Выбрать главу

— Малодшы лейтэнант Васілевіч — у голаў калоны!

Гэта ўжо мяне. Але навошта? Здаецца, я не замешаны ў такіх непрыемных справах, як Кротаў, рота якога нядаўна заначавала ў адным сяле з немцамі. Здарылася так, што бамбаловы мірна праспалі ноч і ўбачылі фашыстаў толькі ўранні, калі тыя, пастроіўшыся ў калону, падаліся сабе на бальшак. Прынамсі, так расказваюць байцы. Начальства ж, мусіць, мае наконт гэтага іншыя меркаванні.

— Ну што! Ага, самі ўліплі! — учуўшы каманду, пачынаюць зларадна крычаць з шостай.

— Яны шнапсам хабар з немцаў бралі! Ха-ха!..

— Ану, спыняй балбатню! — загадваю я кулямётчыку.

Зводдалі цераз галовы байцоў даносіцца голас самога камбата:

— Васілевіч, доўга цябе чакаць?

— Іду, іду!

Прытрымліваючы на грудзях ППС, я зморана бягу растаптанай дарогай. Я не магу дазволіць сабе раскошы на выклікі ісці крокам. 3 усіх ротных у батальёне я самы малодшы — і па гадах і па званню. Мабыць, з гэтай прычыны ад камбата мне дастаецца болей за іншых, і таму я змушаны варушыцца.

Камбат сядзіць на снегавым курганку ля палявога капца і мёрзлай кукурузнай бадылінай пырае ў снег. Побач, шархочучы на каленях картай, месціцца ваш вусаты начштаба. Насупраць стаіць змрочны цемнатвары Кротаў, а крышку ўбаку, трымаючы за повад зморанага мухортага коніка, чакае чагось старшына Шашок. Новенькі шызага камсастаўскага сукна шынялёк шчыльна аблягае яго шырокую спіну.

— Ну, як галава? — зірнуўшы на мяне, пытаецца камбат.

— Ды нішто.

— А вушы? Спякліся, мабыць?

— Трошкі, — насцярожана адказваю я, не разумеючы, чаго ён гэтак незвычайна пачынае размову. Але адчуваю, што гэта не так сабе.

— Пойдзеце ў санчасць, — кажа камбат і б’е бадылінай па снезе.

Снегавая пацяруха асыпае мне боты, трапляе начштабу на карту, і той з прыкрасцю страсае яе пачырванелай далонню.

— Таварыш капітан, — спрабую я запярэчыць, але камбат не хоча і слухаць — бадай, як і ўсе камандзіры, ён не любіць, калі яму хто пярэчыць.

— Пойдзеш у тыл. Усё роўна з такой галавой — не ваяка…

— Дык у роце нікога не застаецца. Вы ж ведаеце.

— Ведаю. Заўтра Басмак прыйдзе. А пакуль старшына Дарафееў пакамандуе.

Вядома, наш старшына можа пакамандаваць і сёння, і заўтра, чалавек ён сталы і страляны, і ўсё ж мне зусім не хочацца пакідаць роту і выпраўляцца ў санчасць. Калі б ён паслаў мяне на які дзень раней, хоць бы мінулаю ноччу, калі мы мерзлі пад агнём у снезе пасля няўдалае атакі. А то лацно яму ставіць на роту старшыну, калі часці ўваходзяць у прарыў, мінаюць нямецкія флангі, і ўжо вунь ён, Кіраваград. Удзень з Севярынкі мы бачылі яго прыгарады, дымы пажараў і высокія будынкі, якія штурмавалі нашыя «ІЛы».

— Вось з Кротавым і пойдзеце, — кажа камбат, ківаючы галавоЙ на камандзіра шостае роты. Той стаіць чорны, быццам зямля, і не пазірае на людзей. — Ды яшчэ гэтых субчыкаў прыхопіце. Заадно. Каб канвойных не пасылаць.

Гэта ён пра трох немцаў, якія стаяць адзін пры адным, цесненька збіўшыся ў купку і страхавіта пазіраючы наўкола. Адзін з іх проставалосы, без шапкі, малады хлопец-крапак, другі без шыняля, у мундзірчыку, з абвіслымі кішэнямі і вялікімі, амаль прафесарскімі, акулярамі на блізарукіх вачах. Трэці — нізкі, таўставаты стары прастуджана сморкае распухлым чырвоным носам. «Вясёлая кампанія, нішто сабе, чорт бы яе ўзяў!» — пачынаючы злавацца, думаю я. Удружыў камбат, нічога не скажаш. Камбат жа, здаецца, не прыкмячае мае незадаволенасці, таксама, як і змрочнае паставы Кротава, і дастае з кішэні дзюралевы партабак, густа аздоблены адмысловай разьбой.

— Частуйцеся, старшына, — працягвае ён партабак да Шашка.

Той не прымушае сябе ўгаворваць, ступае на крок і ўпэўненым жэстам бярэ папяросу. Пасля да партабака цягнецца рукой начштаба. Кротаў з-пад насупленых броваў бліскае злым позіркам і, як мне здаецца, трудна, асуджальна ўздыхае. Нам папярос камбат не прапануе. Яны ўтрох моўчкі прыкурваюць, і старшына, адставіўшы ўбок абутую ў нямецкі валёнак нагу, праз дым узіраецца ў мяне адным вокам.

— Ты што ж гэта, младшой, з такім скрыпам загад выконваеш?

Я коратка зыркаю ў ягоны самазадаволены начальніцкі твар і, стрымліваючы ў сабе злосць, маўчу. Якая ў яго, урэшце, справа і хто ён такі, каб рабіць мне заўвагі?

Кротаў, якога, відаць, дапякаюць свае турботы, нервова паварочваецца да камбата.

— Дык мне што? Роту здаваць, ці як?

Камбат моршчыць лоб і старанна раскурвае папяросу.

— Ну, чаму здаваць? Што гэта вы ўжо… Адразу ў паніку…

— Роты пакуль не здаваць, — упэўнена аб’яўляе старшына, і камбат таропка папраўляецца: