Выбрать главу

— Пайшлі.

Зноў яны рушылі па збажыне, толькі ўжо ўніз. Крыху абсохлыя калені хутка ўзмакрэлі, і дрыжыкі ад вячэрняй прахалоды прабеглі па мокрых спінах.

Калі ўжо добра сцямнела, яны натрапілі на нейкую сцяжынку і пайшлі па ёй. Усе рухаліся моўчкі, змарыліся. Непрыемна шорхала на хаду мокрая вопратка, мулялі сырыя боты, ды спыняцца ці адпачываць не было як. Стомлены сержант ужо гатовы быў згадзіцца на прыпынак, калі б дзе трапіў які хутар, ці хоць якая будыніна. Але навокал усё плылі ў змроку мокрыя маўклівыя палі, пералескі, хмызнякі, часам трапляліся грукатлівыя масткі цераз ручаі. Ноч выдалася хмарная, у небе дзе-нідзе мільгалі рэдкія зоркі, аднак было па-летняму светла і наперадзе цьмяна шарэла дарога.

Раптам да зморанага паўсоннага слыху людзей данесліся нейкія гукі. Пятрусь спыніўся, прыслухаліся і астатнія. У змрочным небе недзе выразна разносіўся гул самалётаў. Хлопцы адразу вызначылі, чые гэта былі самалёты. Неўзабаве даляцелі і цяжкія выбухі, злосна заляскалі ўдалечыні нямецкія зяніткі. Калі ж на ўсходзе ўзляцелі ўгору яркія трасіруючыя пункціры кулямётных чэрг, хлопцы адразу зразумелі, дзе ўсё гэта адбываецца, і прыбавілі кроку. Усе павесялелі, ажывіліся, знікла зморанасць і прыбавіліся сілы. Нават дзед і той апынуўся наперадзе і ўсё дзіваваўся:

— Ото даюць, га! Вось хай і яны пазнаюць фунт ліха.

— Пэўна эскадрылля, не меней, — вызначыў Жук.

Людзі ішлі яшчэ доўга, дарожка завяла іх у нейкі лясок, абапал яе з хмызняку высіліся чорныя ёлкі. Лес прыглушыў гукі бамбардзіроўкі, і хлопцы шкадавалі, што не маглі чуць, што адбываецца там. Урэшце, зусім неспадзявана і вельмі блізка ўперадзе бліснула святло. Хлопцы насцярожыліся, услухаліся, але навокал было ціха. Тады Пятрусь спыніў сваю групу і шапнуў Жуку, каб той разведаў дарогу. Хлопец саўгануў з пляча аўтамат і краем дарожкі паслухмяна падаўся наперад.

Не паспеў ён, аднак, аддаліцца, як зноў наперадзе пачулася гамонка ці то ўскрык, ці каманда, і зноў усё змоўкла. Невядома што, але наперадзе на лясной дарозе было нешта жывое. Хлопцы спыніліся ў кустах і чакалі.

Жук хутка вярнуўся. Узрушаным шэптам ён паклікаў сержанта.

— Там нямецкая калона. Дарога ідзе другая, упоперак нашай, і там машыны стаяць замаскіраваныя і чакаюць, пэўна, калі налёт скончыцца.

I ў галаве сержанта раптоўна, неабдуманая і нечаканая, з’явілася шалёная думка.

— Нупрэй, — ціха паклікаў ён старога салдата. — На, браце, мой скарб.

Нупрэеў узяў мяшочак са сцягам.

— Чакайце тут, — коратка загадаў сержант. — Пайшлі, Жук.

Тулячыся да кустоўя, яны падкраліся да вялікай дарогі. Там сапраўды стаялі чорныя грамадзіны машын, між імі прахаджваліся немцы, ціха гаманілі, відаць, слухалі і пазіралі ў неба. Асцерагаючыся, каб не хруснуць якой галінкай, сержант стаіўся ўскрай алешніку, упіўся вачыма ў змрок, — імкнуўся ўбачыць як мага болей. У якіх пятнаццаці кроках перад імі высілася вялікая з брызентавым кузавам машына, у яе кабіне сядзелі немцы, яны ціха размаўлялі і чакалі, пэўна, калі можна будзе ехаць. Наперадзе зусім блізка ад гэтай стаяла яшчэ машына, там таксама чуліся прыціхлыя варожыя галасы. У тым кірунку, куды ішла дарога, усё гулі самалёты і цяжка бухалі ўзрывы.

Сержант трымаў у адной руцэ пісталет, а ў другой — гранату. Ён хваляваўся, але як мага стрымліваў сябе і асцерагаўся, каб не нарабіць шуму. Побач, датыкаючыся да яго боку, на каленях стаяў Жук, яго рукі трымалі напагатове ўзведзены аўтамат, а твар хлопца, здаецца, і цяпер усміхаўся — такі быў спакойны. Сержант аж пазайздросціў гэткай вытрымцы чалавека.

— Слухай, — шапнуў ён байцу. — У цябе гранаты болей няма?

— Няма, — ціха і з шкадаваннем у тоне адказаў Жук.

— Тады, як я кіну, лупяні па кабіне — і пярэдняй і задняй.

Ішлі хвіліны. Пятрусь усё напружана слухаў бамбёжку і пазіраў угору, нібы там можна было што ўбачыць. У яго ўжо склаўся план, — надзвычайны добры план, але выкананне яго залежала не толькі ад сержанта.

Ноч, аднак, пацямнела, — пэўна, набліжалася світанне. На ўсходзе ўсё грукацела страляніна, узляталі ўгору трасіруючыя чэргі і, бліскаючы ў хмарах, глуха шпокалі разрывы зянітак. Але сюды, на дарогу, не зварочваў ніводзін самалёт, і сержант паступова пачаў губляць цярпенне. А ў машыне тым часам шчоўкнулі дзверцы, на дарогу саскочыў нейкі немец, пастаяў ля канавы і паціху пайшоў у голаў калоны.