Выбрать главу

Вось ці даваў толькі?

Часам, успамінаючы перажытае, Агееў не пазнаваў сябе цяперашняга, так мала ў ягоным характары засталося ад маладога Агеева. Часам можна было падумаць, што той даўні Агееў знік, перарадзіўся, падмяніўся іншым чалавекам, які не мае нічога агульнага са сваім саракагадовай даўнасці папярэднікам. Зразумела, ён пастарэў, пражыў нялёгкае жыццё, што было справай звычайнай і што ён выдатна назіраў на прыкладзе іншых. Да таго ж ён бачыў, як няўхільна мяняўся характар часу, знікаў без следу аскетычны рыгарызм нядаўніх яшчэ гадоў і неўпрыкмет, але ўладарна ў жыцці запаноўвала спаважная цвярозасць разліку, дух узаемнай цярпімасці. Але ці да лепшага гэтыя перамены ў жыцці, ён зразумець не мог. Не ў прыклад іншым, ён даўно ўжо не прымерваў свайго мінулага да пакалення сваіх нашчадкаў, яму хапала роздуму пра сябе самога і сваіх даўно ўжо не маладых аднагодкаў. Часам ён быў не ў стане ўявіць, як бы аднёсся да яго цяперашняга той даўні Агееў, які ледзьве не скончыў свой кароценькі шлях у гэтым пакінутым ім сёння кар’еры. У той час, як ранейшы Агееў быў пазбаўлены магчымасці судзіць яго цяперашняга, сам ён тысячы разоў на ўсё лады даследаваў і судзіў Агеева даўняга. Гэта было задоўжанае і малапрыемнае для абодвух следства, хаця строгі суддзя быў бясстрасны і мудры той непадкупнай мудрасцю, якая спасцігаецца толькі з вышыні пражытых гадоў. Часам дзівячыся, а часам абураючыся бязмозглаю недарэчнасцю ўчынкаў свайго абвінавачанага, мінаючы некаторыя старыя ісціны, што ўжо выйшлі ў тыраж, гэты суддзя паступова пачаў арыентавацца на сапраўдны кодэкс пастаянных каштоўнасцей, першае месца сярод якіх ён адводзіў самацэннасці самога жыцця. У тым ліку і таго, якім ён некалі так легкадумна распарадзіўся ў гэтым пасёлку. Зрэшты, як і сваім таксама…

У калідоры за тонкімі дзвярамі нумара чуліся таропкія крокі жыльцоў, бесцырымонна перагукваліся спаважныя пакаёўкі, аднойчы ўварваліся шум, смех і гамана маладых людзей — прыслухаўшыся, Агееў зразумеў, што гэта спартсмены.

Праўда, яны хутка зніклі — на трэніроўкі ці на абед у сталовую, у гасцініцы запанавала цішыня, і ён заснуў ці задрамаў, як толькі крыху выраўнялася сэрца.

Прачнуўся ад нязвыклай трывожнай цішы, расплюшчыў вочы і не адразу сцяміў, дзе ён. Было зусім цёмна, за прыштораным акном ляжала летняя ноч, праз шчыліну каля дзвярэй прабівалася тоненькая палоска святла ад лямпачкі з калідора. Аднекуль здалёк, з ускраіны пасёлка, далятаў ледзь чутны сабачы брэх, а наогул было маркотна і ціха. Неўзабаве, аднак, у гэтай душнай, гнятлівай цішы ён улавіў знаёмыя гукі рухавіка, якія спярша ўстрывожылі яго, а пасля жаданай міратворнасцю ляглі на яго душу, як толькі ён зразумеў, што гэта — бульдозеры. Яны працавалі і ноччу, закопвалі кар’ер — кар’ер яго памяці, раўнялі абрывы ягоных трывог, выбоіны яго памылак, назаўжды сціраючы іх з ягонага жыцця і яго перабольшанага ўяўлення. Зацяўшы дыханне, Агееў услухаўся ў захлюбісты грукат дызеляў, і яму зрабілася нясцерпна шкада чагосьці, што заставалася ў беззваротным мінулым, — можа, сябе і сваёй скрываўленай маладосці, можа, даўно нежывых, расстраляных, забітых, закатаваных у фашысцкіх засценках таварышаў.