Выбрать главу

— А як жа з хлебам у вас? — запытаў Азевіч. — Ці ёсць хлеб?

— Хлеб ёсць, — з задаволенасцю ў голасе сказал ацётка. — Намалола на тым тыдні, дык спякла тры боханы. Не тое, што ў калгасе.

— Пастой, — нешта прыпамятаўшы, сказаў Азевіч. — А дзе намалола?

— Ды ў сенцах. На жорнах.

— А хіба… Жорны ў вас не пабілі?

— А, тады! — здагадалася цётка, што ён мае на ўвазе. — Білі. На тры кускі камень пабілі. Ляжалі ў крапіве. Ды яшчэ кожны дзень рабілі абход, правяралі, ці ляжаць, дзе кінулі.

— Хто разбіў? — сказаў ён і сцішыўся, чакаючы адказу, які быў для яго дужа важны.

— Ды камсамольцы гэтыя. I акцівісты. Але мой Іванусё роўна малоў. Зрабіў такія абручы, саставіць камяні і змеле ўначы. А пасля разбярэ і зноў кускі ў крапіву. Там і ляжаць. Тыя прыйдуць, паглядзяць, у сшытачку нешта памецяць. Так і абыходзіліся, — ціхенька засмяялася цётка, задаволеная ўласнай з Іванам хітрасцю.

«Тым і абыходзіліся, — падумаў Азевіч. — I цяпер яна корміць сваім хлебам таго, хто бурыў жорны, біў камяні. Ці яна не ведае, не здагадваецца, хто ён? Ці зусім не мае крыўды на яго і такіх, як ён? Нядаўніх райкомаўцаў, камсамольцаў, актывістаў? Што гэта за характар такі — незласцівы ці непераборлівы да дабра і да зла? Што гэта — сялянскае, жаночае? Ці нацыянальнае? Адкуль яно ўзялося, добра гэта ці не? А раптам тая незласцівасць перакінецца і на адносіны да немцаў? Падумаюць, што і немцы не горш. Тым болей што дазваляюць есці свой хлеб, той, які не дазвалялі бальшавікі?»

— Я вам хлебца пакіну і малачка. А крупнік падагрэю, яшчэ прынясу. Папалуднаваць. Дык ляжыце, набірайцеся сілы, — сказала яна і ўздыхнула, загароцілася. — Можа, і мой сынок дзе так ляжыць. Калі жывы дзе. А можа, ужо ў зямельцы…

— Ды не, — паспрабаваў суцешыць яе Азевіч. — Калі малады, дык недзе ў войску. Там усё ж Чырвоная Армія, забеспячэнне, абучэнне. Ваяваць будзе.

— Каб жа хоць яго як пабядзілі, немца гэтага. А то во прэ і прэ, — сказала побач цётка і толькі цяжка ўздыхнула.

— Пабядзім, — адгукнуўся ён з кволай упэўненасцю — Не можа таго быць, каб не пабядзілі. I лепш будзем жыць. Справядлівей, чым да вайны. Усё ж класавая барацьба скончыцца, ворагаў не будзе.

Цётка не надта спрытна пачала ўставаць з гарохавіння.

— Каб жа не было, а то ўсё кругом ворагі і ворагі.

Азевічу здалося, што ў тых яе словах стаіўся пэўны недавер да таго, што сказаў ён. Але ён сказаў шчыра. Ён дужа хацеў верыць, што пасля ўсяго перажытага да вайны і ў вайну, асабліва калі выганяць фашыстаў, жыццё дужа пераменіцца. Усё ж людзі, з’яднаныя братняю справай, павінны пазбыцца класавай, партыйнай ды якой іншай варажнечы і зажыць па справядлівасці. Колькі ж можна ваяваць між сабой?

Толькі ці давядзецца дачакаць таго залатога дня гэткім, як ён? Наперадзе яшчэ колькі змагання, небяспек і пакут. Немцы, праўда, далёка, у гэтай вёсцы, можа, іх і не бачылі. Затое тут уладараць паліцаі. А колькі ў астатніх вёсках тых паліцаяў? Асабліва ў вялікіх. Ужо акупанты паклапаціліся, панастаўлялі сабе памагатых, навербавалі. Тым болей вербаваць было з каго, знайшлося добраахвотнікаў. Ці тых, што пайшлі на іхнюю службу з нявыкруткі: або ў партызаны, або ў паліцыю. Як тыя акружэнцы, уцекачы, палонныя з лагераў. Во яшчэ з кім ваяваць прыйдзецца. З сваімі!

— А дзе ж Іван твой? — асцярожна папытаўся Азевіч.

— А хто ж яго ведае, — проста адказала цётка. — Як узялі, дык дасюль ні слыху ні дыху.

— Хто ўзяў?

— Ды свае. Энкэведзісты. Быў жа брыгадзірам у калгасе, усё рабіў, як загадвалі. Нават парцейцам стаў, на сходы хадзіў. Дык узялі. Ноччу прыехалі з раёна, начальнік той Мілаван і з ім яшчэ двое. Ператрэслі ўсё, перарылі і забралі. Як ішоў, казаў, што памылка, разбяруцца і выпусцяць. Ну, я і чакала. Тую вясну чакала і лета. I год мінуў, і другі. Нічагусенькі. I завошта прапаў чалавек?

Цётка зноў змарнела тварам, апанурылася, утаропілася позіркам кудысь за гарохавінне. I ён не суцяшаў яе, не пытаўся болей нічога. Ды і што ён мог ёй сказаць? Дзе яму было браць тыя словы апраўдання ці суцяшэння?

— Гэта ж адсохла ў мяне ўсё, чакаючы. Каб жа была правінка якая, каб ён дзе зрабіў што не так, насупроць, ці ўзяў чужое. Дык нідзе ж нічога. Такі быў сумленны — і дзяцюк, як замуж ішла, і пасля, як мужчынам стаў. Ніколі, бывала, ні словам не зачэпіць, ні барані Бог, — рукамі. Усё чакала-чакала… Бразне дзе чым скаціна, здаецца — ідзе. Мільгане хто ля вакна — Іван ідзе. Ноччу, здаецца, шапоча. Прачнуся — нікога. Мабыць, ужо не дачакаюся…

— Гэта добра, калі хто чакае… Жонка павінна чакаць, не тое што некаторыя, — падумаўшы, сказаў Азевіч.