Выбрать главу

Страшэнныя выбухі скаланулі наваколле, зямля стагнала, кідалася ў нямой роспачы, дрыжэла, у паветры круціліся шалёныя віхуры. Здавалася, што зямля перамяшалася з паветрам і ўсё на свеце рынула ў нябыт.

Невядома, колькі працягвалася гэтая жудасць. Але нарэшце грукат прыціх, і Пятрусь расплюшчыў вочы. «Жывы?» — са здзіўленнем падумаў ён, яшчэ не верачы, што жах гэты скончыўся. Сержант паглядзеў у той бок, дзе страляў «максім» і дзе быў камандзір, быццам шукаючы паратунку. Самалёты тым часам набліжаліся зноў, і тады, у гэтую кароткую паўзу спакою, пачуўся надрыўны голас камандзіра палка:

— Таварышы, уперад! У атаку, ура-а-а-а-а!!

Пятрусь зноў зірнуў туды, на масток, і нібы раптоўная хваля падхапіла яго. Узняты камандзіравай рукой, там трапяткім полымем ірвануўся на ветры іх палкавы сцяг. Камандзір узмахнуў ім, азірнуўся і выскачыў з раўчука. Ля яго ўмомант з’явіліся яшчэ людзі, і ўсе яны шуганулі ў збажыну — наперад, на ворага. Апусцелы дагэтуль раўчук зашавяліўся постацямі байцоў, недалёка ад хлопца мільганула ў жыце шырокая спіна старшыны Наскова. Ён быў з суседняй роты іхняга батальёна, і Пятрусь узрадаваўся, убачыўшы знаёмага чалавека. Наскоў хутка знік у збажыне, і нейкая нязведаная, зацятая сіла падхапіла і сержанта. Схапіўшы лейтэнантаву вінтоўку, ён пераскочыў нізенькі бруствер і рынуўся за ўсімі насустрач ворагу.

А ззаду зноў грукацела, грымела, вішчэла, калацілася зямля і хісталася неба. На галовы байцоў няспынным дажджом сыпалася зямля, паднябессе выла і стагнала. Злева і справа беглі байцы, праўда, вельмі рэдкі і вельмі кароценькі быў іх ланцужок, але ўдар быў імклівы. Пятрусь бег, стараючыся трымацца поруч камандзіра са сцягам. У яго цяпер неяк паспакайнела на душы, нібы ўжо мінулі ўсе небяспекі. Блізасць камандзіра і сцяга, здавалася хлопцу, хавалі яго ад бяды, і ён хацеў толькі спаткаць ворага, каб даць, нарэшце, выйсце сваёй сіле. Але сустрэцца з фашыстамі ім не ўдалося, аўтаматчыкі не вытрымалі нечаканага напору, і сержант разоў некалькі бачыў здалёку, як мільганулі ў жыце іх прыгнутыя спіны.

Ланцуг усё каціўся па полі ўздоўж дарогі ў напрамку адзінокай развесістай грушы, што ўдалечыні высілася на ўзгорку. Спачатку немцы разгубіліся, відаць, і амаль не стралялі, але з часам, пэўна, угледзелі, што сілы атакуючых невялікія, і на ўзгорку ля грушы загаманілі іх скарастрэльныя кулямёты. Хтосьці побач з сержантам раптам спатыкнуўся і знік у жыце, але іншыя беглі і беглі, і наперадзе ўсіх, схіліўшыся ў імклівым тэмпе, усё зіхацеў іх сцяг.

Але нядоўга цягнулася іх адважная атака. Ужо вельмі мала заставалася смельчакоў, каб доўга гнаць ворагаў. На паўшляху да грушы кулямётны агонь фашыстаў стаў шчыльны і дружны. Яны заляглі у тым месцы, дзе жытняе поле перамежвалася нешырокай палоскай сенажаці. Пятрусь, зусім знясілены, упаў ля крушні камення, сабранага з нівы, і высунуў з жыта вінтоўку.

Узгорак ля грушы ўжо люта трашчаў кулямётамі, а іх ланцужок маўчаў. Аддыхаўшыся крыху, Пятрусь паглядзеў наўкола. Непадалёку высоўваліся з жыта штыхі вінтовак тых, што ўцалелі ў час гэтай атакі, у хмарным небе над ім гойдаліся лёгкія і зялёныя яшчэ каласы.

Самалёты зніклі, і раптам стала зусім ціха: кулямётны агонь спыніўся, і толькі збажына цягнула ў цішы сваю шумлівую маркотную песню. Пятрусь адразу западозрыў нешта нядобрае ў гэтай цішыні і ўвесь насцярожыўся. Аднекуль ад дарогі данёсся аддалены гул матораў. Хлопец ужо добра ведаў, што гэта за гук: шмат трывог знёс ён за тыя ваенныя дні ад гэтых крыжастых грамадзін. Побач нехта прыўзняўся над жытам, нехта спалохана крыкнуў «танкі». Пятрусь ляжаў на мулкіх усохлых купінках і напружана слухаў.

Гэта была страшная сустрэча тут, на роўным полі, з адной толькі вінтоўкай у руках. Зноў, як у тым раўчуку, хлопцаву спіну крануў самотны халадок страху.

Ланцуг маўчаў яшчэ нейкі час, а потым ад байца да байца панеслася каманда: хутка, па адным перабягаць управа, у хмызняк. Пятрусь пераказаў гэтыя словы далей і на локцях і каленях шыбануў у збажыну. Непадалёку, рассоўваючы жыта, прамільгнула дужая постаць Наскова. Нехта вельмі вытыркнуўся з жыта, і на яго тут жа злосна крыкнулі. Але было позна ўжо. Танкі адразу заўважылі спробу выйсці з-пад удару і ўсёй сілай сваёй зброі люта накінуліся на байцоў. Зноў завыла, забушавала, зашамацела наваколле, струмені куль панесліся над полем, абсыпаючы зямлёю жыта, загрымелі выбухі.

Таіцца і прыгінацца далей было бескарысна. Пятрусь выпрастаўся і з усяе моцы кінуўся да кустоўя, куды ўжо беглі людзі. Калі зусім блізка ў паветры шуршэў чарговы струмень куль, ён падаў, потым ускокваў і зноў бег. Разы два сержант азірнуўся — танкі паскорылі хаду і ляскаталі зусім блізка, на хаду страляючы з кулямётаў і гармат. У хлопца ад зморанасці аж падкошваліся ногі і ў голаў стукала неадчэпная страшная думка — канец… I яму, і камандзіру, і сцягу… Скрозь па полі беглі людзі, але сцяга нідзе не было бачна.