Выбрать главу

— Анягож. Некаторыя ж зусім не чакаюць. Вунь Сёмкава Агата, як узялі, дык праз месяц ужо з другім залётала. Адмовілася, кажуць, ад мужыка, ворага народа. Ці Тэкля з Кажанаў. Ну, але я не магу так. Як гэта я адкажуся? Ад свайго мужыка? Можа, дзе мая пажаданка яму паможа. Як паддзержыць. А то, глядзі, і выпусцяць.

— А што, было так, каб выпусцілі? Каб хто вярнуўся?

Цётка раздумна паківала галавой:

— Неа, у нас не чуваць было. Можа, дзе і выпускалі, але ў нас ніхто не вярнуўся. Усіх недзе там панішчылі. Звярыныя людзі.

Можа, і не трэба, каб выпусцілі, каб вярнуліся цяпер, па вайне, не ў лад са сваімі пачуццямі падумаў Азевіч.

Вунь Вайцяшонка выпусцілі, дык што карысці? Добра яшчэ, не пайшоў да немцаў, пэўна таму, што інвалід усё ж. А каб здаровы? Ці яму адкараскацца тады ад паліцыі? Не, тыя, што там пабылі, ужо прапашчыя для Савецкай улады.

Але ж гэта во цётка… Хоць там не пабывала, але ж мужыка страціла. I во глядзі — выхаджвае яго, аднаго з тых, хто тады кіраваў, ладзіў уладу. I не толькі біў жорны…

Цяжка было яму зразумець тое, ды ён надта і не стараўся пранікнуць у неразгаданыя загадкі жыцця. Хапала яму вайсковых загадак. I найбольшаю з іх быў ягоны ўласны загадкавы лёс — як быць, куды кіраваць?

Добра ўтаміўшыся ад размовы з цёткай, ён неўзабаве заснуў. Сніўся яму нейкі дзіўнаваты сон, быццам ён ходзіць па кветніку, такім, як у суседа-бухгалтара, толькі кветнік гэты на цэлае поле, і ўсё навакол абсеяна півонямі — і нехта кажа яму, што за кветнікам роў, можа, каб напіцца вады з ручая, але як ён дайшоў да рова, дык убачыў там кроў. Кроў лілася з кветніка, цурчала з голых абрываў на тым беразе, крывавыя ручаі сцякалі ў дно і нікуды болей не цяклі, кроў сабралася там у глыбокую сажалку. I тады ён убачыў, што і ягоныя рукі ў крыві і што ён імкнуўся сюды, каб памыць іх, толькі як жа і дзе тут памыеш? Тут яшчэ болей запэцкаешся. Тады ён пачаў выціраць рукі аб вопратку, найперш аб шынелак, які недарэчна вісеў на ім у гэты спякотны летні дзень. I тут аднекуль паявіўся ягоны бацька чамусьці з Белалобікам, уклаў повад у яго руку, а сам паляцеў-паляцеў у паветры над ровам. Ягор хацеў крыкнуць, каб вярнуўся, не ляцеў, бо ўпадзе, але бацька хутка знік недзе, здаецца, узляцеў у неба. I тады на тым абрывістым беразе рова паявіўся нацдэм Дарошка. Нібы вясковы дзед, той стаяў чамусьці ў нейкім белым убранні, прасціраючы рукі над ровам, і нешта не то абвяшчаў, не то маліўся ці праклінаў каго, а абапал яго цурчалі з абрыву крывавыя ручаі. Ягору зрабілася жудасна, ён хацеў уцячы, але раптам здалося, што Дарошка просіць паратунку, хоча з таго берага перабрацца на гэты, ды неяк. I памагчы яму не было як. Ад невыноснай пакуты Азевіч намогся і прачнуўся.

Сны ён сніў не часта і не надта звяртаў на іх увагі, ён проста, прачнуўшыся, не памятаў іх. Але гэты чамусьці запомніў да драбніц, і ён дужа не спадабаўся Ягору. I чаму яму прысніўся Дарошка? Што гэта значыць — крывавы роў, цераз які той не мог перабрацца? Ягор наогул не надта разумеў таго няшчаснага нацдэма, хоць у душы і не меў ніякай варожасці да яго. Адчуваў, што Дарошка — чалавек зусім не благі, разумны і адукаваны, а за што арыштавалі — хто ведае? Можа, было за што, а можа, і не. Ужо Ягор не хацеў яго нішчыць, ён шкадаваў настаўніка, толькі што ён тады мог зрабіць? Абараніць было немагчыма, загубіць — як раз плюнуць. Ну дык таго і дамагліся. Вядома, лягчэйшага.

У пуні было цёмна, не накрыты кажухом ягоны твар азяб, але целу было сугрэўна, гэтую ноч ён не пацеў. Як заўжды, ён пачаў слухаць таемныя начныя гукі, якія скупа чуліся ў пуні. Недзе ў саломе тоненька папісквалі мышы, шорхалі-тачылі салому; вецер у падстрэшшы варушыў саламяную паску, якая чуйна трымцела ў цішыні. Знадворку ў пуню, здаецца, не пранікала нічога, і праз нейкі час ён зноў пачаў трохі драмаць. Ён, можа, і заснуў, як раптам пабудзіўся ад новых гукаў — то былі далёкія стрэлы: забахалі ў цішы — раз, другі, трэці. Два разам. Стралялі з вінтовак. Падхоплены трывогай, Азевіч спярша сеў, пасля, хапаючыся за шурпатыя бёрны сцяны, устаў на калені. Усё трымаючыся за сцяну, а пасля прыхінаючыся да выскубанай сцірты саломы, пабрыў да варотаў. Тыя, аднак, аказаліся зачыненыя знадворку, але ён патузаў іх, і адна палавінка расчынілася.

Тады ў завею, як ён ішоў сюды, здалося, іншыя будынкі былі далекавата ад пуні, цяпер жа аказаліся зусім блізенька, за некалькі крокаў — хата, хляўкі. Побач паветка, ток, мусіць. Ад варотаў пуні на падворак вяла вузенькая, свежа пратаптаная ў снезе сцежка, а збоч ад яе, за полем і лесам, барвовымі водблескамі чырванела неба і чуліся стрэлы. Як ён выйшаў, бабахнула яшчэ, можа, разы тры, і ўсё там няпэўна аціхла. Толькі водблескі шырэй і вышай расплыліся па небакраі, на іх фоне высвеціліся чорныя яловыя верхавіны блізкага лесу, і ён падумаў: дзе гэта? Хіба на бальшаку ці ў Сакоўшчыне? Але, мусіць, Сакоўшчына трохі ўбаку, а гэта пад Галубяніцкай пушчай. Мабыць, пад пушчай. I нешта гарыць — пэўна ж, вёска. Значыць, паляць і ўначы, і ўначы віецца-кружыць над чалавечым лёсам крумкач пагібелі. Хто гіне толькі? Але, пэўна, там партызаны. У Галубяніцкай пушчы павінны быць з суседняга раёна, калі толькі там збярогся які атрад.