Выбрать главу

— От было, хай яе чорт. На сто двое выскачыла, а камбрыга ўзялі. Узялі і павялі, а мы ляжалі, як ёлупы, у бульбе і не ведалі, што і думаць. На Палік тады ішлі. Ведаеце Палік? Возера за Лепелем, некаторыя з нашага атрада базіраваліся там. Двое сутак лазілі па балотах, вымаклі ў вадзе ды расе, сухое ніткі на целе не асталося. Зноў жа — і харч скончыўся. Трэ было запасціся болей, ды ў тых, што заставаліся, таксама не густа было з шамоўкай. Думалі, як-небудзь перахопім.

— А што, многа вас было? — запытаў Брытвін.

— У тым жа і справа, што мала. Трое ўсяго.

— Ну, для траіх — не праблема. У кожнай хаце…

— Ага, гэта здаецца так, у кожнай хаце… Сунуліся ў адну вёску — сабакі такі гвалт узнялі, што прыйшлося ў лес павярнуць. У другой паліцаі вяселле гуляюць, нейкага бобіка жэняць: панаехала, на вуліцах поўна падвод, п’янка — дым каромыслам. Думалі, патрываем, заставалася вёрст трыццаць, каб не зблудзілі. Заблудзіліся, аднак, у балотах, занервавалі, пасварыліся. А тут камарэча жарэ няшчадна, а наўкола то алешнік, то дрыгва, чараты, і сілы ўжо без жратвы пад канец падыходзяць.

Дык, значыць, было нас трое: я, камбрыг Прэабражэнскі і лейтэнант адзін, таксама з кадравых: ад самае граніцы ўсё камбрыга пільнаваўся — ну, быццам за ад’ютанта, хоць сам такі ж радавы ў атрадзе, як і камбрыг гэты. Не дзіва: камбрыг у сваёй танкавай брыгадзе камандзір, а прыбіўся да атрадзіка з пяццю ўцалелымі танкістамі — чужы чалавек. Атрадзік з мясцовых, хоць былі і чырвонаармейцы, акружэнцы, камандзірам Барсук. Во, той самы, што ў Цішкоўскі атрад перадалі ў рэйд. Да вайны быў старшынёй сельсавета. Не глядзі, што ў вайсковай справе ні гу-гу, затое ўсе вёскі яму знаёмыя, а ў вёсках процьма мужыкоў — свае. А што камбрыг без войска? Усёй цаны, што пісталет у кішэні ды граната на дзязе.

Праўда, Прэабражэнскі і не стаў фанабэрыцца, біць на амбіцыю, як некаторыя. Барсук прыняў, запытаўся, якую камбрыг пасаду хоча. А якая пасада ў атрадзе, дзе сорак чалавек? Два ўзводы, узводныя пастаўлены. Начштаба, камісар таксама ўжо ёсць. Прэабражэнскі і кажа: хоць радавым, абы немцаў біць. Так і пайшоў радавым у наша аддзяленне.

Я быў аддзялённы. Паніжэнне, вядома. Бо дзяйствіцельную служыў памкамузводам, старшы сержант быў…

— Вялікая шышка! — Брытвін задаволена азірнуўся на Данілу, шукаючы яго ўвагі.— Я паўгода радавым пабегаў.

— Ну, так, вядома, але не ў тым справа. У мяне такія ваякі сабраліся, што не сорам і аддзялённым пабыць: адзін сакратар райвыканкома, міліцыянер з Полацка, два лейтэнанты і гэты камбрыг, Прэабражэнскі. Спярша думаў — будзе артачьщца, не слухаць. Зноў жа — як мне, па ўзросту ўдвая маладзейшаму, камандаваць ім? Пасля аказалася: ён яшчэ і акадэмію ў Маскве скончыў. Ды нічога, утрэслася. Быў ціхі, маўклівы. Як усім, так і яму. Сам па чарзе і на варце стаяў, і буданы рабіў.

I ўсё ж не раўня нам, маладым, — у гэтым мы хутка пераканаліся. Чалавеку ўжо за пяцьдзесят, як ні пнецца-стараецца, а відаць: сілы не тыя. I задышка, і ногі цяжкаватыя. Пацее дужа. Праўда, ні разу нідзе не паскардзіўся, на хадзе з усяе сілы стараецца не адстаць. I ўсё ж адстае.

Тады яму нешта вельмі кепска было. Казаў (прагаварыўся пасля ўжо, як у лазні ляжалі) — радзікуліт даняў. I праўда — цягне гэтак нагу і моршчыцца ўсё. Твар суровы заўжды, грубы і неяк бы скошаны ў адзін бок — міна такая, як калі баліць што. Тады мы двое, маладзейшыя, і то без ног асталіся, а яму куды ўжо. Адставаць пачаў. Параснічак прайшлі, тры разы спыняліся, бо адстане — згубіцца і прападзе. Лейтэнант ужо ўзяў у яго сумку — болей не дае нічога. «Ніякай паблажкі, кажа. Не нада, кажа, балаваць цела. Кажа, нада яго падчыніць волі. Як навабранца старшыне».

— Правільна. Такі закон арміі. А як жа? — уставіў Брытвін.

— Закон законам, а пад вечар ужо зусім кепска стала. Я і то ледзьве валакуся па пералесках. А тут яшчэ дождж заладзіў. У кустоўі макрэдзь. Пачало змяркацца, выбавіліся на ўзлесак, і тут — вёска. Цераз балацявінку за бульбоўнічкам — хаты, дым сцелецца над мокрымі гародамі,і так варанай бульбачкай пахне!..

— Знаёмая карцінка, — усміхнуўся Брытвін.

— Ну, прысланіўся я да бярозкі, маўчу. Прытопалі камбрыг з лейтэнантам. Лейтэнант быў дужы, спартыўны хлопец, кадравы камандзір, а ужо і ён спахмурнеў. Камбрыг жа датопаў і кажа: «Падажджыце, рабяты!»

Што ж там ждаць? Чалавек, вядома, знясілеў, падбіўся, наперадзе ноч, макрата — чаго дачакаешся? А вёска — вунь яна, і так зманліва дражніцца дымкамі, цяплом, утулкам. Кароўка, помню, зарыкала — мусіць, гаспадыня даіць пайшла. Гляджу на лейтэнанта, той на камбрыга, а камбрыг і кажа: «Пажалуй, рыскнём!»