Выбрать главу

Агееў, падобна было, нібы кудысь праваліўся ад здзіўлення, пачуўшы такое, і зноў вынырнуў, уражаны сэнсам сказанага.

— Якая дзяўчына? — прахрыпеў ён.

— А хто ж яе ведае? Незнаёмая. Я яе ў вочы ніколі не бачыў, а яны кажуць: звязаны. Ды ні з кім я не звязаны.

«Марыя! Гэта Марыя!» — пранеслася ў свядомасці Агеева. Во як яна папалася! Бедная, няшчасная дзяўчынка!.. Ён быў збянтэжаны ад тых слоў счэпшчыка, які, мабыць, не падазраваў нават, як растрывожыў яго сваім паведамленнем. Але Агееў маўчаў, не ведаючы, як трэба паводзіць сябе перад гэтым Зылем. Ды і хто ён такі, ці не падсаджаны сюды паліцай? І ў той жа час вельмі хацелася дапытацца ў яго падрабязней, можа б, ён болей расказаў пра Марыю.

— Піць… Дзядзька, папрасі ў іх вады, — прастагнаў другі ў доле, і ў яго кволых словах Агееву зноў пачуліся знаёмыя інтанацыі. Хутка пра штось здагадаўшыся, ён запытаўся амаль спалохана:

— А гэта хто з вамі?

— Гэта Пеця, старэйшы Кіслякова сынок. Плямяш мой. Яны ж яго тожа… Два тыдні тут во мутузяць…

«Божа мой, дык гэта ж Кіслякоў! Ну во, а я столькі часу дабіваўся з ім сувязі, чакаў яго кожную ноч. А Кіслякоў во дзе! І ўжо два тыдні…»

Прыўстаўшы на локці, Агееў бокам падаўся туды, цягнучы за сабой нягнуткую левую нагу, рукамі намацаў на саломе нерухомае цела.

— Кіслякоў, ты?.. Гэта я, Агееў, што ў Бараноўскай…

— Я ведаю… Толькі… Кепска мне дужа, — ледзь чутна прастагнаў Кіслякоў.

І Зыль растлумачыў:

— Яны яго так знявечылі… Жывога месцейка не пакінулі.

— Паліцыя ці немцы?

— Спярша паліцыя. Пасля немцы, — прастагнаў Кіслякоў. — Усё дабіваліся…

— Чаго дабіваліся? — насцярожыўся Агееў.

— Рознага. І пра вас…

— Ну, а ты ж стрываў? Не сказаў?

— Як стрываеш? Калі б адразу памёр, а то… — прастагнаў Кіслякоў і сціх.

— Да-а, — выдыхнуў з сябе Агееў.

Штосьці ў іх справах прымала іншы, яшчэ больш кепскі характар. Хаця, здавалася б, што магло быць горш для іх, асуджаных на хуткую пагібель, калі ўжо не мілы стаў увесь белы свет і сваё знявечанае цела, і ўсё іх няўдалае жыццё. Але ж во і яшчэ рабілася горш. Агееў ведаў, што сам стрывае ўсё, не запэцкаўшы нічыйго сумлення, але бяда ў тым, што ён адпраўляўся на той свет не адзін, а з іншымі, і гэтым іншым, можа так здарыцца, перапала болей. Во Кіслякоў і не вытрымаў, штось выдаў паліцыі або немцам, і на душы ў Агеева зусім спахмурнела. Ад чаго толькі не залежыць яна, гэтая тонкая і далікатная штуковіна — сумленне, як яе цяжка зберагчы, каб не збэсціць. Ды яшчэ на гэткай вайне.

— Яны яго катавалі, бы звяры, — сказаў Зыль. — Пальцы ў дзвярах раструшчвалі. А пасля, знаеце, калі ён упаў… Ну, палавы орган абцасам раструшчылі. Начальнік іх… Бедны пляменнічак! — бядотным голасам скончыў Зыль.

«Чорт вазьмі! — бязрадасна, аднак, падумаў Агееў. — Значыцца, мне шчэ пашэнціла. Можа, таму, што нядаўна ўзялі? Ці што хутка перадалі ў СД? Ці Драздзенка сцяміў, што не на таго напаў? Ці мае ўлікі былі ўсе ў наяўнасці і яму іх хапіла, каб падвесці мяне пад расстрэл? А Кіслякоў?..»

— Зыль, а вы пасля тую дзяўчыну не бачылі? — запытаўся Агееў і сцяўся, чакаючы адказу.

— Бачыў. Вочную стаўку рабілі з ёй. Але што я скажу? Я першы раз убачыў на пераездзе. Яна мяне тожа.

— Ну, а пасля? Што з ёй?

— Дык невядома. Можа, перадалі немцам? А можа, застрэлілі…

— А вас што — не білі? — раптам падумаўшы пра іншае, запытаўся Агееў, і Зыль з гатоўнасцю адказаў:

— Білі! І, ведаеце, знаёмыя паліцаі. Але што я скажу? Я ж нічога не ведаю.

Хвалюючыся, Агееў не мог сцяміць, як яму паводзіць сябе з гэтым гаваркім Зылем, ці варта давяраць яму. Шчырасць яго падабалася, але… Яна магла быць і фальшывай, гэтая яго шчырасць. Вельмі карцела пагутарыць з Кісляковам, каб хоць даведацца, за што яго ўзялі. Але прысутнасць гэтага Зыля ўвесь час стрымлівала яго. Абапёршыся на руку, Агееў сядзеў каля распластанага на саломе Кіслякова і не ведаў, як загаварыць з ім. І ці можна было з ім загаварыць наогул? Хлопец быў у гарачцы, гэта адчувалася нават у цемры, ліхаманкавае дыханне яго часам зусім знікала.

— Усё ж трэба папрасіць вады, — сказаў Агееў. — Вы пастукайце там.

Аднак не паспеў Зыль падняцца, каб падысці да дзвярэй, як зводдаль у сутарэнні пачуліся крыкі, валтузня, якія хутка набліжаліся да іх камеры.

— Не штурхай! Не штурхай, падлюга! Я цябе так штурхану!..

— Ідзі, ідзі!..

Агееў прыслухаўся і зразумеў, што гэта Малаковіч — яго гучны камандзірскі голас гучаў тут злосна і рашуча. Калі дзверы адчыніліся, у святле ліхтара з калідора ён убачыў на парозе свайго франтавога сябра, Малаковіч быў амаль голы па пояс, цела яго пакрывала разадраная на грудзях сіняя майка, адрослыя космы валасоў на галаве бязладна тырчалі ў бакі, на твары чарнела некалькі сінякоў — слядоў ад удараў. Але дух у гэтага ўзводнага, падобна, заставаўся нязломны — Малаковіч злосна лаяўся: