Выбрать главу

— А што?

— Ды гэты… Брытвін!

— Нічога, — сказаў Маслакоў, памаўчаўшы. — Не звяртай увагі. Звяглівы… Затое галавасты.

Усе па разу яны прынеслі дзесятак дзярнін, і Маслакоў якколечы аблажыў магілку.

Атрымалася зусім няблага — не горш, чым на могілках.

— Ну, во і паправілі. Харошыя ж хлопцы былі,— зморана ўздыхнуў Маслакоў.

Брытвін паморшчыўся:

— На ўсіх не напапраўляешся. Часу не хопіць.

— Колькі таго часу: паўгадзіны.

— Бывае, што і паўхвіліны важна. Асабліва на вайне, — разважліва сказаў Брытвін, выціраючы аб шынель далоні. Сцёпка незнарок зірнуў на яго рукі — не, яны былі даволі спрацаваныя: шырокія, з учэпістымі вузлаватымі пальцамі і тоўстымі кіпцямі. Ужо без нядаўняе пагарды хлопец падумаў, што, мабыць, ён перабольшыў, надта вызвяраючыся на гэтага чалавека. Але ўсё роўна прыкрасць на яго яшчэ не міналася.

Брытвін, між тым, паправіў на плячы сваю СВТ з аблезлаю ложай і, зрабіўшы крок, азірнуўся.

— На дыверсіях час — золата. Што-што, а гэта я ведаю. Дванаццаць паяздоў рота фуганула. Вунь ад Клепікаў да Замошша пад насыпам скрозь мая работа.

— Пад насыпам — гэта старо, — сказаў Маслакоў.—Што пад насып пускаць! У выемках трэба.

Брытвін, нібы перапыняючы яго, варухнуў далонню.

— Нічога. I так няблага.

Маслакоў з ім не спрачаўся, ён угрэўся і, зняўшы з ватоўкі дзягу, падперазаў ёю гімнасцёрку. Сцёпка спадылба пазіраў на Брытвіна і думаў: «Знайшоў чым выхваляцца: яго работа! У тым атрадзе яшчэ зімою было загадана дыверсіі на чыгунцы наладжваць толькі ў выемках, бо спушчаныя пад адхон паязды затрымлівалі рух не болей як на паўдня».

— А наконт магілы, — сказаў Брытвін да Маслакова, — можна было б дзядзькам наказаць. Прывялі б у парадак як найлепш. I яшчэ далажылі б.

Яны падышлі да каністры, якую цяпер Даніла прыкметна не спяшаўся браць з долу, і Брытвін, мабыць, зразумеў, што настала яго чарга.

— Нязручна ж. Як вы яе неслі? — здзівіўся ён, прыўзнімаючы пасудзіну. Ён зноў паставіў яе, акінуў наваколле позіркам і, адышоўшыся, прынёс крываваты яловы сук, прадзеў праз ручкі каністры. — Ось так будзе лепш. А ну, бярыся, хлопец!

Гэта было сказана да Сцяпана, але той не крануўся нават: няма дурных, ён свае аднёс. Хай бярэцца Даніла.

— Ваша чарга. Ну і нясіце.

— От дзівак! — бяскрыўдна ўхмыльнуўся Брытвін. — Ты паспрабуй.

Але Сцёпка не хацеў і спрабаваць нават, і тады за канец палкі ўзяўся Маслакоў. Праўда, хутка стала відаць, што камандзіру несці надта нязручна: спаўзаў аўтамат з пляча; левай рукой Маслакоў упраўляўся засцярожліва — мусіць, яшчэ балела. Тады наперад выйшаў Даніла.

— Дайце!

— Што, у другую змену? Калі ласка, — усміхнуўся Маслакоў і аддаў палку.

Даніла і Брытвін хутка пайшлі па схіле пагорка ўніз, з імі поруч сігаў камандзір.

Але як толькі сунуліся з лесу, ледзь не наткнуліся на вёску: недалёка за гародамі шарэлі дахі з комінамі, хлеўчукі, на выгане пасвіліся гусі, і некалькі хлапчанят капалася пад плотам. Крыху паўзіраўшыся праз рэдкі яшчэ хмызняк, Маслакоў крута павярнуў убок, у алешнік. Алешнікам яны ішлі доўга, пакуль не ўзбіліся на нейкую перакапаную кратамі сцяжыну, якая вывела іх да ручая на лужку. Ручай перайшлі па дзвюх хлюпасткіх жардзінах-кладках. Неўзабаве зноў трапілі на палявую дарожку, што вяла да густой сцяны пахмурага ельніку. Думалі адразу зашыцца ў яго, але дарога з вярсту кіравала па-над узлескам, акрай поля, якое заўзята зелянела густымі лапікамі вясновае руні. Вайна вайною, а сялянская душа без зямлі не магла: і сеялі, і аралі, і жалі. Што ж, жыць трэба было, каму хацелася прападаць, ды яшчэ з голаду. Маслакоў усё цікаваў па баках, часам азіраўся — Брытвін далёка не адставаў ад яго, жылісты, рукасты Даніла цягавіта тупаў у сваіх растаптаных, ды лёгкіх, аднак, на хадзе лапцях. Адзін толькі Сцяпан марудна валокся апошні: ён прытаміўся, на назе муляла ануча, у намочаных на балоце ботах надакучліва чвякала.

Урэшце дарога зноў павярнула ў лес, пад абвіслыя яловыя шаты, і ва ўсіх павальнела на душы: лес быў саюзнік, ахоўнік. Лес быў абаронца.

— Ну, болей вёсак не будзе, — уздыхнуў Маслакоў.— Загараны спалены. Каўшы хутарскія лесам абыдзем.

— Прохвішчы яшчэ, — глухім і нізкім, як з бочкі, голасам азваўся ззаду Даніла.

— Прохвішчы застануцца ў баку. За рэчкай.

— За рэчкай, ага. Пляменніца там замужам.

Гэта быў пэўны намёк, які таіў у сабе немалую спакусу. Калі ў каго ў вёсцы надараліся знаёмыя, ды яшчэ радня, гэта азначала шмат што, і не для аднаго толькі ляснога родзіча. Маслакоў, канечне, разумеў гэта не горш за іншых і, мабыць, таму хвіліну маўчаў, штосьці прыкідваючы.