Выбрать главу

— Эй! Эй! — крычу я, адразу кінуўшыся подбегам. Не, упусціць іх мы не можам: гэта апошняя мая магчымасць, апошняя надзея на паратунак ад той бяды, якая навісла над батальёнам, а мо нават і над палком.

— Эй! Стой! Стой!

Пярэдняя коціць сабе, пэўна, ніхто там мяне не чуе, а задняя, і праўда, спыняецца. Але гэта ўсё ж далекавата, і я з усёй сілы нясцерпна доўга кульгікаю, раскопваючы ботамі рыхлы, рассыпісты снег. Мне ўсё здаецца, што ездавы не дачакаецца мяне і вось-вось рушыць за першай. Ды ўсё ж ён цярпліва выстойвае, і мы з немцам дабіраемся да дарожкі. У фурманцы некалькі чалавек, усе моўчкі і не дужа прыязна ўзіраюцца ў нас. У мяне ад стомы захлынаецца сэрца.

— Там танкі!.. У кукурузе!.. — кажу я, падыходзячы да фурманкі. Я цяжка дыхаю, але стараюся выглядаць як мага спакайней. Толькі гэта, відаць, мне дрэнна ўдаецца.

У фурманцы маўчаць.

— Танкі! Нямецкія танкі. Разумееце! Дзе камандзір? Давайце к камандзіру! — з запальчывай рашучасцю патрабую я, урэшце вылезшы на дарогу. I тады ў фурманцы нехта недаверліва адгукаецца жаночым голасам:

— Што, здорава цюкнула? Можа, і кантузія, га?

Гэтая нічым не прыкрытая іронія выбівае з мяне рэшткі кволага майго спакою.

— Якая кантузія?! Пайшлі вы к чорту! Танкі! Разумееце, нямецкія танкі! У кукурузе!

На падводзе заварушыліся, нехта абапіраецца аб плячо ездавога і саскоквае на снег. Гэта, аказваецца, дзяўчына ў паўшубку і шапцы. Але яна мне не знаёмая, відаць, фурманка не нашага, а якога іншага палка.

— Ану, пакаж галаву!

— Ды не галава! Ты во нагу перавяжы! Нагу раніла! — крычу я, трацячы трыванне ад гэтага недарэчнага яе спакою.

— Нагу?

— Ага! Нагу! Не верыш?

Я апускаюся ў снег. Сцяўшы ад болю зубы, каб не завыць, здзіраю з параненай нагі бот. Там вельмі мокра, і я перакульваю яго халявай уніз — на снезе з’яўляецца цёмная пляма крыві.

Гэта, відаць, пераконвае. Дзяўчына ўскідвае голаў і раптам скаланаецца.

— Пастой! А той хто?

— Немец. Не бойся, не ўкусіць: палонны! — раздражнёна ледзьве не крычу я. Нага нясцерпна баліць, мокрыя пальцы хутка нямеюць ад марозу, я ўжо гатовы ўзненавідзець «памочніцу смерці» за яе недавер і марудлівасць.

— Давай на воз! — кажа яна. Потым упэўнена бярэ мяне пад руку і звыкла прыкрыквае на немца: — Ану, падмагні! Чаго глядзіш, як Гітлер?

Немец нечакана разумее і з няспрытнаю далікатнасцю падхоплівае мяне пад локаць.

— Ладна, ідзіце вы! Я сам…

На адной назе я даскокваю да воза. Там, аказваецца, ляжаць на саломе яшчэ двое параненых. Адзін ціха стогне, адкінуўшы галаву. Другі прыўзняўся і пакутлівымі вачыма на схуднелым твары глядзіць на мяне.

— Вось тут, у куточак…

Дзяўчына з ездавым уладкоўваюць мяне ў самым задку фурманкі. Затым яна спрытна і туга перавязвае бінтамі маю прастрэленую ступню. Але тут выяўляецца новая бяда — бот на перавязаную нагу ўжо не лезе, ды і боль такі, што няма сілы стрываць гэтае пакутнае абуванне. Марна папакутаваўшы з хвіліну, я кідаю бот у салому. На снезе ля дарогі застаецца скрываўленая ануча.

— Павязло, — кажа дзяўчына. — Яшчэ б міліметр і — косць напалам.

«Косць, косць! — мяне раздражняе гэтае яе непатрэбнае цяпер спачуванне і марудлівасць. — Сам ведаю — напалам… Косць — не жалеза…»

— Давай жа хутчэй! — ледзьве не енчу я. — I немца пасадзі!

— Няма куды! Хай бяжыць. Пратрасецца.

— Пратросся ўжо. Апошні. Другога ўхлопалі. I Кротава! — Раптам успамінаю я, і міжвольна роспач нахлынае ў сэрца. — Эх, Кротаў, Кротаў…

У каторы ўжо раз я не магу пагадзіцца, што так нечакана і недарэчна гіне чалавек. Проста гэтага немагчыма да канца зразумець. Толькі ж што быў з табой побач, сварыўся, еў, ішоў. I вось яго ўжо няма… I ніколі ўжо не будзе. Дзяўчына, месцячыся на сваім месцы побач з ездавым, здзіўлена азіраецца.

— Кротаў? А што — Кротаў?

— Забілі. Што?..

— Кротава? Камандзіра роты?

— Ну.

— А ты не брэшаш, младшой?

Яна ўпершыню насцярожваецца, здаецца, пранікшыся маёй бядой і маёй трывогай.

— Толькі мне і не хапала брахаць з вамі. Гані ў полк! Танкі вунь за кіламетр! — крычу я. — Ты разумееш ці не?

— А ты не крычы! Камандзір мне знайшоўся! — злуецца дзяўчына.

Я ўмольна гляджу на яе і думаю: «Ну, не буду, не буду крычаць. Толькі давай жа хутчэй! Родненькая, міленькая, ці як там цябе назваць». Дзяўчына моўчкі, з асцярогай пазірае ў начны стэп, нібы ўслухоўваючыся, пасля штурхае боязна прыціхлага ездавога: