Выбрать главу

— Да-а, — няпэўна прамовіў Маслакоў і кораценька ўздыхнуў.— Ладна, пачынай, Тоўкач.

4

Пачынаць было не так ужо і цяжка — з гадзіну Сцёпка, мяняючы рукі, нёс каністру. Закінутая лесавая дарожка вілася спярша ў змрочным, замшэлым ельніку, пасля папаўзла нізінай, альховым хмызняком, расцяробамі. Цераз чорны, гразкі тарфянік хлопцы нядоўга абходзілі хлюпкае, з талай вадой балота, на якім у кустоўі нясмела яшчэ зелянелі кволыя зубчыкі вясновай травы.

Яшчэ ў пачатку Сцёпка знарок адстаў, каб не ісці поруч з Брытвіным, якога ён ужо амаль ненавідзеў. Хлопец разумеў, што былы ротны незадаволены ім, бо сумняваўся ў ягоных баявых якасцях, а можа і наогул лічыў няўдакам. У глыбіні душы Сцёпка не мог не адчуваць, што сапраўды ад радасці трохі паспяшаўся з выхадам. Мусіць, трэба было папрасіць у Спірыдзёнка аўтамат або хоць бы закярніць мушку, тады б можа і не было гэтае звягі. Цяпер, разважыўшы, ён не лічыў сябе зусім невінаватым, але і не мог пагадзіцца, каб яму «чытаў мараль» Брытвін, які тут, па сутнасці, такі ж радавы, як і яны ўсе. Калі ўжо на тое пайшло, дык Сцёпка яшчэ стрываў бы мараль ад Маслакова ці ад каго з атраднага начальства, але толькі не ад Брытвіна, якога ён не ведаў, а цяпер ужо і не паважаў зусім. Мала што ён колішні камандзір, але таварыш з яго няварты, гэта ўжо было ясна з самага пачатку. I гэта засмучала, бо ў той справе, на якую яны выпраўляліся, куды важней было мець проста надзейнага таварыша, чым нейкага там звяглівага камандзіра. Камандаваць, уласна кажучы, не было кім — трэ было валачы каністру.

I ён валок яе, ледзьве не пераломваючыся напалам. Бензін нязвыкла смярдзеў, заглушаючы лесавую духмянасць, і з ціхім плёскатам мерна варушыўся ў пасудзіне. Спакваля, аднак, каністра ўсё цяжэла. Сцёпка стаў перабіраць яе ў руках амаль штомінуты, некалькі разоў спыняўся, мяняючыся рукамі, і ўрэшце адстаў. Наперадзе якраз трапіўся неглыбокі, зарослы ляшчыннікам равок, Маслакоў з астатнімі перайшоў па дарожцы на той бок, а Сцёпка спыніўся на ўзроўку і паставіў каністру. Напэўна, трэ было крыкнуць, каб падмянілі, але ён маўчаў: не хацеў пры Брытвіне ні аб чым прасіць — маглі б здагадацца самі. Студзячы ў паветры пякотную далонь, ён толькі глядзеў ім услед і думаў: азірнецца хто ці не? Тыя адзін за адным лезлі па схіле ўгору, і толькі выкараскаўшыся з рова, Маслакоў гукнуў яго. Сцёпка не азваўся, а з затоенай крыўдай сеў ля каністры. Яны за ровам таксама паселі — ніхто не ішоў сюды. Тады ён устаў і, узяўшы каністру, памалу сышоў у роў.

Ён думаў, што яны дачакаюцца яго і пойдуць, аднак яны не ўставалі. Акрай дарогі з заклапочаным выглядам сядзеў Брытвін, ля яго пераабуваўся Маслакоў. Даніла, засцярожліва хапаючыся за сучча, палез да ручая напіцца. Занятый размовай, яны не звярнулі на хлопца ніякай увагі.

— Раку над Круглянамі ведаеш? — казаў Маслакоў, пераабуваючыся.

— Ну.

— Дык вось там.

— Доўгі той? Драўляны?

— Ён самы.

— Наўрад ці што выйдзе, — падумаўшы, сказаў Брытвін, па сваёй звычцы пазіраючы ў дол. — Там ахова.

Сцёпка сцяміў, што размова датычыла іх задання, і спадылба пільна пазіраў то на Брытвіна, то на камандзіра. Маслакоў, падчапіўшы наском, сцягнуў другі бот, двума дакладнымі рухамі загарнуў скарэлую анучу.

— Аховы няма. Учора прыйшоў Галёнкін з разведкі. На мосце пуста.

Насунуўшы бот, Маслакоў мякка прытупнуў ім па імшарыстым доле.

Сцёпка адразу ж здагадаўся пра сэнс іхняга задання, і яму стала зразумела, што спаліць мост, мусіць, будзе нялёгка. Калі нават і няма аховы. Там за логам — мястэчка з паліцыяй, адкуль гэты мост відзён як на далоні. Але цяпер сваім пярэчаннем хлопец не хацеў падтрымліваць Брытвіна і маўчаў.

— Удзень можа і няма. А ўночы? — сказаў Брытвін.

— А нашто ўночы? Мы ўдзень і падпалім.

— Пад носам у бобікаў?

— А што? Дрэва сухое — пыхне што порах! Толькі б бензіну болей, — бадзёра пацвердзіў Маслакоў і паглядзеў на Сцяпана. — Тоўкач, давай драгунку.

Хлопец падаў вінтоўку, камандзір дастаў фінку і чаранком пачаў ціхенька кляпаць над мушкай.

— Уся справа ў тым, як абмазгована. А абмазгаваў ты няважна. Хітрасці няма, — незадаволена зазначыў Брытвін.

— Якой хітрасці?

— Такой, каб сказаў — і адразу паверылі, што ўдасца.

— Хітрасць, хітрасць! Тут наважыцца трэба. Чым раптоўней, тым лепш.