Выбрать главу

Але ён быў слабы, не мог доўга стаяць на сцюжы і пабрыў назад у пуню. На каленях успоўз у сваё добра-такі ўлежанае за тыдзень лаўжо, з галавой улез пад кажух. Трохі тросся ад дрыжакі і думаў, што, відаць, трэба неяк выпаўзаць назусім. Яшчэ дзень паляжыць і пойдзе. На гэты раз ён знае куды, дзе трэба шукаць такіх, як сам. Ды і людзі памогуць. Памагла ж гэтая цётка, у якой нават не запытаў яе імя. Ну, але запытае.

Ён трохі яшчэ задрамаў на світанні, а як ранічкай прыйшла цётка са сваім вандзэлкам, упершыню ўсміхнуўся ёй і прыўзняўся, прыхінуўшыся плячмі да сцяны.

— Ну, як вы? — запыталася яна. — Лепей?

— Лепей, лепей, — сказаў ён, стараючыся, каб бадзёра.

Яна развязала свой вандзэлачак, дастала міску з дранікамі і скваркамі, ад якіх паўзабыты пах разышоўся па ўсёй пуні. На гэты раз ён з’еў усё, выпіў кварту цёплага малака. Лусту смачнага цётчынага хлеба сунуў у кішэню.

— Ці чулі, як стралялі ўначы? — запытаў ён і сціх, чакаючы адказу.

Цётка з клопатам зірнула на яго.

— Анягож! Пад ранак такая страляніна — у Касцюкоўцы, кажуць.

— Гэта дзе? Пад Галубяніцкай пушчай?

— Ага, пад пушчай. На самым краёчку. Гарэла там нешта.

— Палілі?

— Пэўна ж, палілі.

Ён думаў, што, можа, яна ведае нешта пра начныя падзеі, але, мабыць, не больш за яго.

— Сёння я пайду ад вас, — сказаў ён з рашучасцю. Хоць жаднай рашучасці яшчэ сам не меў — не ведаў, ці адолее сваю слабасць. Ён чакаў, што цётка будзе ўгаворваць яго пачакаць, паляжаць пару дзён у пуні, ды цётка сказала толькі:

— Гэтак? Пойдзеце?

— Трэба ісці. Нельга мне доўга аставацца. Я ж з райкома. Маё прозвішча Азевіч, можа чулі? — сказаў ён, расчулены цётчынай дабрынёй да яго. Чакаў, што яна здзівіцца, ці зазлуе, ці папытаецца яшчэ пра што, а цётка сказала проста:

— Я ж ведаю.

— Ведаеш? I ведала, хто я?

— Ну. Я ж пазнала. Як вы тады перад вайной сход праводзілі ў Трыкунах. Яшчэ тады з жанчынкай такой беленькай былі. I старшыня выканкома, як яго, забылася… Што вораг народа стаў.

— Заруба.

— Во-во, Заруба. Я тады ў сястры там была, схадзіла на сход. Вас бачыла. Малады такі, у будзёнаўскім шлеме…

Вось так, кола замыкалася. А ён думаў!.. Ён думаў, што ніхто — нічога. Аж ведалі, памяталі. Не чакалі толькі. Але і нечаканага прынялі, можа, уратавалі ад смерці Чым жа ён аддзячыць гэтай сардэчнай цётцы? Чым парадуе яе ў не меней, чым у яго, трудным жыцці.

— Тут во яшчэ такая праблема, — сказаў Азевіч. — Падэшва ў мяне адарвалася.

— Гэтак?

— Во як, — варухнуў ён з-пад гарохавіння дзіравым ботам. — Можа б, мне які бот расстаралася?

На і без таго заклапочаным твары цёткі прабег яшчэ большы клопат.

— Дзе ж яго ўзяць? У мяне ж ботаў няма. Ні мужчын, ні ботаў. Сама во ў апорках хаджу. Можа б, адрамантаваць як? — раптам ажывілася цётка. — Калі вы зніміце, дык я да Крывені схаджу. Тут наш, вясковы, ён пачыняе каторым.

— Ну што ж, — сказаў Азевіч. — Паспрабуй, можа, падаб’е.

З вялікай натугай ён здзёр з нагі падсохлы за час ягонай хваробы бот, прыкрыў босую ступню сапрэлай анучай. Яна ўзяла бот, затуліла пад палою.

— Але ж каб не бавіцца. Добра? — сказаў ён.

— Ну, я ж папрашу.

Цётка пайшла, а яму стала неспакойна на душы: усё ж бот — падазрэнне, яўна мужчынскі памер. Ну, але, можа, абыдзецца, бо, на выпадак чаго, куды ж яму з босай нагой? I ён падумаў тады, дарэчы, не ў першы раз: як ладзілі тое партызанства, усё дужа таіліся, колькі клопату было, каб ніхто не бачыў нічога, нічога не западозрыў. Меліся ваяваць толькі з сваіх прыпасаў, знацца толькі са сваімі кадрамі. Але дзе яны цяпер, тыя прыпасы, дзе тыя правераныя кадры? Цяпер во — цёткі. I што б ён рабіў, каб не гэтая, нікому ў іхнім раёне не вядомая цётка? Цяпер на яе ўвесь яго спадзяванак, ад яе ўвесь паратунак.

Азевіч наважыўся ісці, як сцямнее, цераз поле, мінаючы жахлівы той роў. Для таго нагледзеў добрую палку-кій, што стаяла пры варотах у пуні. Добра, што снегу ў полі насыпала яшчэ не шмат, на палетках ледзьве прытрусіла ржышча, можна было ісці без дарогі. Галоўнае — дабрацца да Касцюкоўкі. Там ён прыпамятаў каго-нікаго з даваенных знаёмцаў, ужо яны дапамогуць. I павінны звязаць яго з хлопцамі ў Галубяніцкай пушчы. Іншага выйсця ў яго не было.