Выбрать главу

Яны прыехалі ў Ліпаўку надвячоркам. Збіраць сход, мусіць, было яшчэ рана, і Ягор паехаў у дальні канец сяла, да свае хаты. Думаў, ці дома маці, дзе Ніна? З тою думкай увайшоў на свой падворак, трохі здзіўлены, што кудысь зніклі вароты, на дрывотні ляжала ўсяго некалькі сырых палак. Значыць, кепская справа і з дровамі. Дзверы хляўка-свіронка таксама былі насцеж расчыненыя. Ён моўчкі, наперадзе пракурора, увайшоў у хату, нізенькая столь якой бы яшчэ паніжэла, усё шукаў позіркам маці. Ды пачуў яе голас аднекуль з запечча — слабы, хваравіты голас, які аддаўся ў ім балючай трывогай.

I праўда, маці хварэла. Не адразу, спакваля выпаўзла да сына, захутаная ў нейкія транты, заплакала. Ён таксама гатовы быў заплакаць, расчулены, ды прысутнасць старонняга чалавека стрымлівала ад сантыментаў. Упаўнаважаны Гарадзілаў, здаецца, не меней за яго ўражаны гэтай сустрэчай, няўцямна стаяў пасярод хаты, не ведаючы, куды прыткнуцца. Ягор папытаў пра Ніну, аказваецца, маці жыве адна, Ніна з’ехала на шахты, бо жыць няма як, есці няма чаго, апрануць таксама. «А як жа ты?» — вырвалася ў Ягора. «А што ж, сынок, мне ўжо прыйшоў канец, ужо каб вам лепей было, каб ужо вы, маладыя, жылі. А мне ўжо следам за бацькам, да яго ў пясочак…»

Са стогнамі і вохканнем маці пачала збіраць пачастунак, ды нешта не збіралася. Хлеба не было зусім, яна паклала на стол дзве закаржэлыя ляпёхі-траўнікі, прынесла аднекуль зжаўцелы кавалачак сала і знаёмы Ягору з дзяцінства счарнелы нож з адскяпаным тронкам. Паклыпала кудысь з падворка — пазычаць яйкі на яешню, сваіх курэй ужо не было. З прыгнечаным выглядам Ягор тупаў па хаце, няўцямна слухаючы, як пракурор Гарадзілаў толькі паўтарае загадкава: «Д-а-а, д-а-а-а. Дзяла…» — «Вось так», — сказаў Ягор, стараючыся, аднак, нічым не выдаць сваіх ушчэнт разварушаных пачуццяў. Але ўпаўнаважанага займала, відаць, трохі іншае, і ён запытаўся: «Каго ж мы тады падпішам? Ці гэта толькі ў вас так? Мабыць, ваша дзярэўня — выключэнне? Як вы лічаце?» — «Выключэнне! — злосна кінуў Ягор і з яшчэ большай злосцю дадаў: — I раён выключэнне! I ўся Беларусь выключэнне!» Сказаў і спалохаўся, убачыўшы ў вачах пракурора такі ж самы спалох. Абое, зацяўшы ў сабе страх, змоўклі. Ягор паныла пазіраў у запэцканае мухамі акно.

«Што ж гэта робіцца, што ж гэта робіцца?» — не мог прагнаць з галавы тую недарэчную думку, адказу на якую ў яго не было.

Няхутка, аднак, прыйшла маці, прынесла пяток пазычаных у суседзяў яек, засмажыла на прыпечку яешню. Ягор дастаў з партфеля свой абкрышаны кавалак хлеба, адкроіў тры лусты. Маці ашчадна ўзяла сваю, з прагнасцю зжавала бяззубым ротам. Таварыш пракурор тым часам даследаваў траўнік: разламаў на дзве часткі, паднёс бліжэй да акна. «Скажыце, мамаша, тут якія інгрыдзіенты? Мука, так?» — «Ай, сынок, каб жа мука, а то вотруб’е, ну, ды трава, бульбін некалькі… Бульбачка каб жа была, а то ўжо скончылася. У калгас жа два бурты забралі, на пасяўную…» — «Так, панятна. А трава якая для таго ўжываецца?» — не мог задаволіць цікаўнасці пракурор. «Дык то ж крапіўка. Якая ж яшчэ трава па вясне — крапіўка», — сціпла казала маці. «Да, але ж… крапіва жгучая! Як жа яе ў пішчу?» — «Дык жгучая, гэта калі на абмежку. А ў траўніку нічога… Калі б не калючая, а то… У рот няможна ўзяць: колецца. Калі зубы ў каго маладыя, дык гожа…»

Яны ледзьве даседзеліся да вечара, калі быў прызначаны сход. Маці ўсё скардзілася на жыццё і хваробу, і нейкая безнадзейнасць была ў яе голасе, у поўных жальбы словах. Ягору было дужа пакутна ад усведамлення тупіку, у якое павярнула вясковае жыццё, трохі няёмка перад чужым тут чалавекам — пракурорам. I ён усё думаў, як жа пройдзе падпіска? Ці падпішуцца хоць?.. З такой думкай-клопатам яны выправіліся на агульны сход.