Выбрать главу

— Самазвал ён як «студэбекер», так?

— Што?

Хлапчук не пачуў або не разумее незнаёмага слова. Я тлумачу:

— Многа вянкоў. Пэўна, на поўны «студэр» з верхам. Чалавек на паўабарота паварочвае да мяне пабіты порахам, рабаваты твар.

— Дзякуй.

Калі ласка. Хаця навошта дзякаваць. Жорстка памечаныя вайной, мы і так выдатна разумеем адзін аднаго. Мы — пабрацімы аднаго лёсу. I мне робіцца добра тут, у гэтым цесным страі. На гэтым стыхійным мітынгу без прамоўцаў.

Хлопчык з-пад бацькоўскай рукі з паважнай цікаўнасцю азіраецца на незнаёмага чалавека.

Аднак добрага патроху. Здаецца, жаданне выканана. Неяк унутрана прасвятлеўшы, я пачынаю вылазіць з натоўпу.

Усё ж Вечны агонь у памяць аб тых, хто загінуў — гэта здорава! Калі толькі вечнасць яго не акажацца кароткай.

Здаецца, у адносінах да ўвекавечання забітых я памыляўся. Памяць аб стратах у нашай краіне, як ні ў адной іншай, шматзначная і сімвалічная. Напэўна, ніколі ў мінулым народ не губляў столькі невядомых салдат, як у апошняй вайне. I дагэтуль нікому невядома, колькі маці не дачакаліся з вайны ні сыноў, ні паведамленняў пра іхні лёс. I ляжаць яны ў зямлі невядомымі. Героі і негероі з невядомымі чалавецтву пакутамі і невядомымі подзвігамі, невядомымі лёсамі і імёнамі. Дык хай будзе благаславенны агонь у іх памяць!..

Я рашуча выбіраюся з плошчы. Аднак гэта не проста. Уздоўж тратуара рады людзей. Нехта шчоўкае «Зоркім». Жанчына на выцягнутых руках высока ўзнімае дзіця. Хай бачыць і памятае малы.

За тратуарам рад чырвоных газіровачных аўтаматаў. Ля іх таксама людзі. Лязгае мядзяк, нетаропка гудзе жалезнае нутро, і аўтамат акуратна адмервае сваю порцыю. Стараючыся не ступаць у лужы на асфальце — шукаю шклянку. Ля крайняга аўтамата, засланяючы адзін аднаго, нешта шальмуюць двое. Ужо немаладыя. Па ўзросце — былыя франтавікі. У абодвух у руках па шклянцы, але не падобна, каб з газіроўкай. Той, што стаіць насупраць, перахапіўшы мой заклапочаны позірк, з фамільярнасцю, на якую не пакрыўдуеш, падміргвае:

— Адну хвілінку…

I хавае за аўтамат бутэльку. Я спыняюся ўбаку і чакаю. Мужчыны цішком стукаюць шклянкамі. Адзін рослы, цяжкаваты, з бурачнага колеру тварам. На ягоным пінжаку тры рады ордэнскіх планак. Два — Чырвонага Сцяга, па адным Аляксандра Неўскага і Айчыннай вайны. У другога, крыху маладзейшага і нейкага дужа пакамечанага з твару, лацкан няновага рудога пінжака важка адцягваюць дзве Чырвоныя Зоркі. Відаць, прывінціў спецыяльна для свята. Мужчыны таропка п’юць. Крэкнуўшы, заядаюць сухой воблай. Старэйшы — мажны крутаплечы дзядзька — выразным кіўком паказвае на маю нагу.

— Што, на вайне?..

— На вайне.

— Ну, а газіроўку п’еш! Ці не зарабіў? — змрочна папракае ён і пытаецца: — Трахнула дзе?

— На Другім Украінскім.

— Сусед. Я з Першага. А гэты з Ленінградскага, — з трэскам ламаючы воблу, ківае ён на сабутэльніка.

Я чакаю шклянку, а ён, памарудзіўшы, нагінаецца за бутэлькай. Шырокая вялікая яго рука налівае болей паўшклянкі.

— Давай! За тых, хто хоча, а не можа.

— Ну што вы!.. Я не п’ю.

Ён, увачавідкі хмялеючы, гатовы абурыцца:

— Як гэта не п’еш? Тады ты не франтавік. Ты — чыгуначнік.

У яго нетаропкія рухі, бясспрэчны камандзірскі тон, цяжкаваты позірк чалавека, які ведае сабе цану. Маладзейшы, наадварот, увесь час смеючыся вачыма, грызе ўстаўнымі металічнымі зубамі воблу і падміргвае:

— Давай, друг! За рускіх Іванаў.

Мне зусім не хочацца піць, але іх фамільярная катэгарычнасць абяззбройвае. Хіба што за Іванаў. Маладзейшы выдзяляе кавалак воблы, і я паспешліва, захлынаючыся, п’ю. Як і на фронце. Выпадковая чарка сярод незнаёмых суседзяў-танкістаў або мінамётчыкаў. Праўда, там не было і следу няёмкасці.

— Ну і нішто! — адабрае старэйшы. — Справіўся. А казаў, не п’ю. У якім званні?

— Я?

— Ну, вядома ж, не я.

— Малодшы лейтэнант.

— Зразумела. Ванька-ўзводны.

— Ага. Праўда, і ротным быў.

— Я таксама. Да Берліна вырас у дывізійнага.

Салёны кавалак рыбы пячэ ў роце. Настроем хутка завалодвае хмельная лёгкасць. 3 рэпрадуктараў грыміць «Свяшчэнная вайна». Побач лезуць, тоўпяцца, штурхаюцца людзі. Аднак мы не звяртаем на іх увагі. Мяне пачынае цікавіць старэйшы. Але наконт дывізійнага ён, здаецца, «загнуў».

— У дывізійнага, кажаце? Занадта высока.

— Высока? Думаеш, да дывізійнага не дабраў? Так? Ану, палічы. Адзін камплект роты — дзвесце чалавек.

— Гледзячы якой роты.

— Якой! Штрафной, вядома.

— Штрафной?

Я з новай цікаўнасцю пазіраю на гэтага чалавека. Плячом ён прысланяецца да чырвонай сценкі аўтамата.