Выбрать главу

— Ну які я герой? — не пагадзіўся Іван. — Проста салдат.

— Нон просто солдат! Руссо солдат — герой. Само смело! Само сільно! Само… само… — натхнёна гаманіла Джулія, шукаючы рускія словы. Ва ўсім яе тоне адчувалася набалелая шчырасць веры, якой яна вельмі не хацела здраджваць. — Мі відель ваш герой лягер. Мі зналь ваш герой на Остфронт. Мі думаль, ваш фатэрлянд само сільно, само справьядліво…

— А ён і справядлівы, — заўважыў Іван. — Рабочыя, калгаснікі ў людзі пайшлі. Я вось на трактарыста вывучыўся. А настаўнікаў колькі стала. З тых жа мужыкоў. Раней не тое было.

Насупленыя дагэтуль бровы яе варухнуліся, і вочы ад нейкае рашучае думкі гулліва бліснулі.

— Руссо комуністо Іван спасаль Русланд, спасаль буржуазно монархія Італьяно, спасаль Джулія…

— Ну які я камуніст: зашмат гонару. А па-другое, што ж тут такога: увесь Савецкі Саюз ратуе і Італію, і Францыю, і Грэцыю. I ці мала каго! Хоць яны і буржуазныя. Але ж, апроч нас, хто б яго спыніў. Тады, у сорак другім?

— Сі, сі. Так.

З затоенай усмешкай на вуснах, яна шырока агладзіла яго нагу, пасля голы бок. Іван аж сцяўся, слухаючы пяшчотны дотык яе лёгкіх рухавых пальцаў, як раптам яна нагнулася і пацалавала яго сіні шрам на баку. Ён здрыгануўся, нібы яго пранізалі штыком другі раз, варухнуў рукой, каб абараніцца ад нястрыманай яе пяшчоты, а яна злавіла гэтую яго руку, адагнула яе долу і ў адзіным безразважным парыве стала цалаваць усе яго шрамы — ад асколка ў плячы, ад кулі вышэй локця, ад штыка ў баку, асцярожна чмокнула ў павязку на назе. Ён зажмурыўся ад прыліву чагось страшэнна шчыкотнага ўнутры, напяўся, і тады нейкая рыса ў яго стрыманасці аказалася такой вузкай, што балансіраваць на ёй не хапіла цярпення. Не ведаючы, добра гэта ці не, але ўжо аддаўшыся ўладзе невядомае сілы, ён трапятнуўся, прыўзняўся на локці. Другою рукой абхапіў яе наўкос цераз плячо, трошкі прыгарнуў і, зажмурыўшы вочы, дакрануўся да яе разамлелых, з прысмакам чагосьці незнаёмага вуснаў.

Пасля адразу ж адкінуўся спіной у траву, вольна раскінуў рукі і засмяяўся, з заплюшчанымі ўсё вачыма. А калі расплюшчыў іх, у сонечным арэоле, пад распушанымі валасамі дзяўчыны ўбачыў нахілены яе твар і раскрыты зіхоткі белазубы рот. У першую тую секунду яна быццам захліпнулася, відаць было, хацела і не магла штосьці сказаць, толькі шырока акругліла вочы, і ў іх, хутка пераадольваючы збянтэжанасць, шчодра шыбанула з глыбінь душы радасць, шчаслівасць адкрыцця і здзіўленне. У наступнае імгненне яна прыпала да ягоных грудзей, прыціснулася, абшчапіла яго шыю рукамі і блізка-блізка ля яго твару зашаптала горача і аддана:

— Іваніо… Аміка…

20

Нешта труднае і пабочнае, што ўвесь час утрымлівала іх адно ад другога воддаль, было пераадолена, перажыта шчасліва і амаль раптоўна. Мусіць, тыя пакутныя парадоксы, што дапякалі Джулію, неяк былі ёю зразуметы — з гэтага моманту для абаіх засталіся толькі бражная духмянасць зямлі, макавы водар і спякотны бляск высокага неба. Сярод гэтай першабытнай стыхіі ў адным кроку ад смерці нарадзілася нязведанае, таямнічае і ўладарнае, яно жыло, прагла, палохала і клікала…

Распластаўшыся на зямлі, Іван гладзіў і гладзіў яе вузенькую, напечаную сонцам спіну, дзяўчына ўсё гарнулася да яго грудзей і сваёй гарачай аксамітнай шчакой церлася аб яго рассечанае асколкам плячо. Вусны яе, не перастаючы, шапталі штось незразумелае, іншамоўнае, але Іван і без таго адчуваў усё. Смеючыся вачыма, тварам, душой, ён нібы абмёр у нейкай шчаслівай бязважкасці; неба ўгары кружылася; зямля, нібы вялізная касабокая талерка, усё хінулася кудысь і вагалася, гатовая вось-вось абрынуцца ў невядомую прорву, і ад таго было соладка, хмельна і боязна.

Час, мусіць, перастаў для яго існаваць, адышла ў нябыт небяспека, ля самага хлопцавага твару горача тлелі два вялікія чорныя вугалі ў шырока раскрытых яе вачах. У іх цяпер не было ні пакуты, ні клопату, ні гарэзнасці — нічога, апроч труднага, уладарнага ў сваёй немаце клічу; нешта падобнае Іван адчуваў на краі бяздоння, якое заўжды страшыла і вабіла адначасна. У яго не было ніякае сілы супрацьстаяць гэтаму клічу, ды ён і не ведаў, ці трэба было стрымлівацца; ён зноў намацаў вуснамі вільготную жвавасць яе рота, адчуў касцяную цвёрдасць зубоў. Дзяўчына моўчкі замерла, ён прыгарнуў яе аберуч і сціх. Стала ціха, ціха, і ў гэтую цішыню велічна, як з нябыту ў вечнасць, ліўся, шумеў, булькатаў горны паток. Хацелася растварыцца, знікнуць у яе трапяткіх абдымках, сплыць у вечнасць з патокам, увабраць з зямлі ўсю яе моц і самому стаць зямною магутнасцю — шчодрай, ціхай, пяшчотнай…