Я таксама ўспамінаю толькі радаснае. Але не скажу, што маю ад успамінаў большую асалоду, чым ад жыцця з Машай. Жыццё ёсць жыццё! Яно вышэй за любыя ўспаміны, за любыя філасофскія развагі, разумовыя пабудовы. А можа, я не дайшоў яшчэ, як кажуць, да «кандыцыі старасці», калі не застаецца нічога, акрамя ўспамінаў? Але баюся: дайду — i жыццё скончыцца, бо не будзе чаго ўспамінаць. Свой апошні цыкл мініяцюр Янка Брыль назваў: «Чытаю, пішу, жыву». Я напісаў бы з іншым знакам: «Чытаю, пішу — жыву».
Часам думаю: колькі разоў смерць пралятала нада мной вельмі блізка. У першы дзень вайны пры першым налёце, калі кулямётная чарга з «Хенкеля» перабіла баннік, які я трымаў у руках, каб выбіць снарад, які заклініла. Калі праваліўся пад лёд. Але часцей успамінаю іншы выпадак, можа, нават не самы небяспечны: бомбы падалі бліжэй — i гэта не называю блізкасцю смерці: на вайне як на вайне, каля тых, хто быў на перадавой праляталі тысячы куль, снарадаў. Што зберагло тых, хто вярнуўся? Малітвы блізкіх? Але маліліся, бадай, за ўсіх.
Мая павышаная ўвага да жыцця, асцярожнасць яўна з'явілася пасля таго, калі прыйшла вестачка ад Машы, што яны з Ліначкай жывыя, здаровыя. Да таго я паводзіў сябе, як усе франтавікі: не думаў пра смерць. Тым больш што зенітчыкаў яна наведвала рэдка; немцы батарэі атакавалі ў пачатку вайны, пасля, калі ix загналі на вышыню, не помню ніводнага факта прыцэльнай бамбёжкі, да слова, у нас у дывізіёне, у корпусе супрацьпаветранай абароны, любы новы манеўр ворага тут жа паведамляўся ўсім часцям загадам па корпусе. Успамінаю адзін, здавалася б, малазначны факт. Але ад успаміну халадзею дагэтуль. Зіма 1944. Я, дывізіённы «прапаведнік», паехаў на батарэю МЗА [1], якая прыкрывала мост цераз бурную раку Коўда, гэта кіламетраў за 60 ад Кандалакшы, дзе штаб i батарэі нашы. Ехаў, як заўсёды, грузавым саставам, які вёз з Мурманскага порта на поўдзень англа-амерыканскую дапамогу. Саставы доўгія, прыкрываліся МЗА чужых дывізіёнаў, але свайго брата зенітчыка пускалі. Аднак ехаў я кожны раз з трывогай: часцей поезд не спыняўся на станцыі Коўда, i мне прыходзілася скакаць на хаду, а я не такі ўжо спрытны скакун. У той дзень ўсё вакол было засыпана свежым, некранутым снегам, да таго ж змяркалася рана — за Палярным кругам. Я стаяў на пляцоўцы вагона, на ніжняй прыступцы i трывожыўся больш звычайнага, бо не пазнаваў мясціны, дзе можна скочыць у адхон, увосень — на мяккую зямлю, зімой — у мяккі снег.
Тут саставы сцішылі ход, бо паваротка — абход Коўдзінскай «губы».
Разлічыў: яшчэ паўхвіліны i можна адпусціць парэнчу, сігануць у снег. Mir — i я скочыў бы на мост цераз невялікую, але глыбокую — паміж скал — рэчку. Верная смерць. Дагэтуль не магу сцяміць, што мяне стрымала. Анёл-ахоўнік? Матчына ці Машына мальва? Калі колы вагона прагулі па мосце, я, акамянелы, застылай рукой трымаўся за парэнчы. Як расшчапіць пальцы? Скочыць я не мог больш. Пэўна, даехаў бы да Беламорска. Але на мае шчасце састаў спыніўся на станцыі Коўда.
Лёс? Але, лес, хоць ніхто не ведае, што гэта такое — лес. Не помню, дагэтуль ці пазней здарыўся на гэтай Коўдзе выпадак, які ашаламіў увесь дывізіён. На мост цераз бурную раку немцы i фіны скінулі паўтысячы бомб, i ніводная не трапіла ў мост. Але адна пацэліла ў чалавека — у санінструктара нашай батарэі Аляксея (не магу ўспомніць прозвішча), які займаўся мірнай справай — лавіў рыбу. Чалавека разнесла ў шмаццё, не было чаго хаваць. Лёс? Жорсткі.
Прызнаюся, магчымасць такой недарэчнай смерці спалохала мяне, як не палохала ніводная бомба, што разрывалася недалёка ад пазіцыі батарэі. У гармату, суседнюю з той, якой я камандаваў, прамое пападанне было толькі ўлетку 1942 года, калі масавым налётам (армада ў 70 бамбардзіроўшчыкаў!) фашысты спалілі Мурманск, тады ў нас забіла чатырох чалавек. Але той выпадак не зрабіў такой псіхічнай траўмы, як скачок з цягніка, які, на шчасце, не адбыўся. Пра страх, які перажыў, я расказаў настаўніку i сябру майму Калбеку Канстанціну Дзмітрыевічу. Ён любіў мяне як сына i амаль ультыматыўна патрабаваў ад нампаліта Нужненкі не камандзіраваць мяне больш у Коўду, не дамовіўшыся з камандзірам батарэі ці ўзвода, які суправаджае састаў, каб машыніст зрабіў хвілінную супынку.