Выбрать главу

Пад ранак ён усё ж задрамаў ненадоўга і прачнуўся, пачуўшы тупат Сцепаніды па хаце. Бралася на зачын дня, шарэлі запатнелыя вокны. Сцепаніда, апранутая ў ватоўку, адхінула занавеску ля ложка.

— Ты ж капец хоць скончы. А то без бульбы застанемся. І парсючка накармі! Ну, я пагнала…

Яна выйшла на двор, і неўзабаве пачулася шамаценне травы ля істопкі, пасля важкі тупат каровіных капытоў на падворку. Відаць, пагнала Бабоўку пад лес, у Баранні Лог, ведама, там далей ад гасцінца, спакайней.

Пятрок пачаў неахвотна ўставаць, звесіў з ложка босыя ногі, пасядзеў так, думаючы, закурыць цяпер ці спярша надзець порткі — курыць дужа карцела з начы. У хаце было, аднак, свежавата, Сцепаніда сёння не паліла ў печы — спяшалася чым раней вывесці на пашу Бабоўку, цяпер яму да палудня гаспадарыць у адзіноце. У адзіноце, аднак, было і не блага, можна было не спяшацца — распачаты ў канцы гарода капец бульбы, мабыць, пачакае, надвор’е стаяла цёплае, воглае — не падобна, каб раптам павярнула на прымаразкі. Нацягнуўшы нагавіцы, Пятрок сунуў ногі ў апоркі, накінуў кажушок на плечы і перш дастаў з-за коміна пару лістоў самасейкі — узяўся крышыць на ражку стала. Гэта была самая мілая яго работа — рыхтаваць табаку на дзень, востры кончык нажа лёгка кроіў падсушаны зжоўклы ліст, прыемны пах казытаў у носе, і Пятрок у прадчуванні курцоўскай асалоды з кароткаю жвавасцю зірнуў у акно.

Не, на паваротцы ад гасцінца было пуста, нікога не было відаць, а вось за вішаннікам, у баку па дарозе ад Выселак, штось варушылася, нехта ішоў. З нажом у руцэ Пятрок устаў з лаўкі, зазірнуў вышэй — праз запатнелае шкло сталі відаць дзве постаці, што хуткім крокам набліжаліся да хутарской павароткі.

Ён пастаяў, узіраючыся, і раптам пэўная здагадка выразна падказала яму, што гэта ж высялкоўскія паліцаі. Так, гэта былі Гуж з Каландзёнкам. У гэтай новай ролі ён бачыў іх першы раз, але ўжо чуў ад людзей, як яны сноўдалі па Выселках, у мястэчку, часам наведваліся ў суседнія хутары і вёскі — усталёўвалі новую ўладу. Цяпер яны ішлі сюды — мажны, крутаплечы Гуж і перахлябісты малады Каландзёнак — абодва з вінтоўкамі за плячыма, з белымі павязкамі на рукавах. Яны ўжо набліжаліся да павароткі, і ў Петрака затрымцела слабенькая надзея, што, можа, прамінуць Яхімоўшчыну, пойдуць далей па гасцінцы. Але, мусіць, не. Паліцаі абышлі лужыну на завароце і скіравалі на вузенькую, парослую дробнай травой дарожку да хутара.

Цяпер усё стала панятна, Пятрок борздзенька надзеў кажушок у рукавы, адчыніў дзверы ў сенцы. Пасля, не ведаючы, што рабіць, але прадчуваючы кепскае, старанна зачыніў іх за сабой і праз акно ля парога пачаў сачыць за прахожымі. Па меры таго, як яны набліжаліся, ён, аднак, спакайнеў. Ды і чаго ўвогуле было баяцца, ніякай віны за сабой ён не чуў, а Гуж дык нават быў яму нейкай раднёй па дзеду — калісь, яшчэ да калгасаў, на кірмашы ў мястэчку выпівалі ў кампаніі. Але ад пачатку калектывізацыі Пятрок з ім не бачыўся. І век бы яму з ім не бачыцца.

Паліцаі тым часам мінулі вароты, нетаропка падышлі да калодзежа; зыркія ўчэпістыя вочы Гужа на тоўстым ад’едзеным твары матлянуліся па падворку і спыніліся на дзвярах — мусіць, трэба было адзывацца. Ды надта ўжо не хацелася. Пятрок выйшаў у сенцы і няпэўна знерухомеў ля вёдзер з вадой на лаўцы. Толькі калі чужая рука забразгала знадворку клямкай, ён адчыніў дзверы.

— А-а, во дзе ён хаваецца, — напаўжартам прагудзеў Гуж і, угнуўшы галаву ў картузе, пераступіў парог. — А я гэта гляджу, няма ля будынкаў. Дзень добры!

— Дзень добры, — запалым голасам адказаў Пятрок. — Дык гэта… Чакаю.