Выбрать главу

Гаспадыня тым часам прынесла шклянку гарбаткі і сподачак варэння, але ён не спяшаўся піць. Ён не мог адарвацца ад кніжак, аўтары якіх былі яму амаль спрэс невядомыя. Хіба апроч некалькіх тамоў Талстога, Пушкіна і дзвюх кніжак Купалы. Такога багацця ён не бачыў нават у даволі вялікай бібліятэцы нардома, дзе, як хваліўся яго загадчык, быў самы поўны збор твораў класікаў марксізму. «Спадабаліся вам кніжкі? — спытала гаспадыня. — Анэлі дужа падабаліся. Дзюма, Вальтэра Скота, Гюго яна прачытала яшчэ ў школе. Тады дужа любіла чытаць. Цяпер меней. Ну, але такі час. Усё ж падрасла, тэхнікум скончыла». — «Які яна скончыла тэхнікум?» — запытаў Ягор. «Аптэкарскі, — сказала гаспадыня. — Я ж таксама фельчаркай рабіла. Зараз не раблю», — сказала гаспадыня і сціпла прымоўкла. Ягор хацеў папытацца, чаму яна цяпер не працуе, як грукнулі дзверы і ў пакой ступіла Анэля. Згледзела яго, і шчокі яе сарамліва запунсавелі. «Мама! — сказала яна нібы з дакорам. Але тут жа знайшла жартоўны тон і весела засмяялася. — Вы майго кавалера гарбаткай частуеце? Але яму, мабыць, няма часу. Ён чалавек партыйны і нават на спатканне не прыходзіць». — «Нічога, якраз сёння я маю часу». — «Маеце, ну дык добра. Тады мы разам адзначым юбілей нашага татачкі», — жвава абвясціла Анэля. Ягор ніякавата паморшчыўся, дзяўчына заўважыла тое і энергічна запратэставала: «Не адмаўляйцеся, татачка будзе рады. Я яму ўжо расказвала, як мы хадзілі на „Кацьку“, а ён некалі ведаў таго рэжысёра. Як мы жылі ў Піцеры. Можа расказаць, будзе цікава».

Каб не замінаць жанчынам, якія ўзяліся накрываць стол, Ягор перайшоў у бакоўку, мабыць, Анэлін пакойчык з акуратна засланым ложкам, столікам ля акна, на якім буялі ўсё тыя ж кветкі, ад чаго тут было нават трохі з прыцемкам. Анэля пасадзіла Ягора да таго століка з кнігамі, сярод якіх адна вылучалася надта вялікімі памерамі, і Ягор асцярожна выцягнуў яе з-пад іншых. Гэта, аднак, аказалася не кніга, а старасвецкі сямейны фотаальбом. Застаўшыся на адзіноце, Ягор пачаў разглядваць яго незнаемых насельнікаў — маладых і старых, з бародамі і без барод, мужчын у мундзірах з радамі бліскучых гузікаў, дам у доўгіх спадніцах, старанна прычасаных, прыбраных дзяўчат, падлеткаў, што сціпла пазіралі на яго з каляных старонак альбома. Былі тут і афіцэры з шашкамі, у пагонах, і нават адзін, мусіць, нейкі важны святар у расе з вялікім крыжом на бліскучым металічным ланцугу. Гэтыя хоць і выклікалі пэўную цікавасць, але не падабаліся Ягору, бо, пэўна ж, былі ворагамі пралетарыяту. Зрэшты, таксама як і іншыя, думаў Ягор. Ён яшчэ не дагартаў альбом, як у пакой убегла Анэля, таксама з куртаценькім фартушком, падвязаным на яе тоненькай таліі. Яна аж здзівілася: «Няўжо зацікавіліся? Ды не трэба гэта», — і хацела адабраць альбом, але ён не даў. «Не, цікава, столькі фатаграфій!» — «Дык гэта ж уся радня яшчэ з таго веку. Піцерскія ўсё». — «I ты тут ёсць?» — пацікавіўся Ягор. «Ай, я саплячка яшчэ, во ў канцы, на апошняй старонцы». Яна адгарнула некалькі аркушаў і паказала на два бляклыя здымкі, дзе была знята, мабыць, яшчэ ў школьныя гады, можа, дзесяцігадовай дзяўчынкай, што напружана ўзіралася ў фотаапарат. «А гэта хто?» — папытаўся ён, паказваючы на невысокага чалавека ў форменнай тужурцы з гальштукам і ў акулярах, штосьці ў ім здалося Ягору знаёмым. «Дык гэта ж наш татка, — сказала Анэля. — Яшчэ як у гімназіі вучыў». — «А ён што, вучыцель?» — «Выкладчык матэматыкі. А цяпер бухгалтар», — сціпла паведаміла Анэля. «Так, так, — сказаў Ягор, адчуўшы і тут невядомую яму жыццёвую драму, якая, напэўна, спасцігла гэтых людзей. — А гэты поп?» — паказаў Ягор на святара. «То мой дзядзечка архірэй. Ён памёр ужо… Я была ў яго любімая пляменніца», — уздыхнула Анэля. Ягор паўзіраўся ў святара, але не сказаў нічога.