Выбрать главу

Усвядоміўшы глыбіню сваёй бяды, ездавы зразумеў, што ёсць у ім нешта мацнейшае за звычайную чалавечую смерць. Пачуццё салдата паступова, але рашуча пачало браць верх, заглушыўшы ўсё іншае, асабістае, якое цяпер выявілася ў ім самым благім чынам.

Усё настойлівей з’яўлялася жаданне дзейнічаць, яно хутка аформілася ў намер і стала непахісным. І хоць вялікі быў яшчэ маральны боль, але на сэрцы ўжо палягчэла, і памалу пачало ўзнаўляцца ранейшае адчуванне злосці. Гэта вярнула сілы, і баец хутка ўзняўся, падхапіўшы вінтоўку.

Дзіўна нават было, адкуль узялося ў Максіма гэтулькі энергіі і спрыту, калі ён пусціўся наўздагон ворагам. Каржакаваты і нязграбны, ён шпаркім крокам сігаў па полі, то прыгінаючыся да зямлі, каб лепш бачыць наперадзе, то намагаючыся ступаць як мага хутчэй і цішэй. У гэтыя хвіліны ездавы ні аб чым не думаў і нічога не адчуваў, апрача ўпартага жадання дагнаць праціўніка.

Невядома, ці доўга ён гнаўся, як пашанцавала яму не збіцца з кірунку, але нарэшце ўбачыў Максім знаёмы сілуэт сваёй фурманкі з няпрошанымі седакамі на перадку. Тады ездавы, на колькі быў здольны, узброіўся хітрасцю і асцярогай, нячутна зайшоў збоку і на хаду прыблізіўся да ворагаў. Яго выстаўленая наперад вінтоўка амаль кранала бліжняга немца. У грудзях моцна білася сэрца, здавалася, вось — вось гучна вырвецца сцятае дыханне і ўсё загіне. Немаладыя ўжо сілы байца падыходзілі к канцу.

Грымотны стрэл рускай трохлінейкі аглушыў усіх — і ворагаў, і Максіма. Крайні немец неяк бясшумна знік пад фурманкай, а другога Максім, дранцвеючы ад жаху, з усяе апошняй сілы выцяў вінтоўкай па галаве.

Далей усё пайшло з нейкім шалёным імпэтам. Максім, падхапіўшы лейцы, вялікім паўколам завярнуў фурманку і дзікім, несваім голасам гікнуў на коней. Ім, напэўна, перадалася ўзрушанасць гаспадара, бо без пугі і новых крыкаў яны так паімчаліся ў цемры, што Максім, паўмёртвы ад перажытага, з вялікім намаганнем трымаўся на возе, які цяжка кідаўся з боку ў бок, грукацеў і падскакваў. Баец зусім не ведаў, куды кіраваць, і ў выбары напрамку цалкам даверыўся коням. І коні імчалі без супынку, наўскасяк мяжыстых палосак шархатлівай збажыны, па глухой мякаці бульбянішчаў, пераехалі неглыбокі высахлы раўчук, асакаватую балацявінку і, нарэшце, непадалёку ад змрочнага лесу выбіліся на нейкую дарогу.

Максім тады спыніў фурманку, прыслухаўся і на поўныя грудзі ўдыхнуў пасвяжэлага падранак паветра. У правым вуху, нібы парваная струна, тоненька звінела ад стрэлу, ва ўсім целе, схаладзелым ад ліпкага поту, з’явілася млявасць, як пасля цяжкай шматгадзіннай працы.

Пачынаўся досвітак. Змрок парадзеў, на ўсходзе святлела неба, гасячы зоры. Наперадзе ля лесу пачуліся галасы, іх адразу пазнаў Максім — то былі свае.

Толькі тады раптоўна неяк зразумеў ездавы, якой вялікай бяды пашанцавала яму пазбыцца ўначы і як пакутліва далася яму маленькая перамога. Ён парадаваўся яшчэ, што ўсе жахі тыя засталіся ззаду, і, хутка губляючы сілы, моцна захацеў спаць. Мабыць, упершыню так выразна адчуў чалавек, што шмат ужо год за плячыма, а за гэтую ноч прыбавілася яшчэ, — бадай, з дзесяць.

1951 г.

Страта

— Матузка, а Матузка! Аглух ты, цi што?

Над шэрай кучай зямлi пад плотам перасталi ўзлятаць угору дробныя камякi i паказалася аблезлая пiлотка i кiрпаты, апечаны сонцам твар.

— Лейтэнант клiча, не чуеш? — сказаў вусаты баец Пiлiпчук, якi, пазвоньваючы медалямі, акопваўся побач.

Матузка зірнуў убок дарогi з вербнымi прысадамi, дзе, высунуўшыся з канавы, нешта махаў яму iх камандзір.

— Матузка!! — гукаў лейтэнант. — Бягом за вёску, перадай Галкiну, каб у лес цераз лагчыну не пусцiў нiводнага фашыста. Сам пакуль што застанешся з iм. Давай хутчэй!

Калi загадана — трэба бегчы. Баец пашкадаваў крыху свайго ўтульнага сховiшча, але што зробiш? Прыхапiўшы вiнтоўку, ён спрытна выскачыў з акопчыка i, шмыгнуўшы пад жэрдку паламанага плота, апынуўся ў агародзе.

Летняе сонца ў бясхмарным небе ўжо з ранiцы набрала сiлу i моцна палiла прастор. Вялае бацвiнне, не ачуняўшы за кароткую ноч, бяссiльна ляжала на сухой зямлi; жоўклi i курчылiся на градах агурковыя калiвы. Капуста i тая згарнула абмяклае лiсце i зморшчылася, нiбы пастарэўшы да часу. Шморгаючы ў агароднiне загнутымi наскамi стаптаных ботаў, Матузка бег мiж градак i не азiраўся назад, дзе над выганам паспешлiва акопвалiся яго таварышы — байцы паходнай заставы, уранку напаткаўшай ворага.

Знарок дзеля маскiроўкi баец трымаўся гумнаў i агародаў, i хутка яму трапiлася сцяжынка, якая вiлася ля саду. Цераз паркан на абцяжараных галiнах звiсалi буйныя, яшчэ недаспелыя яблыкi, хлопец, па-дзiцячаму азiрнуўшыся, на бягу сарваў адзiн i памчаў далей. Рухавасцi ў яго хапала, хутка неслi ногi, i заўзята, без роздуму, сiгаў ён цераз высокiя платы i драцяныя загароды. Першае самастойнае баявое заданне было прычынай яго незвычайнай энергii i спрыту. Хоць Матузка i не першы дзень на вайне, але неяк здаралася, што яму не давялося трапiць у бой: усё выпадаў рэзерв або марш цi другi эшалон. Толькi вось сёння, здаецца, будзе нешта сур’ёзнае.