Выбрать главу

Зносілі іх у разлогі за Запалоцьцем, дзе зьдзяйсьнялі выбухі. Знаходзілі і авіябомбы, мінёры абясшкодзілі зь іх самыя небясьпечныя. Мінёры праверылі ўсе будынкі і вуліцы, абясшкодзілі мінныя палі ў межах гораду і ля дарогаў. Паўсюдна на выездах з гораду былі створаныя кантрольна-прапускныя пункты, на якіх правяраліся дакумэнты, але іх лёгка было абыйсьці, калі хто баяўся. Адзін з пунктаў месьціўся на скрыжаваньні вул. Фрунзэ і Себескай.

Адразу пасьля вызваленьня Полацку пачаў працаваць ваенкамат: набіралі ў войска ўсіх мужчынаў, якія дасягнулі належнага ўзросту. Бралі ў войска і байцоў партызанскіх аддзелаў, ненакіраваных у народную гаспадарку, у савецкія ці партыйныя ворганы. Савецкая выведка вышуквала пакінутых немцамі агентаў, былых паліцыянтаў, бурмістраў ды іншых. Судзілі іх трыбуналы. Трох бурмістраў і паліцыянтаў, якія загубілі шмат людзей, трыбунал асудзіў да пакараньня сьмерцю на шыбеніцы. На Ніжнім рынку (цяпер на гэтым месцы помнік Скарыну і фантан) былі збудаваныя тры шыбеніцы, і на пачатку верасьня адбылося публічнае выкананьне прысуду. Больш публічна не каралі, а высылалі ў лягеры.

У Спаскім вайсковым гарадку пасьля высылкі нямецкіх ваеннапалонных пачалі ствараць выпраўленча-працоўную калёнію (ВПК): адрамантавалі памяшканьні, зрабілі агароджу, збудавалі назіральныя вежы і адчынілі шэраг майстэрняў: цясьлярскіх, кавальскіх ды іншых. У лягеры з большага ўтрымліваліся крымінальнікі зь невялікімі тэрмінамі зьняволеньня. Для кіраўніцтва лягеру на вул. Лягернай быў збудаваны двухпавярховы драўляны дом. Стварэньне ВПК пачалося пры канцы 1945 г. і значна дапамагло ў аднаўленчых працах у горадзе: рабілі рамы для вокнаў, дзьверы, мэблю, ложкі, лежакі і да т. п.

У жніўні 1944 г. быў наладжаны рэгулярны пасажырскі рух зь Віцебскам, раз у дзень хадзіў цягнік з вагонамі 4 клясы — «максымамі». Цягнікоў далёкага прызначэньня тады не было. Шмат вагонаў мелі сьляды бамбаваньняў: былі выбітыя шыбы, прабітыя аскепкамі сьцены. Калі трэба было ехаць у Менск, дык часьцей за ўсё карысталіся таварнымі цягнікамі. Калі я вяртаўся з эвакуацыі ў Полацак, дык ад Смаленску да Віцебску мусіў ехаць «таварнякамі». Усе таварныя цягнікі былі напханыя пасажырамі, і ніхто з гэтым тады не змагаўся. Бальшыня станцыяў была зьнішчаная, і яны разьмяшчаліся ў зямлянках ці ў трафэйных вагонах: італійскіх, польскіх, летувіскіх, нямецкіх і г. д. Каб адшукаць станцыю, трэба было глядзець, куды цягнуцца драты ад галоўнае лініі. Хуткасьць цягнікоў была абмежаванай, з прычыны дрэнных каляінаў, якія складаліся з абрэзкаў рэек, былі часовыя драўляныя масты і г. д. Вызваленым раёнам дапамагалі іншыя рэгіёны: дасылалі харчы, матэрыялы, абсталяваньне, везьлі скаціну, насеньне. Пасьля вызваленьня Прыбалтыкі пачало вяртацца шмат палачанаў, пачалі прыязджаць з савецкага тылу эвакуяваныя. Лік жыхароў пачаў расьці, пры гэтым сутыкнуліся з вострай нястачай жыльля, а хутка і з поўнай адсутнасьцю яго. У пакой засялялі па 2–3 сям'і, засялілі ўсе бункеры. Жыхары пачалі будаваць новыя дамы і аднаўляць разбураныя. У верасьні-кастрычніку з гораду былі выведзеныя ўсе палявыя шпіталі, сталася вальней, але пачалося фармаваньне Полацкае вобласьці, патрабавалася шмат памяшканьняў для ўстановаў і іхных працаўнікоў. Былі выкарыстаныя памяшканьні былога кадэцкага корпусу, якія часова перадало вобласьці вайсковае міністэрства. Былі занятыя дамы па вул. Леніна, вызваленыя шпіталямі, будынкі лястэхнікуму і Спаскага манастыру. У гэтых дамах разьмесьціліся абласны НКВД і міліцыя. Канцылярыя аблвыканкаму напачатку заняла дом № 17 на вул. Леніна, а затым перабралася з шэрагам аддзелаў у дом № 29, дзе пазьней знаходзіліся скурна-вэнэрычны і анкалягічны дыспансэры. Шэраг ягоных аддзелаў разьмесьціўся ў былым кадэцкім корпусе і ў іншых будынках. Прыкладам АблАНА — на вул. К. Маркса (цяпер Гагарына) у дамах былога гародніка Галёркіна. Першым старшынём аблвыканкаму быў прызначаны У. Е. Лабанок. У будынку па вул. Ленінскай, дзе цяпер знаходзіцца раённая міліцыя, разьмесьціўся абкам КПБ. Першым сакратаром абкаму быў Я. А. Жылянін (памёр у жніўні 1979 г.). Напачатку ўваход у абкам быў вольным, а затым увялі сыстэму дазволу. Увосень 1944 г. была праведзеная кампанія па здаваньню збожжа дзяржаве. Вызначаныя пляны былі выкананыя, за што Лабанок і Жылянін былі ўзнагароджаныя ордэнамі СССР. У ніжнім паверсе кадэцкага корпусу ля былога Мікалаеўскага сабору быў адчынены гарадзкі клюб, у ягонай залі праходзілі розныя нарады, канфэрэнцыі, зьезды, урачыстыя сходы і г. д. Побач зь ім аднавіла сваю працу полацкая музычная школа. У памяшканьні кірхі, былым краязнаўчым музэі, было разьмешчанае кіно, на сэанс гледачы зьбіраліся на вуліцы, а затым усе кідаліся займаць месцы, бо ў залі стаялі прыстаўныя лаўкі на 4 ножках і не было нумарацыі. Затым было збудаванае файэ, зробленыя лаўкі з прыслонамі і нумарацыяй. Першым дырэктарам кіно была Н. А. Каскевіч.