Выбрать главу

Дзіўна, але вераб’і не заляталі ў ластаўчыныя гнёзды і быццам нават не цікавіліся імі. Яны жвава ціўкалі на тым канцы пуні, часам пырхалі па бэльках і ў гэтым канцы, але без увагі да гнёздаў. Мабыць, у іх былі свае, і яны пільнаваліся сваіх. Во каб так людзі.

Людзі! Што з імі рабілі і яшчэ ад іх чагосьці чакалі. Усе гады рознага будаўніцтва яны, аднак, не былі мэтай, а толькі сродкам для ажыццяўлення тых вялікіх і не надта разумных, часам надуманых, а то і бязглуздых планаў. Хутчэй матэрыялам, з якога ляпілі розныя прыдуманыя кімсьці фігуры, не дбаючы, а ці трэба людзям тая лепка і тыя фігуры. Азевіч, сцяўшы сэрца, тады намагаўся думаць: тое патрэбна дзеля вышэйшай мэты. Хоць бы дзеля краіны, сацыялізму, дзеля будучыні. Мабыць, так думалі-лічылі многія, калі не ўсе, хоць бы і з іх, раённага кіраўніцтва. Ды ішлі гады, і ўсё выразней рабілася разуменне: калі тое на шкоду тым, хто тое рабіў, дык, мусіць, і не на карысць будучым пакаленням. На згубу ўсім.

Дужа апрыклым было яму тое перабіранне жыцця, ягоныя пра жыццё думкі, радасці з якіх было так мала. Адны расчараванні і боль. А цяпер дык яшчэ і новы вялікі боль — вайна. Тут ужо вялікая пагуба для ўсяго і ўсіх. Але тут хоць усё выразна, бы ў сонечны дзень, тут няма месца сумненням — трэба змагацца. З усяе сілы, на ўсіх франтах. Трэба неяк натужыцца і не даць перамагчы сябе. Інакш не будзе нічога — ні жыцця, ні надзеі. Але ўся бяда ў тым, ці не вернецца тое нядаўняе пасля вайны? Усё ж кожнае змаганне мае ў сабе сэнс не толькі супроць, але і за. За што ён будзе змагацца? За тое, што перажыў ён, яго бацькі, сястрыца Ніна, Анэля і яе бацька, ён не хацеў бы. Тады за што ж?

На тое ён не знаходзіў адказу.

У пуні ўсё святлела, блішчэла ад снегу, што свежа лёг знадворку, усе шматлікія шчыліны між бярвення, праз якія напірыста дзьмулі струмені ветру. Азевіч ужо не заплюшчваў вачэй, у галаве трохі павальнела, і ўвесь ён аддаўся слыху. Дзіўна, але за ўвесь час ён не пачуў нідзе ніводнага чалавечага гуку, ні голасу, ні скрыпу, ні стуку. Нібы на хутары. Але ж тое не хутар, то вёска, невялікая, праўда, вёска, здаецца, пры лесе. Цяпер, калі ад яго трохі адступіла хвароба, ён пачаў думаць-баяцца, каб яго тут не накрылі паліцаі. Ці хоць бы вясковыя здраднікі. Усё ж, мабыць, не ўсе тут такія, як ягоная цётка, ёсць жа і пакрыўджаныя Савецкай уладай. Хіба мала крыўдзілі. Можа, толькі адны па вайне забыліся на нядаўнія крыўды, а іншыя якраз цяпер іх прыпомнілі. Для гэтых, апошніх, былы райкомавец Азевіч якраз самая прынадная знаходка. Яшчэ можна і нешта зарабіць на ягонай галаве. Не, яму тут залежвацца нельга. Трэба некуды дыбаць. Вось куды толькі?

Ён трохі павярнуўся ў сваім лаўжы, прыхінуўся лбом да сцюдзёнага бервяна. Праз вузкую шчыліну відаць стаў невялікі заснежаны абсяг з плотам і далей нейкае драбналессе — ці не тое, з якога ён выйшаў ад рова. Вёскі ж адсюль не было відаць — здаецца, гэтая цётчына хата была тут самая крайняя. А самым крайнім на сядзібе аказалася гэта гумно, пуня з саломай і гарохавіннем. Можа, то і добра на выпадак чаго. Толькі на які выпадак? Каб уцякаць, трэба мець куды болей сілы, чым яе было.

Можа, ён зноў трохі задрамаў-сцішыўся, бо не заўважыў, як у пуні паявілася ягоная цётка. Ціхенька загаманіўшы, яна паставіла на гарохавінне побач невялікі вандзэлачак, пачала развязваць яго.