Выбрать главу

Так ён ішоў па-над узлескам і, натрапіўшы на палявую дарогу, збочыў на яе. Дарога хутка павярнула ў лес. Хлопец спыніўся, на момант раздумваючы, ці варта яму трымацца яе, ці не лепш было б ісці напрасткі, але душэўны ўздым ад нядаўняга відовішча заглушыў апасенні, хлопец пайшоў па дарозе.

Дарога вілася хваёвым сонечным борам. У лесе вельмі пахла хвояй і ўгрэтай на сонцы смалой. Паветра было сухое, густое і цягучае. Сосны глуха і працяжна шумелі ўгары, а на засланым ігліцай доле зіхацелі мітуслівыя сонечныя плямы. Пятрусь нячутна ступаў па гэтаму мяккаму, бы ватай падбітаму, долу, і ўспаміны дзяцінства, звязаныя з борам, мроіліся недзе ў яго душы. Але думкі былі аб іншым. Ён увесь час імкнуўся ўявіць сабе, ці далёка ў краіну праніклі ворагі, дзе і як стрымаюць іх, і як цяпер думаюць там пра іх загінуўшы полк. Ад думкі, што вельмі ён затрымаўся ў сваёй дарозе, што марудна нясуць яго ногі, у душы хлопца ўзнікала трывога, і ён паскараў крок.

А бор усё цягнуўся і цягнуўся абапал вузенькай крывой дарожкі, вакол незразумела гаманілі сосны.

Надвячоркам бор прыціх. Аблітыя нізкім сонцам, гарачай меддзю ззялі сасновыя вершаліны, разлапістае высокае сучча іх нерухома вісела ў паветры. Угары яшчэ было відна, а між камлёў у доле згушчаўся змрок. Стулілася рэдкае кустоўе і маладыя сосны, адчуваўся начны халадок. Лес неяк насцярожыўся, прыціх, толькі ўгары, абшукваючы хваёвыя ствалы, насіліся глінянкі — невялічкія жвавыя птушкі, нястомныя працаўнікі бору.

Ад працяглай адзіноты ці мо’ ад гэтай цішыні пад вечар Петруся апанавала нейкая трывожная туга. Дарога ішла ўніз, абапал яе суцэльным шчыльным натоўпам мясціўся хваёвы маладняк, у ім панаваў ужо змрок. Пятрусь спыніўся, чамусьці не адважваючыся ісці далей, нібы менавіта тут чакала яго якая бяда. Ён паслухаў і прыгледзеўся — нідзе не было нічога падазронага. Тады хлопец нясмела пайшоў, тулячыся да аднаго боку дарогі. Гэта, відаць, быў лесагадавальнік, яго маладняк расцягнуўся на шмат кіламетраў, і ў ім хлопца напаткала ноч.

Яна паволі распаўзалася па долу, змрокам ахутвала дрэвы, сівым туманам зацягнула нізіны; неба сцямнела на ўсходзе, і над дарогай загарэлася першая зорка — адзінокая і самотная, як і душа ляснога падарожніка.

Урэшце без усякіх падстаў хлопец адчуў, што ён не павінен ісці далей. Адчуванне небяспекі не праходзіла, і ён звярнуў з пясчанай дарогі ў густы змрок лесу. Ён не ведаў, дзе была тая бяда, ад якой уцякаў ён, але нейкая сіла штурхала і цягнула яго далей і далей у гушчар, у змрок сасняку. Галлё балюча драпала яго рукі, твар, сухія абламаныя сукі, нібы штыкі, упіраліся ў ягоныя грудзі, а ён лез і лез, заплюшчыўшы вочы, з дапамогай рук прасоўваючы наперад сваё цела.

Ягоная барацьба з сасняком у суцэльнай цемры ночы была, відаць, доўгай і адабрала шмат сілы. Урэшце ён вылез на нейкі лужок, у небе было ўжо зусім цёмна і трывожна, маўкліва мітусілася там безліч зор. Адчуваючы праз боты вільготны халадок расы, Пятрусь перайшоў лужок і спыніўся ля кустоўя, не ведаючы, куды падацца далей. Праз галлё паблісквала нешта светлае, ён прыгледзеўся — гэта цякла ручаіна. Тут жа ля алешніку чорнай грудкай цямнеў невялічкі стажок. Пятрусь некаторы час утрапёна глядзеў у хмызняк, услухоўваўся ў наваколле і ўсё выразней адчуваў, што аслабеў дашчэнту і ўжо не можа нікуды падацца адгэтуль. Тады ён хістаючыся дабрыў да стажка і заваліўся пад ім на пахучае хрусткае сена.

Сон, як смерць, згасіў Петрусёвы адчуванні. Хлопец быццам праваліўся ў нейкую цемру нябыту; зніклі, адляцелі ад яго неадчэпныя справы і турботы — і вайна, і бяда, і імкненні. Змораны і змучаны, ён моцна спаў на жорсткім мурагу, абшчапіўшы свае грудзі, дзе муляла дарагая ноша. Над ім угары палахліва і трывожна мігацелі зоры, чорнымі дзівоснымі лапамі адбіваліся ў небе галіны кустоўя, журботна аб нечым безнадзейна сумным журчэла ў ручаіне вада.

Але і ўначы не было спакою стомленай душы. Ледзь толькі ўсталяваўся сон, хлопцу пачалі сніцца трывожныя, страшныя сны.

Не ў стане пазбыцца страху, што ў сне апанаваў яго, Пятрусь неяк устрапянуўся і прачнуўся. Ён падняўся, наўкола была маўклівая цемра, ледзь-ледзь шумела кустоўе. Сэрца моцна стукала ў грудзях, спіна і бок вельмі азяблі ад расы, і хлопца скаланулі дрыжыкі. Спалох, аднак, пакрысе развеяўся, але трывога ўжо моцна завалодала Петрусёвай істотай. I ўсё ж мацней за ўсё іншае зараз быў сон, хутка ён зноў заплюшчыў хлопцавы вочы, і баец, скурчыўшыся ад холаду, зноў паваліўся ў сена.

Невядома, колькі мінула часу, як раптам нехта балюча штурхнуў яго ў бок. Сонны яшчэ Пятрусь хуценька ўсхапіўся і адразу ўбачыў над сабой нейкага чалавека ў чырвонаармейскай форме, з вінтоўкай, у пілотцы — ён штурхаў сержанта ў бок і нешта казаў. Хлопец са сну не разумеў ягоных слоў, але на няголеным твары байца, у яго маркотных вачах убачыў трывогу і хуценька ўскочыў з сена.