Выбрать главу

Гэта — Кротаў. Кінуўшыся за немцам, ён ірве з кабуры пісталет, але той дзесь зачапіўся і не вымаецца. Або мне гэта здаецца… Кротаў падае на калені ў снег, спрабуе ўскочыць, і тады першая траскучая чарга прашывае навокал паветра. Я падаю ў каляіну, тузаю рукаятку затвора. Наперадзе ў кукурузе штось пыхкае. Выбух сцябае па твары снегам і асляпляе. У апошні момант уваччу мільгае Кротава рука з адстаўленым локцем. У ёй пісталет. Затым агняная пляма гасіць зрок. Аднак праз секунду я бачу над сабой вырасшыя на паўнеба зблытаныя сцяблы кукурузы. У іх вісіць нізкі месяц, і пад ім — дзве постаці. Адна нерухома ляжыць у каляіне, а другая, падаючы і ўскокваючы, бяжыць у кукурузу, некуды ў бок ад нас і ад немцаў. «Уцякуць!» — мільгае спалох, і я, не цэлячыся, націскаю на спуск. Аўтамат дробна ўздрыгвае, і гэта вяртае мяне да рэальнасці. На руках і каленях я кідаюся на той бок каляіны. Немец наперадзе таксама ўскоквае і, прыгнуўшыся, шырока сігае кудысь між рэдкіх сцяблоў. Я даўка крычу: «Назад!» Ён спалохана кідаецца ў другі бок. Але я, некалькі разоў скокнуўшы, наганяю яго і падаю амаль побач. Шумна дыхаючы, ён ляжыць, узіраючыся ў мяне, і чакае. Адзенне яго і галава скрозь у снезе. Я ўскідваю аўтамат і з лютай прыцішанасцю гукаю: «Назад!» Палонны паспешліва паднімаецца на калені і хутка паўзе між сцяблоў кукурузы. За ім, прыгнуўшыся, караскаюся я. Ззаду выразна даносіцца ўстрывожанае нямецкае гергетанне. Кротава няма. Мёрзлыя тугія калівы блытаюцца пад нагамі, б’юць па галаве. Але яны трохі хаваюць нас, і мы адбягаем ад таго месца, дзе нас застала чарга. Нас толькі двое. Той, у каляіне, так і не падняўся. Я не ведаю нават, каторы гэта з іх, як не ведаю і таго, каторы паўзе са мной. I незразумела, дзе Кротаў. На хвіліну я затрымліваюся і слухаю. Здаецца, мы трохі адрываемся ад немцаў, і тады з кукурузы рвецца крык:

— Хальт!

— Хальт!

— Хальт, рус!..

I чарга — адна, другая, дзве разам. Мы падаем і па рыхлым снезе зноў кідаемся ўбок. Мая ўвага расколваецца надвае — адначасна я лаўлю ўсё, што пагражае нам ззаду, і не ўпускаю ад сябе немца. Ён круціцца, як вужака, паўзе. I я гэтаксама кручуся, куляюся, паўзу, каб не адстаць ад яго.

У кукурузе тым часам раздаецца адзіночны пісталетны стрэл і затым зноў прыглушаныя адлегласцю крыкі немцаў. I зараз жа мяне спыняе чамусьці хрыпаты, але злы крык Кротава.

— Не! Не! Сволачы!

I зноў слабы пісталетны стрэл, другі. Трэці, пэўна, накрывае чарга, і ўсё там сціхае.

«Што ж гэта? Як жа гэта? Чаму так?» — як дрыготка, б’е мяне распачлівая думка. Вываляны дашчэнту ў снег, я распластваюся між мёрзлых бадылёў кукурузы. Перада мной ляжыць немец. Я толькі цяпер пазнаю, што гэта той акулярык у мундзірчыку. Аднак акуляраў у яго ўжо няма, ён задыхана сапе і шырока міргае сваімі бялёсымі вачыма. Я ўскокваю на ногі і тут жа прысядаю ад болю ў ступні. Паранены! Збянтэжаны, яшчэ не ўсвядоміўшы ў поўнай меры таго, што здарылася, я, аднак, выразна адчуваю: гэта — непапраўная, вялізная бяда. Трэба зараз жа нешта зрабіць, неяк ёй процідзейнічаць. Нага ў мяне прыкметна цяжэе, штось гарачае, нават востра пякучае разыходзіцца па ступні. У боце хутка макрэе. «Ну вось і ўсё!» — сціскае сэрца самотная думка. Аднак яна працвярэжвае ад страху, і я разумею, што небяспека яшчэ не мінулася, што трэба хутчэй выкараскацца адсюль.

Прыўстаўшы на калена, я наступаю на параненую нагу — ці цэлая хаця косць. Калі падломіцца — тады ўсё прапала. Але нага, дзякуй Богу, не падломваецца, толькі баліць, дужа пячэ. Праўда, боль — не так важна, боль мы як-небудзь стрываем. Я падхопліваюся, прыгнуўшыся, штурхаю аўтаматам немца, і мы зашываемся ў вялізным прасцягу кукурузы.

6

Людзі ідуць, ідуць, ідуць…

I я іду. Іду без мэты, немаведама куды, насустрач цёплай вясновай ночы. Вячэрняя сцішанасць высокага пагоднага неба мірам і добрасцю ліецца ў разварушаную душу. Дробненька рассыпаецца музыка са «Спідолы». Гэта перада мной мерна крочаць, нібы плывуць у людскім патоку, трое хлапцоў. Чорныя вячэрнія гарнітуры, вастраносыя чаравікі. Вельмі дбайна прычэсаныя шавялюры.

Я іду за імі і думаю пра сваё.

Цяпер, праз дваццаць год, можна меркаваць па-рознаму. Хоць, прызнацца, я і дагэтуль толкам не ведаю, як усё тое адбылося. Магчыма, адступаючы, немцы наўмысля пакінулі ў нашым тыле танкавую групоўку. А можа, нашы часці самі абышлі яе, гонячыся за тэмпам наступлення. Уперад, не зважаючы ні на што, глыбей у варожы тыл — было няпісаным правілам кожнай наступальнай аперацыі. А танкі засталіся. Гэта найбольш верагодна. Важна было акружыць Кіраваград, паставіць пад пагрозу разгрому дзесятак нямецкіх дывізій. Каму там клопату, што ў нейкім месцы нашага баявога парадку ўтварылася прарэха, у якую ўлезлі немцы.