Выбрать главу

Пасьля вызваленьня ад фашыскіх захопнікаў паветра над горадам ахоўвалася савецкімі зьнішчальнікамі. У горадзе стаяла авіяцыйная частка, вайскоўцамі быў адрамантаваны аэрадром на вул. Себескай, які збудавалі немцы на месцы даваеннага. Над горадам увесь час лёталі самалёты. Акрамя таго ў розных месцах разьмесьціліся зэнітныя батарэі, прыкладам адна знаходзілася ля чыгуначнага мосту праз Палату (стадыён 9-е школы), другая — сярод руінаў у цэнтры, трэцяя буйнога калібру — на Запалоцьці, былі яшчэ батарэі для абароны станцыі і чыгуначнага мосту праз Дзьвіну. Немцы зрэдку невялікімі сіламі ў ліпені і жніўні рабілі налёты, а ў верасьні іх ужо не было, толькі ўначы прылятаў самалёт і скідаў улёткі.

У жніўні 1944 г. быў збудаваны помнік гвардзейцам, палеглым пры ўзяцьці Полацку. Падчас адкрыцьця помніку быў дадзены гарматны салют, які выклікаў перапуд між жыхароў, бо тыя падумалі, што на горад напалі немцы. На пляцы тады амаль не было дрэваў, таму вырашылі азеляніць яго ўвосень 1944 г. Былі прывезеныя саджанцы, якія меліся ў гадавальніку расьлінаў і зь іншых крыніцаў. Былі пасаджаныя яблыні, таполі, хмызы парэчак. Пазьней з дапамогай іншых пародаў дрэваў пляц быў абсаджаны цалкам. На пляцы пахавалі толькі некалькіх удзельнікаў штурму, шмат магілаў было ў розных кутках гораду з надмагільлямі, дзе пазначалася, хто тут пахаваны. На гары ля Сафійскага сабору былі вайсковыя могілкі, хавалі тут памерлых у шпіталях, разьмешчаных у былым кадэцкім корпусе, у жылых дамах па вул. Леніна і ў Багаяўленскім манастыры. Частка загінулых была пахаваная на гарадзкіх могілках. Пазьней рэшткі з магілаў, раскіданых па горадзе і ля Сафійскага сабору, перанесьлі на могілкі, дзе палеглым былі збудаваныя помнікі.

Немцы ў розных месцах гораду стварылі склады боезапасаў, якія былі выяўленыя пазьней падчас будаўнічых працаў і абясшкоджаныя, іншыя былі кінутыя на пазыцыях, і трафэйныя каманды не сьпяшаліся іх прыбраць. Шмат было ў горадзе кінутае зброі, ракетаў, куляў, хто хацеў, той і зьбіраў, асабліва моладзь. Таму рэгулярна чуліся стрэлы, а па вечарах пускаліся ракеты. У сутарэньнях каменных дамоў, дзе цяпер стаіць Дзяржбанк і жылыя дамы, было створанае вялікае сховішча боезапасаў. Асабліва шмат было тут артылерыйскіх набояў. Выявілі іх у 1946 г., калі некалькі вучняў пацярпелі ад выбуху знойдзенага набою. Сапёры мусілі шмат папрацаваць, каб ліквідаваць гэтыя склады. Набоі звозілі на бераг Дзьвіны, складалі на лайбы і сплаўлялі за горад.