была адноўленая старая лазьня ля Чырвонага мосту, дзе пазьней быў бровар. Чырвоны мост у часе вайны быў спалены, і савецкія войскі, штурмуючы Полацак, зрабілі тут прымітыўныя масткі з ацалелых бярвёнаў і частак памосту. Да кастрычніцкіх сьвятаў у 1944 г. гарсаветам быў зроблены для гараджанаў прымітыўны масток з парэнчамі, цяпер ужо ня трэба было скакаць па бярвёнах, але спуск і пад'ём на берагі падчас дажджоў быў вельмі цяжкім. У 1945 г. інжынэрная вайсковая частка пачала будаўніцтва новага стацыянарнага драўлянага мосту праз Палату. Ён быў значна лепшым за даваенны і прастаяў з рамонтам да 70-х гадоў. Пазьней пачаў будавацца жалезабэтонны мост праз Палату на вул. Кастрычніцкай. Распачалі аднаўленьне тэлефоннае і радыётрансьляцыйнае сеткі ў горадзе. Дзе-нідзе на вуліцах захаваліся слупы, але дроту не было. Немцы ў часе акупацыі працягнулі ў горадзе сваю падземную тэлефонную сетку ў хлорвінілавай ізаляцыі чырвонага, блакітнага, зялёнага і жоўтага колераў.